Валянцін Стэфановіч: “Адсутнасць альтэрнатыўнай службы ў Беларусі з’яўляецца прычынай для крымінальнага пераследу моладзі”

2009 2009-02-18T16:41:19+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stef1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ад 22 студзеня гэтага году ў жодзінскай турме адбывае пакаранне за ўхіленне ад аплаты штрафу Міхал Міхаленя, 26-гадовы жыхар вёскі Калінаўка, што на Любаншчыне. Суд Любанскага раёну на пачатку 2007 году асудзіў маладзёна да штрафу па ч.1 арт. 435 Крымінальнага кодэксу – за “наўмыснае ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу”. Міхал Міхаленя адмовіўся выконваць службовы абавязак паводле сваіх  рэлігійных перакананняў: ён прыняў іслам, а ў беларускім войску няма ўмоваў для службы мусульманаў.

 

- Мая сям’я ў 2003 годзе прыняла іслам. Мы прытрымліваемся законаў шарыята, жывем паводле свяшчэннага пісання мусульман Карана. І аднавяскоўцы, і прадстаўнікі сельсавета ведаюць, што мы мусульмане і вядзём адрозны лад жыцця, - распавядае бацька Міхала, Іван Міхаленя. - А ў 2006 годзе майго сына прызвалі ў войска. Але ж вядома, што  

там няма ўмоваў для службы мусульманаў, бо, па-першае, ежа не падыходзіць, а па-другае, нам трэба раз на суткі маліцца. Таму мой сын не выконваў мерапрыемствы ваенкамата. У снежні 2008 года Міхала схапіла міліцыя ў бацькоўскай хаце ў в.Канстанцінаўка, яго  адвезлі ў Любанскі следчы ізалятар, а пасля ў Жодзіна. Там ён прасядзеў цэлы месяц. Пасля адбыўся суд. І нягледзячы на тое, што адвакат звярнуў увагу суддзі на адсутнасць у войску ўмоваў для службы мусульманаў, суд вынес рашэнне аштрафаваць майго сына на  1 мільён 550 тысяч рублёў.

 

Сям’я Міхаленяў не мае магчымасці выплаціць такі штраф. Сам Міхал не працуе, ягоныя бацькі таксама не маюць працы.

 

- Наша сям’я як мусульмане не мае такой магчымасці – нідзе не даюць працы. Я сам маю вышэйшую адукацыю, па спецыяльнасці аграном, мая жонка па спецыяльнасці акушэрка. Не бяруць на працу і таму, што мы маем апазіцыйныя погляды і кажам пра гэта адкрыта з 1994 года. Калісьці я быў фермерам, меў сваю гаспадарку, а ў 1999 годзе па рашэнні Любанскага райвыканкама мяне пазбавілі зямлі, бо не меў магчымасці належным чынам яе апрацоўваць. Таму, калі прыязджалі судовыя выканаўцы, мы казалі, што штраф выплаціць не можам, - кажа Іван Канстанцінавіч.

 

22 студзеня 2009 года суд Любанскага раёну разгледзеў крымінальную справу па абвінавачванні Міхала Міхалені ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 418 КК Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад аплаты штрафу і вынес пакаранне ў выглядзе арышту на 3 месяцы з улікам 1 месяцу папярэдняга ўтрымання пад вартай з 20 снежня 2008 г. па 21 студзеня 2009 г.   

 

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, каментуючы сітуацыю, у якой апынуўся малады мусульманін, падкрэсліў, што яе складанасць звязаная з праблемай альтэрнатыўнай службы ў нашай краіне. 

 

- Крымінальная справа Міхала Міхалені, на мой погляд, з’яўляецца вельмі паказальнай у тым аспекце, што ў Беларусі дагэтуль няма такога віду службы, як альтэрнатыўная служба. То бок, служба для тых людзей, якія адмаўляюцца і не могуць служыць у звычайным войску па этычна-рэлігійных перакананнях. Міхаленя з’яўляецца вернікам, належыць да мусульманскай канфесіі і сваю адмову служыць у войску ён матываваў менавіта сваімі рэлігійнымі перакананнямі – тым, што ён не можа ў войску ў поўнай меры ажыццяўляць свой рэлігійны культ. Нягледзячы на гэта, ён быў прыцягнуты судом да крымінальнай адказнасці. Трэба адзначыць, што суд паставіўся да яго даволі мякка, напачатку не  пазбавіўшы волі, а пакараўшы штрафам. Тым не менш, мы лічым, што праблема альтэрнатыўнай службы з’яўляецца вельмі актуальнай. І падкрэсліваем тое, што паколькі ў Беларусі няма альтэрнатыўнай службы, такія выпадкі крымінальнага пераследу могуць паўтарацца і ў будучым, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.  

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international