viasna on patreon

Суд вызваліў выдаўца «Борисовских новостей» ад выплаты буйной сумы

2009 2009-02-24T13:01:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

23 лютага Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў рашэнне суда першай інстанцыі спагнаць з выдаўца недзяржаўнай газеты «Борисовские новости» больш за 48 мільёнаў рублёў. Тым не менш, гандлёвую дзейнасць прадпрыемства пакуль не можа аднавіць.

 

23 лютага Вышэйшы гаспадарчы суд разгледзеў касацыйную скаргу прыватнага унітарнага прадпрыемства «Букас медиа-центр» (выдаўца недзяржаўнай газеты «Борисовские новости») і адмяніў рашэнне Мінскага абласнога суда — спагнаць з прадпрыемства больш за 48 мільёнаў рублёў на карысць дзяржавы. Вытворчасць па справе спынена, таму рашэнне можна лічыць канчатковым.

 

«Фактычна гэта азначае, што прадпрыемства прызналі невінаватым, яно не павінна выплачваць штраф, а яго прыбытак не будзе канфіскаваны», — патлумачыў прэс-службе ГА «БАЖ» юрыст Сяргей Зікрацкі, які прадстаўляў інтарэсы «Букас медиа-центр» у судзе.

 

Нагадаем: 13 студзеня Гаспадарчы суд Мінскай вобласці прызнаў прадпрыемства вінаватым у «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 12.7 КоАП) і пастанавіў спагнаць з яго больш за 48 мільёнаў рублёў на карысць дзяржавы.

 

Рашэнне было вынесена на падставе пратакола, складзенага ў снежні падаткавымі інспектарамі Барысаўскага раёна. У лістападзе 2008 года падчас праверкі на Барысаўскім рынку, дзе размешчана гандлёвая кропка «Букас медиа-центр», падаткавікі зафіксавалі парушэнне — раздробны гандаль друкаванай прадукцыяй без указання ў ліцэнзіі месцазнаходжання «гандлёвага аб’екта».

 

Між тым, як патлумачыў прэс-службе ГА «БАЖ» кіраўнік прадпрыемства і галоўны рэдактар «Борисовских новостей» Анатоль Букас, яго гандлёвы пункт на рынку паводле дакументаў лічыцца не «гандлёвым аб’ектам», а толькі «гандлёвым месцам», бо з’яўляецца часткай агульнай забудовы. Розніца ў тым, што гэты статус якраз не абавязвае ўказваць у ліцэнзіі месцазнаходжанне гандлёвага пункта.

 

Анатоль Букас спрабаваў аспрэчыць прэтэнзіі падаткавікоў у судзе, аднак у той раз рашэнне было вынесена не на яго карысць.

 

Тым не менш, ліцэнзію на раздробны гандаль прадпрыемству пакуль не вярнулі. Яе ануляваў Барысаўскі гарвыканкам на падставе той жа падаткавай праверкі. Гэтае рашэнне гарвыканкама таксама абскарджвалася ў судзе і было прыпынена да моманту заканчэння судовага разбіральніцтва па спагнанні грошай. Зараз — пасля рашэння Вышэйшага гаспадарчага суда — справа павінна быць адноўлена. «Толькі пасля яе канчатковага завяршэння мы зможам смела казаць, што можна гандляваць далей», — патлумачыў Сяргей Зікрацкі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства