viasna on patreon

Ульяна ЗАХАРАНКА: «Думаю, што дажываю апошнія дзянькі...»

2009 2009-02-06T13:14:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёння, 6 лютага, маці гвалтоўна выкрадзенага экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі споўнілася 85 гадоў.
Напярэдадні юбілею "Народная Воля" паразмаўляла з Ульянай Рыгораўнай.

"Я думаю, што дажываю апошнія дзянькі, — адразу скрозь слёзы вымавіла маці зніклага генерала. — "Хуткая" да мяне прыязджае і ноччу, і днём. Колькі я ляжу ў бальніцы — мне ўжо нічога не дапамагае. Сэрца спыняецца… Я нават не ведаю, пераначую ці не пераначую. Вельмі мне дрэнна. Дый дні такія падыходзяць… 7 лютага, якраз пасля майго дня нараджэння, сынок старэйшы — Валодзя — памёр. А 10 лютага муж адправіўся на той свет. І ўсё адно да аднаго. Як перажыць гэтыя дні?..

Дый Юры няма. Я дзень і ноч плачу, чакаючы яго. Паспрабуйце дзесяць гадоў без адпачынку, без радасці ў такім настроі… Сама не ведаю, як працягнула столькі, як вытрывала…

Добра, што ў хаце ёсць тэлефон. Калі ціск паднімаецца, дык хоць "хуткую" выклікаць магу. На мінулым тыдні сэрца з грудзей проста выскоквала — мне нават не маглі памераць ціск. Думала, што прыйшоў мой канец. Дактары, між іншым, так і сказалі: яшчэ б крыху — і сэрца разарвалася б… Прапаноўвалі класціся ў бальніцу, але я не хачу — толькі-толькі ж адтуль выпісалася… Прашу: прыедзьце, укаліце мяне дома. Яны прыязджаюць.

Я не магу зразумець, чаму з Юрам так здарылася… Мы ж нідзе нічога не кралі. Нічога ў яго не было — ні катэджаў, ні іншага. І трэба ж было яму так пакутаваць…

Але я яго чакаю. Нягледзячы ні на што. І ў царкве памінаю яго за здароўе, а не за спачын. Мне бацюшка так сказаў: пакуль не дадуць вам дакладнай інфармацыі аб тым, што сын памёр, ні ў якім разе не стаўце свечку за спачын. Дый жонка Юрына, Вольга, падчас кажа: калі суд такі працяглы час адмаўляецца прызнаць яго мёртвым, можа, ён жывы?

Унучка з Германіі звоніць мне рэгулярна, клапоціцца. Кажа: калі вы, не дай Бог, памраце, мы ж застанемся зусім адні — ніякай радні ў нас больш няма…

А я да іх паехаць не магу. Бо нават не выходжу за вароты — мяне ногі ледзь носяць, толькі па хаце ціхенька перасоўваюся… Хаця, калі адпусціць, я і есці згатую, і траву на двары папалю…

А я ж усё жыццё працавала. Дома ўставала ў тры гадзіны раніцы, карміла парасят. Хлопцы заўсёды па гаспадарцы мне дапамагалі. І мяшкі цягалі, і капалі… Яны ў мяне такія добрыя былі, такія прыгожыя, такія моцныя — як арлы. Усе зайздросцілі на маіх сыноў. І вось бачыце, як атрымалася — засталася зусім адна. А гэта так цяжка, словамі не перадаць… Хай бы лепш я памерла, а сыночкі мае жылі…

Юра ж абяцаў прыехаць да мяне. А праз два дні яго скралі… Няма яго. Няма Красоўскага, Завадскага, Ганчара. Не дай Бог яшчэ каму перажыць тое, што выпала на долю нашых сямей… Вельмі цяжка… У суседкі таксама гора: памерлі і муж, і сын, і дачка. Мы наплачамся з ёй разам, а потым яна кажа: а давай ужо не будзем больш плакаць. Але ж слёзы самі коцяцца…”

Дасье «Народнай Волi»

У маі гэтага года споўніцца 10 гадоў, як па дарозе дадому быў гвалтоўна выкрадзены Юрый Захаранка.

У датычнасці да яго знікнення падазраюцца вышэйшыя службовыя асобы Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства