viasna on patreon

Газета «Новы час» стала лаўрэатам прэміі фонда “Цайт”

2009 2009-02-20T11:53:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/novy_chas.jpg

Недзяржаўная беларуская газета «Новы час» выбраная лаўрэатам міжнароднай прэміі імя Герда Буцэрыуса «Маладая прэса Усходняй Еўропы — 2009» (прэміі фонда Цайт).

 

Па інфармацыі Радыё «Свабода», сярод тых, хто вылучыў «Новы час» на прэмію, быў намеснік міністра замежных спраў Нямеччыны Гернот Эрлер.(Па інфармацыі ГА"БАЖ», за выданне хадайнічаў таксама Саюз беларускіх пісьменнікаў)­.

 

«Усяго журы разгледзела 46 прапаноў. У выніку лаўрэатамі названыя тры выданні і чацвёра журналістаў — з Беларусі, Расіі, Грузіі, Арменіі і Азербайджану», — паведамляе Радыё „Свабода“.

 

Прэс-служба ГА «БАЖ» павіншавала шэф-рэдактара выдання Аляксея Караля з узнагародай.

 

«Гэта вялікі гонар, што абралі нас, але і адказнасць, — зазначыў у гутарцы сп. Кароль. — Мы спадзяемся, што забяспечвалі добрую якасць працы ў сённяшніх складаных умовах, як і ўсе незалежныя газеты Беларусі. Паколькі гэта не першая прэмія імя Буцэрыуса беларускім СМІ, то вельмі прыемна аказацца ў такой добрай кампаніі».

 

Прэмію Цайта з беларускіх СМІ дагэтуль атрымлівалі: «Газета Слонімская», «Ежедневник», інфармагенцтва БелаПАН, «Белорусская деловая газета», «Салідарнасць», «Белорусский рынок», «Народная воля», «Свободные новости», «Наша Ніва», «Брестский курьер», «Витебский курьер-М», «Intex-press», «CDmag», Святлана Калінкіна, Мікола Маркевіч, Ася Трацюк.

 

Прэмія будзе ўручаная 3 чэрвеня ў Нобелеўскім інстытуце ў Осла. Нагадаем, што ў 2008 годзе Аляксей Кароль таксама атрымаў міжнародную ўзнагароду імя Найта (Knight International Journalism award) ад Міжнароднага цэнтра журналістаў.

 

Прэмія «Маладая прэса Усходняй Еўропы» была заснаваная ў 1999 годзе нямецкім фондам «Zeit». Заснавальнік гэтага фонду — Герд Буцэрыус, вядомы выдавец, юрыст, палітык, які выступаў за свабоду слова. Праграма накіравана на выданні Беларусі, Украіны, Грузіі, Расіі і паўднёвага Каўказа.

 

Нагадаем, што Рада ГА «БАЖ» вылучала на атрыманне сёлетняй прэміі Цайта інтэрнет-рэсурс «Заўтра тваёй краіны» і журналістку інтэрнет-газеты «Салідарнасць» Алену Якжык.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства