viasna on patreon

У Лельчыцах ксяндза будуць судзіць за пастаўлены крыж

2009 2009-02-03T10:01:44+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Плябана рымска-каталіцкага касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Маці Божай Фацімскай у Лельчыцах ксяндза Віталя выклікаюць 4 лютага ў раённы суд.

 

Як паведаміў БелаПАН, у позве гаворыцца, што прычынай судовага разгляду стала парушэнне артыкула 23.1 адміністрацыйнага кодэксу (невыкананне выказанага ў вызначанай заканадаўствам форме патрабавання, загаду альбо патрабавання службовай асобы, якая ладзіць дзяржаўны кантроль і нагляд). На думку ксяндза, гаворка ідзе пра адмову ў зносе каталіцкага крыжа ў гонар Святога Канстанціна, які стаіць на ўездзе ў гарадскі пасёлак з дазволу райвыканкама з чэрвеня 2008 года. Усталяванне крыжа было ўзгодненае з ДАІ, раённымі электрычнымі сеткамі, сувяззю — як і патрабавалі ўлады.

 

Аднак усталяванне памятнага знака не было ўзгодненае з архітэктарам горада, і ён звярнуўся ў суд. 16 снежня райсуд прызнаў, што пры ўсталяванні крыжа касцёл не парушаў закон. У студзені ксёндз Віталь атрымаў загад землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы, каб да 30 студзеня 2009 года вызваліць самавольна заняты зямельны ўчастак — знесці крыж або ва ўсталяваным законам парадку аформіць матэрыялы па адводзе зямельнага ўчастку для яго ўсталявання. Гэты загад ксёндз не выканаў, бо лічыць яго беспадстаўным.

 

На сваю карысць айцец Віталь прыводзіць такія аргументы. Па-першае, у справе крыжа ўжо быў суд, які прызнаў, што закон не парушаны. Па-другое, у дакументах райвыканкама адзначана, з якімі службамі касцёл павінен быў ўзгадніць усталяванне крыжа. Па-трэцяе, гэтыя патрабаванні накіраваныя на імя ксяндза, але ён не з'яўляецца старшынёй касцёльнага камітэта.

 

Начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Прусаў адзначыў, што крыж не зносяць, а прапаноўваюць святару перанесці яго, напрыклад, у двор касцёла. Па словах чыноўніка, ксёндз самавольна паставіў крыж, пачалі абурацца жыхары Лельчыцкага раёна, бо там жыве вялікая колькасць праваслаўных людзей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства