viasna on patreon

Вярхоўны суд і генпракурор разгледзелі зварот грамадзянаў, не згодных з рашэннямі судоў

2009 2009-02-04T13:51:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud1jpg.jpg
Судовая зала

Судовая зала

Агенцтва БелаПАН паведамляе, што па даручэнні прэзідэнта Вярхоўны суд і генеральны пракурор разгледзелі зварот грамадзянаў, не згодных з рашэннямі судоў па крымінальных, грамадзянскіх і адміністрацыйных справах. Аб гэтым гаворыцца ў лісце начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асобаў Адміністрацыі прэзідэнта Станіслава Бука мінчучцы Людміле Кучуре.

У інтэрв'ю БелаПАН яна паведаміла, што 3 лютага на яе імя паступіў ліст ад 30 студзеня, у якім, у прыватнасці, адзначаецца: звароты грамадзянаў, не згодных з рашэннямі судоў па розных справах, разгледжаныя прэзідэнтам краіны. Кіраўнік дзяржавы даручыў Вярхоўнаму суду і Генеральнаму пракурору "яшчэ раз дакладна праверыць" на адпаведнасць законнасці пастановы судовых інстанцыяў, абскарджаныя заяўнікамі, гаворыцца ў лісце.

Далей С.Бука паведамляе, што "пасля ўсебаковага вывучэння кампетэнтныя органы прыйшлі да адзінай высновы" аб адсутнасці падставаў "для апратэставання або адмены" вышэйназваных пастановаў. "Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь ускладзеная персанальная адказнасць на старшыню Вярхоўнага суду і генеральнага пракурора за законнасць і абгрунтаванасць вынесеных па гэтых справах рашэнняў", - падкрэсліваецца ў лісце.

Як адзначыла Л.Кучура, дзясяткі жанчынаў з розных рэгіёнаў краіны, пацярпелых ад асабліва цяжкіх злачынстваў, не згодных з рашэннямі судоў па сваіх грамадзянскіх справах і крымінальных справах сваіх блізкіх, на працягу апошніх двух гадоў 13 разоў звярталіся да кіраўніка дзяржавы, у тым ліку праз СМІ, і ўпершыню атрымалі адказ аб тым, што іх зварот разгледжаны. Людміла Кучура назвала ліст С.Бука "чарговай адпіскай", паколькі "праверка скаргаў была даручаная Вярхоўнаму суду і генеральнаму пракурору - тым структурам, якія фальсіфікавалі нашыя справы і на каго мы скардзімся". Разам з тым, яна выказала надзею на стварэнне грамадскай камісіі па пераглядзе гэтых справаў і на асабістую сустрэчу жанчынаў з прэзідэнтам.

У інтэрв'ю БелаПАН юрыст Тамара Сяргей адзначыла: з ліста С.Бука вынікае, што кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з праблемамі, выкладзенымі ў зваротах жанчынаў. Юрыст выказала спадзяванне, што наступіць дзень, калі скаргі жанчынаў будуць разгледжаныя па сутнасці пастаўленых у іх пытанняў, бо прэзідэнт усклаў персанальную адказнасць за законнасць вынесеных рашэнняў на кіраўніцтва Вярхоўнага суду і Генеральнай пракуратуры.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства