viasna on patreon

Генеральная пракуратура адмовіла Анатолю Лябедзьку ў выключэнні са спісу часова невыязных з Беларусі

2009 2009-02-02T17:05:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lala.jpg

Генеральная пракуратура адмовіла лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатолю Лябедзьку ў выключэнні са спісу невыязных з Беларусі.

Як паведаміў палітык 2 лютага на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ, на свой зварот у Генеральную пракуратуру па пытанні правамернасці абмежавання ў праве на выезд за межы Беларусі ён атрымаў адказ праз два месяцы. "У адказе гаворыцца: "Для высвятлення абставінаў, неабходных для прыняцця абгрунтаванага рашэння па Вашым звароце, у органы пракуратуры Расійскай Федэрацыі быў накіраваны адпаведны запыт. Да гэтага часу адказу на яго няма, што перашкаджае прыняццю рашэння па гэтым пытанні", — сказаў А.Лябедзька.

Палітык нагадаў, што падставай для ўключэння ў спіс невыязных з Беларусі стала крымінальная справа, заведзеная ў адносінах да яго пяць гадоў таму па артыкуле "Абраза прэзідэнта Беларусі". "Справа распачата ў сувязі з інтэрв'ю, якое я даў Мікалаю Сванідзэ і праграме "Люстэрка". Я не ведаю, які запыт быў накіраваны ў пракуратуру Расіі і з чым ён звязаны, бо касета з запісам інтэрв'ю ёсць у матэрыялах справы. Я прасіў беларускую Генпракуратуру або перадаць справу ў суд і судзіць мяне за злачынства, што мне інкрымінуецца, або закрыць крымінальную справу. Ні таго, ні другога пакуль не зроблена", — заявіў А.Лябедзька.

"Я лічу, што такім адказам пракуратура проста распісваецца ў тым, што яна не мае аўтарытэту не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Агульнавядома, што наша Генпракуратура сумесна са сваімі расійскімі калегамі стварыла нават сумесную калегію, каб аператыўна вырашаць пытанні, што тычацца агульных праблем. І атрымліваецца, што, маючы такую высокую ступень інтэграцыі, яны не могуць атрымаць ад сваіх калег проста пісьмовы адказ", — зазначыў А.Лябедзька.

У сувязі з гэтым палітык мае намер абскардзіць сваё ўключэнне ў спіс часова невыязных у судзе. А.Лябедзька таксама не выключае, што сам звернецца ў органы пракуратуры Расіі, з тым каб атрымаць ад іх пісьмовы адказ, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства