Сёння кожная сёмая беларуская сям’я не мае аніякіх рэзерваў

2009 2009-02-19T13:48:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kryzis.jpg


Падчас правядзення “Круглага стала” пад назвай “Аб магчымых наступствах сусветнага фінансавага крызіса для Беларусі” беларускія эканамісты, палітолагі і прадстаўнікі дэмакратычнага грамадства распавялі пра тое, што чакае беларусаў у бліжэйшы час.

“Гэты крызіс не ў нас пачаўся і не ў нас закончыцца, - кажа дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў Віталь Сяліцкі. – Але, калі здараецца нейкая непрыемнасць, каб зразумець, што з ёй рабіць, трэба спачатку зразумець, што адбываецца. Каб лячыць не абстрактную хваробу, а канкрэтную. Трэба ведаць, якіх межаў можа дасягнуць хвароба, бо інфармацыя кожны дзень змяняецца. Напрыклад, стала вядома, што апошнім часам тэмпы эканамічнага развіцця ў Беларусі замарудзіліся. Што многія расійскія інвестыцыйныя праграмы ў адносінах да Беларусі спыніліся. Сёння мы даведваемся аб масавым беспрацоўі. Прадпрыемствы быццам бы і працуюць, але на склад. Гэта вынік нашай дзяржаўнай эканомікі. І што будзе далей – нікому нявядома».

- У 2007 годзе мы мелі 47 працэнтаў бедных, - больш канкрэтна распавядае карэспандэнту Euramost.org эканаміст Міхаіл Залескі. - Пасля быў добры перыяд, і ў нас стала прыкладна толькі 20 працэнтаў такіх людзей. А зараз усё пачало адкручвацца назад. Кожная сёмая сям’я не мае ніякіх рэзерваў.

- Адным словам, бязрадасныя сацыяльныя наступствы…
- Зараз працоўныя застаюцца без работы. Ёсць яшчэ пенсіянеры, якія працуюць. Хутчэй за ўсё, будзе так, што прыйдзецца вызначыцца -- альбо працуеш, альбо атрымліваеш пенсію. Натуральна, што ў такіх выпадках на пенсію пойдзе той, хто мае маленькі заробак. Іх працоўныя месцы вызваляцца, а туды пойдуць тыя, каго скарацілі. Такім чынам будзе адбывацца “выбіванне” сярэдняга класа. Пры гэтым ідзе скарачэнне пакупной здольнасці заработнай платы, а значыцца, яшчэ больш сем’яў адчуюць праблемы. Інфляцыя, рост камунальных плацяжоў… Па статыстыцы Нацыянальнай Акадэміі навук, сёння ў нас 14 працэнтаў грамадзян кажуць, што будуць цярпець у такім умовах. Гэта людзі пераважна старэйшага веку. Існуюць і такія, якія кажуць, што мы будзем забяспечваць жыццядзейнасць любымі сродкамі. Вельмі небяспечная заява. Гэта група кінецца шукаць заробак і не знойдзе яго ў рэальным сектары эканомікі. Пачнецца рост злачыннасці, маргіналізацыя часткі людзей. Ёсць яшчэ група, якая наогул нічога не хоча. Яна будзе жыць так, “як жывуць усе”.

- Якое развіццё падзей вы спрагназуеце?
- На мой погляд, сітуацыя будзе разгортвацца ў некалькі этапаў. Зараз мы назіраем першы этап. Скарачэнне заробкаў цягне за сабой рэструктурызацыю сямейных бюджэтаў. Багацейшыя купілі ўжо па пяць халадзільнікаў і прызвычаіліся да добрых заробкаў. Але і зараз можна цярпець. Пасля лета пойдзе другі этап. Пачнецца зніжэнне спажывання харчовых прадуктаў. У Расіі такое ўжо ёсць. І на апошнім этапе (напрыканцы 2010 года), калі сітуацыя пачне выпраўляцца, пачнецца незадаволенасць і з’явяцца групы людзей, якія будуць хадзіць нават галоднымі. Больш стане алкаголікаў, злачыннасці… Мы вернемся да рацыянальных нормаў спажывання.

- Каго ў першую чаргу зачэпіць крызіс?
- Калі казаць у паслядоўнасці ад самых слабых і далей, то ў першую чаргу пацерпяць сем’і, дзе двое і больш дзяцей. Яны ў нас традыцыйна знаходзяцца ў больш няўстойлівым стане. На другім месцы сем’і, дзе двое бацькоў працуюць у бюджэтнай сферы на інтэлектуальнай працы - работнікі культуры, бібліятэкары, служачыя. Трэцяя група -- калгаснікі. Гэта людзі, якіх і так давялі да поўнай дэградацыі за ўвесь час існавання. Чацвёртая - малакваліфікаваныя рабочыя, таму што яны не змогуць змяніць месца працы і перайсці на прыватную работу. Далей - тыя, хто працуе ў прыватным сектары. Адносна іх парушаюцца ўсе правы, яны не маюць сацыяльных гарантый, з іх будуць яшчэ больш драць шкуру. І апошняя група - дробнае чынавенства. У іх скароціцца хабарная база, заробкі расці не будуць, а запатрабаванні ў гэтых чыноўнікаў - яшчэ тыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international