viasna on patreon

У Дзень Волі апазыцыя ня пойдзе на Бангалёр

2009 2009-02-03T15:19:54+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У панядзелак, 2 лютага, кіраўнікі Партыі БНФ падалі ў Менскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне 25 сакавіка шэсьця i мітынгу, прымеркаваных да чарговых угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе

Заяўнікамі акцыі зьяўляюцца старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі і тры ягоныя намесьнікі Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч. Па словах Віктара Івашкевіча, галоўныя лёзунгі, якія БНФ прапануе да акцыі, - “Дзень незалежнасьці 25 сакавіка: за праўду, за справядлівасьць, за сваброду!”. Ужо па лёзунгах можна меркаваць, што сёлетняя акцыя на Дзень волі будзе мець выражаны сацыяльны характар, улічваючы тую цяяжкую эканамічную сытуацыю, у якой апынулася Рэспубліка Беларусь.

Страчаны давер да ўлады

Як адзначыў Віктар Івашкевіч, у дэмакратычных краінах галоўнай перадумовай пераадоленьня крызісныз зьяваў ёсьць чыньнік узаемнага даверу паміж уладай, бізнэсам і СМІ. Па словах палітыка, у Беларусі ў выніку беспрэцэдэнтна цынічна праведзенай дэвальвацыі нацыянальнай валюты грамадзтва страціла давер да ўладаў, што ўжо сталася эканамічным фактарам. “Таму мы патрабуем ад уладаў сказаць людзям праўду: колькі яшчэ разоў у гэтым годзе будзе праведзеная дэвальвацыя беларускага рубля; у колькі разоў у гэтым годзе будуць паднятыя цэны на прадукты, лекі і аплату жыльля; калі пэнсіянэрам будзе забаронена зарабляць грошы, адначасова атрымліваючы пэнсію; на якіх умовах урад бярэ крэдыты ў Расеі і ў Міжнароднага валютнага фонда”, - заявіў Віктар Івашкевіч.

Па словах палітыка, улады пакуль не сьпяшаюцца кампэнсаваць насельніцтву страты, панесеныя ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля. Віктар Івашкевіч адзначыў, што БНФ рашуча выступае супраць плянаў уладаў перакласьці ўвесь цяжар крызісу на плечы простых людзей, і патрабуе штоквартальна падвышаць заробкі і пэнсіі адпаведна росту кошта спажывецкага кошыка, выплочваць паўгадовыя выходныя дамапогі асобам, што звальняюцца з працы не па сваёй віне, рэальна спрасціць рэгістрацыю і ліквідаваць усе перашкоды і абмежаваньні для дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў і малых прадпрыемстваў.

Адказнасьць на кіраўніцтве Беларусі

Як адзначыў яшчэ адзін намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, рэальная пагроза незалежнасьці Беларусі сёньня як і раней сыходзіць менавіта ад дзейнай улады, якая працягвае праводзіць, на думку палітыка, тупіковую палітыку. Вінцук Вячорка падкрэсьліў, што так званы выпрабаваўчы пэрыяд, які заканчваецца 13 красавіка, ужо можа быць папярэдне ацэнены нэгатыўна як пэрыяд страчаных шанцаў. Па словах апазіцыянэра, не было зроблена ніякіх захадаў дзеля інстытуцыянальных зьменаў, перад усім, зьменаў у заканадаўстве, і відавочна, за той час, які застаўся, іх зрабіць ці нават распачаць проста ўжо будзе немагчыма.

Па словах палітыка, арганізатары акцыі 25 сакавіка ўскладаюць усю адказнасьць за тое цяжкое эканамічнае становішча, у якім апынулася Беларусь, на кіраўніцтва дзяржавы і асабіста на Аляксандра Лукашэнку. Пад час акцыі 25 сакавіка будзе апазыцыя будзе патрабаваць адстаўкі беларускага прэзыдэнта.

Што да патэнцыйных удзельнікаў шэсця і мітынгу на Дзень Волі, то Вінцук Вячорка сказаў: “Я думаю, што ўдзел у акцыі 25 сакавіка возьмуць тыя сілы, якія вызнаюць беларускую незалежнасьць менавіта як вяртаньне да беларускіх і эўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасьцяў”.

Колькі адважных?

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што сёньня цяжка спрагназаваць нават прыблізную колькасьць удзельнікаў акцыі 25 сакавіка. З аднаго боку, ёсьць цьвёрдая кагорта людзей, гэта прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі, палітыкі, якія ўвесь час выходзяць на такія мерапрыемствыі і для якіх яны ўжо сталі традыцыяй, рытуалам.

Наколькі масавым можа быць гэтае шэсьце, гэта будзе залежаць найперш, ад таго, як будуць разьвівацца крызісныя зьявы ў эканоміцы, у сацыяльнай сфэры, лічыць эксперт. “Магчыма, да сакавіка такога рэзкага падзеньня ўзроўню жыцьця не адбудзецца, і тады вельмі верагодна, што масавасьць будзе на такім самым узроўні, як і ў папярэднія гады”, - лічыць палітоляг.

Па словах Аляксандра Класкоўскага, яшчэ шмат залежыць ад паводзінаў улады, таму што за пошнія гады многія людзі проста пачалі баяцца, і калі ўлада ўсё ж такі ня выявіць нейкіх намераў жорстка душыць гэтае шэсьце, то гэта таксама можа дадаць удзельнікаў.

Арганізатары Дня Волі плянуюць правесьці збор удзельнікаў акцыі ў сераду, 25 сакавіка, а 18-й гадзіне ля будынка Прэзыдыюма Нацыянальнай акадэміі навук, адкуль прайсьці шэсьцем па праспэкце Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы, дзе мае адбыцца мітынг. Як запэўніў Віктар Івашкевіч, ніякай гаворкі пра парк Дружбы народаў і плошчу Бангалор нават не вядзецца і весьціся ня будзе. “Мы маглі б пагадзіцца тлькі на прапанову адразу сабрацца на Кастрычніцкай плошчы”, - заявіў Івашкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства