viasna on patreon

Нічога добрага новы Закон “Аб СМІ” не нясе

2009 2009-02-02T15:09:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 лютага набывае сілу прыняты Палатаю прадстаўнікоў мінулага скліканьня новы Закон “Аб СМІ”. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ня мае ілюзіяў наконт істотнага зьмяненьня стаўленьня ўлады да СМІ, якія тутэйшыя чыноўнікі ўсё яшчэ разглядаць як прапагандысцкую зброю, але цяперашняя нібыта “адліга” пры пэўных умовах можа палепшыць сытуацыю

Праз тыдзень набудзе сілу прыняты Палатаю прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі мінулага скліканьня новы Закон “Аб СМІ”. Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна ня мае ілюзіяў наконт істотнага зьмяненьня стаўленьня ўлады да СМІ, якія тутэйшыя чыноўнікі ўсё яшчэ разглядаць як прапагандысцкую зброю, але цяперашняя нібыта “адліга” пры пэўных умовах можа палепшыць сытуацыю

Жанна Літвіна адзначае, што існавала пэўная аб’ектыўная неабходнасьць прыняцьця новага закона аб сродках масавай інфармацыі, бо стары закон прымаўся яшчэ ў 1999 годзе, і некаторыя яго нормы зь цягам часу састарэлі, і было відавочна, што пэўныя зьмены ў заканадаўстве ўжо паспелі. Але тое, як прымаўся новы закон, па словах старшыні БАЖ, можа выклікаць толькі іронію: “Ён быў прыняты за рэкордныя тэрміны. На працягу ўсяго некалькіх дзён закон быў унесены ў парлямэнт, абмеркаваны і прагаласаваны. Закон быў прыняты старым складам парлямэнта, і ніякай адказнасьці гэтыя людзі за тое, за што яны прагаласавалі, не нясуць”.

Безь незалежных экспэртаў

Беларуская асацыяцыя журналістаў некалькі гадоў не магла атрымаць праект новага закона аб СМІ, хоць добра ведала пра тое, што ён распрацоўваецца. Як мяркуе Жанна Літвіна, чыноўнікі наўмысна хавалі законапраект ад вачэй незалежных экспэртаў. “Гэта зьдзяйсьнялася абсалютна наўмысна, таму што Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”, на маю думку, адзін з самых грамадзка значных законаў, і яны былі вельмі зацікаўленыя, каб не надаць публічнасьці, каб ня даць магчымасьці абмяркоўваць грамадзтву гэты законапраект, - адзначае Жанна Лімтвтна. - Была пастаўлена абсалютна канкрэтная задача прыняць гэты закон як мага хутчэй, і гэтая задача была бліскуча выкананая”.

Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, нічога добрага закон у тым выглядзе, у якім ён прыняты, супрацоўнікам масмэдыяў не прынясе. “У цэлым гэты закон і яго дзеяньне пагоршыць умовы існаваньня СМІ, - лічыць Жанна Літвіна. - У самім законе больш пунктаў, якія дазволяць прымяняць санкцыі, зьвязаныя з закрыцьцём выданьняў. У гэтым законе карныя мэханізмы больш жорсткія, чымся ў мінулым. Але ёсьць таксама некаторыя станоўчыя моманты: пасьля нашых змаганьняў за некаторыя пункты гэтага закона, напрыклад, зьнята норма, якая прадугледжвае неабходнасьць узгадненьня разьмяшчэньня рэдакцыйнага калектыву зь мясцовай выканаўчай уладай. Там няма таксама і інормы, якая забараняла выкарыстаньне “тарашакевіцы”. Яшчэ адзін фрагмэнт, пра які нельга не гаварыць, гэта тое, што існавала пагроза для ўсіх СМІ пры праходжаньні абавязковай перарэгістрацыі ўсіх масмэдыяў. І тая топ-навіна, якая прыйшла літаральна дзесяць дзён таму з вуснаў міністра інфармацыі спадара Русакевіча, што перарэгістрацыя будзе адбывацца па заяўным прынцыпе, надае надзею”.

Без ілюзіяў

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў падкрэсьліла, што пакуль рана рабіць канчатковыя высновы, што да магчымага разьвіцьця падзеяў пасьля ўступленьня новага Закона “Аб СМІ” у сілу.
“У нашай краіне ёсьць нормы заканадаўства, а ёсьць практыка прымяненьня гэтых законаў, і як яно будзе адбывацца, мы будзем сачыць, бо БАЖ будзе вельмі прынцыпова займацца маніторынгам, аднак сказаць пра вынікі, прааналізаваць сытуацыю мы зможам толькі празь нейкі час”, - сказала Жанна Літвіна.

Кіраўніца БАЖ упэўненая, што нават пры ўмовах, калі ў Беларусі адбываецца пэўная дэмакратызцыя ўнутрыпалітычнага і эканамічнага жыцьця, ня варта цешыцца ілюзіямі, што існаваньне сродкаў масаваай інфармацыі, у першую чаргу незалежных, адразу стане лягчэйшым і беспраблемным.

“Усё мы сёньня зьяўляемся сьведкамі крокаў насустрач рэкамэндацыям, якія былі выдадзены беларускаму кіраўніцтву Радай Эўрапейскага Зьвязу, адзначае Жанна Літівна. - Там сапраўды ёсьць станоўчыя моманты, але ніякіх ілюзіяў быць ня можа, таму што сёньня выканаўчая ўлада захоўвае манаполію на друкаваныя, электронныя СМІ, на сыстэму друку, на сыстэму распаўсюду, то бок, прынцыпова ў нашай краіне нічога не зьмянілася. Улада захоўвае стаўленьне да сродкаў масавай інфармацыі як да часткі кіруючыга мэханізму, як да прапагандысцкай машыны. Калі мы пераадолеем гэтыя стэрэатыпы, гэтыя рэаліі, тады можна будзе гаварыць пра тое, што ўлада робіць канкрэтныя крокі па ўрэгуляваньні ўзаемаадносінаў са сродкамі масавай інфармацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства