viasna on patreon

Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі: студзень 2009 году

2009 2009-02-04T17:29:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сусветны фінансавы крызіс не абмінуў і Беларусь. Нацбанк устанавіў новы валютны курс, беларускі рубель у адзін момант дэвальваваўся на 20%. У выніку страты панеслі і простыя грамадзяне, і імпарцёры, што закупаюць тавары за валюту.

Актывісты прадпрымальніцкага руху, незадаволеныя новымі ўмовамі працы, зьбіраюцца ладзіць новыя акцыі пратэсту. 9 студзеня лідэр грамадзкай кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”  Віктар Гарбачоў заявіў, што прадпрымальнікі Беларусі зьвяртаюцца з заклікам правесьці 25 сакавіка “Марш пакрыўджаных і непачутых”.

Бадай самымі гучнымі парушэннямі правоў чалавека ў студзені былі гвалтоўныя затрыманні і прымусовая адпраўка ў войска моладзевых актывістаў Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зміцера Хведарука. Такім чынам, канстатаваў у сваёй заяве Праваабарончы цэнтр “Вясна”, “у Беларусі адраджаецца практыка выкарыстаньня Узброеных сілаў у мэтах ізаляцыі і ціску на грамадзка-палітычных актывістаў. Гэта, у першую чаргу, зьвязана з дзеяньнямі супрацоўнікаў ваенкаматаў, якія пад ціскам сьпецслужбаў ігнаруюць патрабаваньні дзеючага заканадаўства пры правядзеньні мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу лідэраў моладзевага дэмакратычнага руху”. "Малады Фронт" выступіў з пратэстам супраць рэпрэсіяў беларускіх уладаў:“Малады Фронт” патрабуе ад Міністэрства абароны тэрміновага спыненьня перасьледу моладзі па палітычных матывах і правядзеньня прызыву на тэрміновую службу аб’ектыўна і згодна з дзеючым беларускіх заканадаўствам”, - гаворыцца ў звароце моладзевай арганізацыі, перададзеным у Міністэрства абароны.

У студзені ў Беларусі створаныя шэраг рабочых групаў і кансультацыйных радаў пры дзяржаўных органах, у якія актыўна запрашаюць прадстаўнікоў незалежнага грамадзтва. 31 сьнежня 2008 г. кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі падпісаў распараджэньне пра стварэньне міжведамаснай рабочай групы для выпрацоўкі плану дзеяньня па разьвіцьцю краінавага маркетынгу. У працоўную групу ўвайшлі 14 чалавек, у тым ліку два прадстаўнікі незалежнага сектару — кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і дырэктар лабараторыі аксіяметрычных дасьледаваньняў “Новак”, старшыня Рады Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Вардамацкі.

Праз месяц пасля ўтварэння урадавай групы эканаміст Яраслаў Раманчук прыняў рашэньне выйсці з яе. “Знаходжаньне ў гэтай структуры яшчэ раз даказала мне адну рэч – галоўнай праблемай беларускай адміністрацыйнай эканомікі зьяўляецца тое, што няма, па сутнасьці, кіраваньня. Гэта тыя хаос, энэрцыя і склокі, якія існуюць ўсячасна. Яны нават калі ёсць жаданьне – ні да чаго ня могуць дамовіцца. І таму бяз зьменаў прынцыпаў кіраваньня ні пра якія зьмены ў краіне няма гаворкі,” – адзначыў Яраслаў Раманчук.

16 студзеня старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанне Літвіне, галоўнаму рэдактару “Народнай волі” Іосіфу Сярэдзічу і галоўнаму рэдактару “Комсомольской правды в Белоруссіі” Алене Міронавай афіцыйна прапанавалі ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады ў сьферы масавай інфармацыі, утворанай Саветам міністраў.

26 студзеня стала вядома, што пры адміністрацыі прэзідэнта ствараюць грамадзка-кансультацыйную раду. Пры гэтым, па словах першага намесьніка главы адміністрацыі Натальлі Пяткевіч, «рада ствараецца для абмеркаваньня актуальных пытаньняў грамадзка-палітычнага развіцьця беларускага грамадзтва». Да ўдзелу ў ёй плануюць запрасіць некаторых прадстаўнікоў грамадзкасьці.

14 студзеня Еўрапарламент у рамках чарговай сесіі ў Страсбургу прыняў рэзалюцыю пра сітуацыю ў Беларусі. 559 еўрапарламентарыяў падтрымалі рэзалюцыю, 15 прагаласавалі супраць. У рэзалюцыі гаворыцца, што дзеля значнага паляпшэньня стасункаў з Еўрасаюзам Беларусь павінна заставацца краінай без палітвязьняў, урад павінен гарантаваць свабоду СМІ, працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ ў рэформе выбарчага заканадаўства, паляпшаць умовы для дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, гарантаваць свабоду сходаў і палітычных асацыяцыяў.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 10 студзеня ўладамі быў сарваны сход бацькоў студэнтаў, якія навучаюцца па праграме імя Кастуся Каліноўскага ў Польшчы. Мерапрыемства павінна было праводзіцца ў бібліятэцы Касьцёла Сымона і Алены. Бацькі планавалі абгаварыць розныя пытаньні, датычныя іх дзяцей, якія вымушаныя навучацца ў Польшчы дзеля палітычнага перасьледу на радзіме. Для ўдзелу ў сходзе прыехалі больш за 60 чалавек, у тым ліку, з іншых гарадоў. Таксама ў бацькоўскім сходзе планавалі прыняць удзел сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч і паэт Генадзь Бураўкін. Як певедамілі журналістам самі бацькі, перад пачаткам сходу ў Чырвоны Касьцёл патэлефанавала прадстаўнік Мінгарвыканкама (па іншых зьвестках - Дзяржаўнага Камітэта па справах рэлігіяў) па прозвішчы Румянцава і забараніла правядзеньне мерапрыемства. На чым палягае дадзеная забарона, чыноўніца не сказала.

 Мінгарвыканкам не задаволіў заяўку жыхароў сталічнага мікрараёна Курасоўшчына на правядзеньне 10 студзеня антыалкагольнай дэманстрацыі. Арганізатарам акцыі давялі, што выбраная для мітынгу пляцоўка не адпавядае неабходным патрабаваньням, а шэсьце па запытаным маршруце будзе перашкаджаць руху транспарту і пешаходаў. Адзін з ініцыятараў антыалкагольнай дэманстрацыі Леанід Скарабагаты паведаміў, што арганізатары мерапрыемства не апускаюць рукі і будуць шукаць легальных шляхоў правядзеньня акцый супраць алкагалізацыі насельніцтва.

 У канцы сьнежня Мiжнародны адукацыйны цэнтр IBB адмовiў аргкамiтэту па стварэньнi партыі "Беларуская Хрысцiянская Дэмакратыя" ў прадастаўленьнi памяшканьня для правядзеньня ўстаноўчага з'езду БХД , запланаванага на 28 лютага. Прадстаўнiкi IBB паведамiлi, што заяўка складзена правiльна, зала 28 лютага вольная, але заснавальнiкi цэнтра прынялi рашэнне залу не прадастаўляць. Нагадаем, што заснавальнiкамi IBB у Мiнску зьяўляюцца нямецкi бок i Мiнгарвыканкам.

 Кіраўнік аргкамітэта “Руху “За Свабоду” па Гомельскай вобласці Уладзімір Кацора атрымаў ліста з Жэневы,  у якім паведамляецца, што Камітэт ААН па правах чалавека прыняў на разгляд ягоную скаргу. Справа тычыцца сустрэчы гомельцаў з лідэрам Руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам у лютым 2008 года. Уладзімір Кацора, зьяўляўся яе арганізатарам, вырабіў і распаўсюджваў у горадзе ўлётку пра прыезд палітыка. Улады палічылі, што ён парушыў парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў, суд вынес грамадзка-палітычнаму актывісту сем сутак адміністратыўнага арышту. Усе спробы дамагчыся прававой абароны ад дзеяньняў улады для Ў. Кацоры, які дайшоў ад раённага да Вярхоўнага суду Беларусі, не далі станоўчага выніку. І тады актывіст вымушаны быў зьвярнуцца ў ААН. Ён патрабуе прызнаць парушэньне сваіх правоў на правядзеньне мірнага сходу. На працягу двух апошніх гадоў У. Кацору арыштоўвалі за палітычную дзейнасць пяць разоў. Агулам ён правёў за кратамі амаль сорак сутак, у тым ліку 17 — за парушэньне закону аб масавых мерапрыемствах.

  1. Дзейнасьць спецслужбаў і перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 19 студзеня два супрацоўнікі КДБ спрабавалі завербаваць студэнта‑першакурсніка БДУІРа Паўла Ляшковіча, які навучаецца на факультэце «Інфармацыйныя тэхналогіі». У кабінеце дэкана два невядомых чалавека, не прадставіўшыся, цікавіліся паездкамі студэнта ў Польшчу, Украіну. Пыталіся, ці ўваходзіць ён у якія‑небудзь апазіцыйныя арганізацыі.  Потым хлопцу прапанавалі напісаць заяву аб супрацоўніцтве, абяцалі дапамагаць матэрыяльна. Павел Ляшковіч быў вымушаны падпісаць паперы. Таксама яго абавязалі напісаць заяву на ўступленьне ў «Малады Фронт». Спрацоўнікі КДБ прасілі не разгалошваць зьмест гутаркі. Падобныя выпадкі адбываюцца па ўсёй краіне. На «прафілактычныя гутаркі» выклікалі студэнта Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Алега Пронскага, у Салігорску — навучэнца эканамічнага тэхнікуму Ільлю Кавалея.

 Навучэнец Салігорскага эканамічнага тэхнікуму Ільля Кавалей падаў у выканкам заяўку на правядзеньне 26 студзеня пікету супраць неабароненасьці грамадзянаў РБ ад эканамічнай палітыкі ўладаў. Праз два дні кіраўніцтва навучальнай установы правяло з актывістам "прафілактычную" размову, пад час якой яго папярэдзілі пра магчымае выключэньне з навучальнай установы ў лепшым выпадку. Калі ж навучэнец не адмовіцца ад сваёй заявы на правядзеньне пікету, тады ў яго могуць "выпадкова" знайсьці наркотыкі ў кішэні, ці ўвогуле з ім можа здарыцца што заўгодна.

 Супрацоўнікі КДБ аказваюць ціск на сябраў ініцыятыўнай групы, якія выступаюць супраць будаўніцтва АЭС. Да Івана Жылецкага з Астраўца прыйшоў на працу чалавек у цывільным і высьвятляў, чаму той супраць будаўніцтва электрастанцыі. Большасьць сябраў ініцыятыўнай групы — людзі пенсійнага веку.

  1. Парушэньні права на свабоду ассацыяцыяў

 Аргкамітэт па стварэньні “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” пачаў сходы дзеля рэгістрацыі партыі. Заснавальнікамі партыі у Віцебску, Полацку, Чашніках і Гарадку ўжо выступіла больш за 100 чалавек. БХД неабходна сабраць спіс больш як з 1000 чалавек, аднак зафіксаваны факты перашкоды з боку дзяржаўных органаў у справе рэгістрацыі партыі. Па зьвестках прэс-службы аргкамітэту, супрацоўнікі КДБ абтэлефаноўваюць патэнцыйных заснавальнікаў БХД і пагражаюць ім праблемамі, калі яны будуць прымаць удзел у рэгістрацыі партыі.

 26 студзеня ў Мінюст пададзены дакументы на рэгістрацыю грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”. Заснавальнікамі арганізацыі зьяўляюцца праваабаронцы, журналісты і грамадзкія дзеячы з розных рэгіёнаў краіны, якія раней уваходзілі ў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Па  рашэньні Вярхоўнага Суду Беларусі аб’яднаньне было ліквідаванае беларускімі ўладамі яшчэ ў кастрычніку 2003 году. У 2007 годзе праваабаронцы паспрабавалі легалізаваць сваю дзейнасьць, аднак Мінюст, а затым і Вярхоўны суд Беларусі адмовіў ім у дзяржрэгістрацыі, нягледзячы на прынятае  Камітэтам ААН па правах чалавека рашэнне. У ім факт ліквідацыі “Вясны” расцэнены як парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцыяў і прапанавана выправіць сітуацыю, аднак гэтая рэкамендацыя была праігнаравана.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 Рэдакцыя легалізаванай уладамі «Народнай волі» заявіла пра намер падаць у суд скаргу на дзеяньні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якая ў чарговы раз адмовіла ў акрэдытацыі жуналістцы выданьня Марыне Коктыш. Ліст за подпісам намесьніка начальніка сакратарыяту Палаты прадстаўнікоў Скарыніна, датаваны 31-м сьнежня, рэдакцыя атрымала 5 студзеня. У адказе паведамлялася, што заяўку наконт акрэдытацыі Марыны Коктыш перадалі «адпаведным службам», якія вырашылі адмовіць журналістцы ў доступе «ў комплекс будыкаў па вул. Савецкай, 11» (адрас Дома ўрада).

 15 студзеня Гаспадарчы суд Мінскай вобласці прысудзіў газеце "Борисовские новости" штраф у  48 мільёнаў рублёў (гэта болей за 17 тысячаў даляраў). Па словах заснавальніка фірмы "Букас медыя-цэнтр" і рэдактара выданьня Анатоля Букаса, такая мера пагражае кампаніі банкруцтвам. Без працы могуць застацца 22 чалавекі. Як паведаміў А. Букас у інтэрв'ю Еўрарадыё, прадпрыемства арандавала на гарадзкім рынку гандлёвае месца па пісьмовай дамове з дырэкцыяй рынку. Паводле Пастановы №1221 Савета Міністраў, арэнду гандлёвага месца не патрабуецца ўносіць у ліцэнзію. Тут барысаўскія газетчыкі нагандлявалі за год на 48 мільёнаў — прадавалі ня толькі ўласныя выданьні, але і іншую незалежную прэсу, у тым ліку і "Народную Волю". Падатковая ж інспекцыя вырашыла, што "Букас медыя-цэнтр" мае гандлёвы аб'ект, а не гандлёвае месца. І за гэта налічыла штраф у памеры ўсяго гадавога даходу. Акрамя таго, "Беларускі дом друку" скасаваў дамову на выданьне незалежнай газеты, падпісаную 8 студзеня. Нагадаем, што газета "Борисовские новости" ня можа друкавацца ў барысаўскай друкарні з 1996 года. За апошнія гады выданьне друкавалася ў Маладзечне, Оршы, дзьвюх друкарнях у Мінску. У "Беларускім доме друку" паспеў выйсці толькі адзін нумар газеты.

 Ідэалагічны аддзел Менгарвыканкаму не дазволіў рэкламу незалежнай газеты «Нашай Нівы» ў метро. Рэдакцыя выданьня звярнулася з прозьбай разьмясьціць інфармацыйныя плакацікі ў вагонах метро адразу пасьля дазволу на продаж праз «Саюздрукі». У рэкламнай службы метро былі ня супраць, але патрабавалася ўзгадненьне з ідэалагічным аддзелам гарвыканкаму. Амаль праз месяц Эдуард Тамільчык, начальнік аддзелу масавых мерапрыемстваў, паведаміў, што рэкламныя плошчы на студзень ў метро адсутнічаюць і прапанаваў вярнуцца да гэтага пытання ў лютым. Між тым, у рэкламнай службе метро гэтую інфармацыю абверглі, бо, насамрэч, рэкламныя плошчы ёсьць.

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

 Каардынатара Рэчыцкай філіі «Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі» Аляксея Змушко адлічылі з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі гораду Горкі. Актывіст быў студэнтам пятага курса завочнай формы навучаньня. Студэнт нават не атрымаў уведамленьня, што будзе адлічаны, хаця дэканат абавязаны быў гэта зрабіць. Наадварот, Аляксея выклікалі на сесію. Выклік быў дасланы 23 сьнежня. А загад аб адлічэньні быў падпісаны прарэктарам па завочным навучаньні 24 сьнежня. Ужо гэты факт дае падставу сьцьвярджаць, што адлічэньне адбывалася па адмысловай схеме і не звязана з навучальным працэсам.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 12 студзеня супрацоўнікі міліцыі Салігорскага РАУС затрымалі актывіста незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Мікалая Пахабава, які ў той дзень накіроўваўся ў Салігорск з Менску. Міліцыянты спынілі яго аўтамабіль і пачалі дагляд. У багажніку знайшлі надрукаваны зварот прыхільнікаў прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці да кіраўніцтва гораду пра неабходнасьць будаўніцтва новай паліклінікі. Таксама ў актывіста былі кампакт-дыскі і інфармацыйны бюлетэнь “За Волю”. У РАУСе сьледчы правёў гутарку з Мікалаем Пахабавым.

 13 студзеня судзьдзя Цэнтральнага райсуду сталіцы Тацяна Паўлючук прызнала моладзевую актывістку Марту Маісеенка віноўнай у зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і пакарала яе на 5 базавых велічыняў (175 тыс.бел.руб.). Дзяўчына была затрыманая яшчэ 30 сьнежня за тое, што павесіла нацыянальны сьцяг на навагоднюю елку на Кастрычніцкай плошчы Менску. Супрацоўнікі ж праваахоўных органаў традыцыйна абвінавацілі актывістку ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкім месцы. Ноч дзяўчына правяла ў камеры РУУС Цэнтральнага раёну.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 13 студзеня Менскі гарадзкі суд разгледзеў касацыйную скаргу палітвязьня Аляксандра Баразенкі на прысуд, вынесены Цэнтральным райсудом сталіцы. 9 сьнежня 2008 года судзьдзя Натальля Вайцяховіч пакарала моладзевага актывіста абмежаваньнем волі тэрмінам на 1 год без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. У выніку разгляду скаргі гарадзкі суд адмовіў апошняму абвінавачанаму па “справе 14-ці” ў яе задавальненьні.

 Супраць актывіста “Маладога Фронту” Сяржука Гумінскага, які дзеля палітычнага пераследу быў вымушаны зьехаць вучыцца за мяжу, спрабуюць узбудзіць крымінальную справу за ўхіл ад войска. Маладафронтавец аб’яўлены ў вышук. Пра гэта ў студзені даведалася маці С. Гумінскага, якой паведамілі, што дакументы будуць перададзены ў пракуратуру. У мінулым годзе здарылася аналагічная сітуацыя, але тады пракуратура адмовіла ў беспадстаўным узбуджэнні крымінальнай справы.

 У маці асіповіцкага маладафронтаўца Арцёма Дубскага забралі прыёмных дзетак – трохгадовых хлопчыка і дзяўчынку, якіх яна ўзяла на выхаваньне з дзіцячага прытулку два гады таму. Алена Дубская мусіла штогод працягваць кантракт на іх выхаваньне. Сёлета жанчыне адмовілі на падставе таго, што яе родны сын асуджаны па палітычнай справе, ажыцьцяўляе «антыдзяржаўную дзейнасьць». Дзяцей вярнулі ў дзіцячы прытулак. Нагадаем, што Арцём Дубскі быў абвінавачаны па “працэсу 14-ці” за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 году і пакараны двума гадамі абмежаваньня волі, без накіраваньня ў месцы адбыцьця пакараньня. У кастрычніку супраць актывіста была ўзбуджана другая крымінальная справа па арт. 415 КК РБ (“Ухіленне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі”), і Арцём папрасіў палітычны прытулак ва Ўкраіне, дзе і знаходзіцца цяпер.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 13 студзеня Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў у задавальненьні пазову пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» да Мінгарвыканкаму. Згодна з рашэннем суду вернікі мусяць пакінуць займаны імі будынак, у якім адбываліся набажэнствы. У 2002 годзе царква набыла на ўскрайку сталіцы былы кароўнік і адрамантавала за свае грошы. У 2005 годзе гарадзкія ўлады забаранілі ладзіць там набажэнствы. Пратэстанты яшчэ 9 кастрычніка 2006 году, паводле пастановы ўладаў, мусілі вызваліць будынак. На знак пратэсту вернікі распачалі 23‑дзённую галадоўку‑пост. У выніку, улады адступіліся.

  1. Парушэньні правоў асуджаных, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі

 ЗША працягваюць настойваць на вызваленьнi амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра ў сувязi з цяжкiм станам здароўя асуджанага. Адвакацкая фiрма Patton Boggs зьвярнулася да сьпецдакладчыка ААН па катаваньнях з прозьбай аб расьследваньнi прымянення катаваньняў да Зльцэра. Як паведамляе прэс-служба фiрмы, у суправаджальных дакументах указваецца, што, затрымаўшы Э.Зельцэра 12 сакавiка 2008 года, Беларусь парушыла Мiжнародную канвенцыю аб грамадзянскiх i палiтычных правах. Беларускiя ўлады "зьдзекавалiся над Э.Зельцэрам, зьмясцiўшы яго ў неналежныя ўмовы ў турме, зьбiваючы яго, прымусiўшы прайсьцi псiхiятрычнае абсьледавньне, паставiўшы яго здароўе пад пагрозу, пазбавiўшы яго жыцьцёва неабходных лекаў, прапiсаных доктарам, не забясьпечыўшы крытычна неабходнае лячэньне". Незалежны амерыканскi лекар Альберт Бенчабат, якi атрымаў дазвол агледзець Э.Зельцэра ў калонii № 15 у Магiлёве 6 студзеня, лiчыць, што той "наўрад цi перажыве зняволеньне без жыцьцёва неабходных медыкаментаў". Лекар патрабуе вызвалiць асуджанага для правядзеньня аперацыi. Адвакаты заклiкалi сьпецдакладчыка ААН "даць зразумець беларускаму кiраўнiцтву, што такiя дзеяньнi недапушчальныя i павiнны быць забаронены".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства