«Бобруйский курьер» - пад пільнай увагай Мінінфармацыі

2009 2009-02-23T11:05:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bk.jpg

Міністэрства інфармацыі абяцае «ўжыць захады» ў дачыненні да рэдакцыі недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер», калі тая «працягне парушаць заканадаўства».

 

Пра гэта гаворыцца ў лісце Мінінфармацыі, які рэдакцыя атрымала 18 лютага. Нагодай для звароту стала скарга з Бабруйскага гарвыканкама, які палічыў, што газета «неабгрунтавана фарміруе негатыўнае меркаванне пра дзейнасць улады» і зневажае гонар і годнасць супрацоўнікаў міліцыі.

 

Гарадскіх чыноўнікаў пакрыўдзіў артыкул «Народ — тракторы „Беларусь“ — 1:1» (нумар «БК» ад 8 студзеня), у якім, на іх думку, утрымліваюцца «непраўдзівыя звесткі пра мерапрыемства гарвыканкама па ўборцы гарадской тэрыторыі».

 

У нататцы распавядалася пра тое, як мясцовыя камунальныя службы ўвечары 1 студзеня з мэтай уборкі тэрыторыі пры дапамозе некалькіх дзесяткаў міліцыянтаў выціснулі з цэнтральнай плошчы Бабруйска гараджан, што святкавалі Новы год. У артыкуле прыводзіліся выказванні праваабароцаў і грамадскіх актывістаў, якія крытыкавалі дзеянні ўладаў.

 

Першая намесніца міністра Лілія Ананіч, якая падпісала ліст, лічыць, што ў нататцы «факты скажоныя, зробленыя прэтэнцыёзныя высновы, якія зневажаюць гонар і годнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў», а сама публікацыя «неабгрунтавана фарміруе негатыўнае меркаванне пра дзейнасць улады».

 

Міністэрства нагадвае таксама, што цягам года «Бобруйский курьер» ужо атрымліваў папярэджанне ў сувязі з публікацыяй непраўдзівых звестак, і звяртае ўвагу, што «ў выпадку працягу парушэння заканадаўства» да выдання будуць ужытыя захады адпаведна з законам «Аб СМІ».

 

«Гэта ўжо не першы выпадак, калі Бабруйскі гарвыканкам скардзіцца на нашу газету ў Мінінфармацыі, — заўважаюць у рэдакцыі «БК». — Складваецца ўражанне, што мясцовыя ўлады лічаць патрэбным скардзіцца на кожны крытычны матэрыял на іх адрас. Між тым, ёсць і фота-, і відэаздымкі, якія пацвярджаюць выкладзеныя ў нататцы звесткі. Таксама пра гэтую „ўборку плошчы“ распавядалі і іншыя СМІ».

 

 «Наступствы падобных скаргаў сталі больш небяспечнымі для выданняў - нагадвае намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. - Пасля вынясення папярэджання выданне апынецца пад пагрозай закрыцця ў выпадку любой наступнай памылкі, нават самай нязначнай». (Паводле арт. 51 Закона, выпуск СМІ можа быць спынены ў выпадку атрымання двух папярэджанняў, вынесеных Міністэрствам інфармацыі альбо пракуратурай на працягу года, незалежна ад цяжкасці парушэнняў, якія сталі падставай для папярэджання»).

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства