Забаронена выстава іконаў мастака і былога «аўганца» Алеся Пушкіна

2009 2009-01-29T12:57:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pushkin1.jpg
Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

У Воршы за два тыдні да 20-й гадавіны з дня вываду савецкіх войскаў з Аўганістану адмовіліся ад выставы абразоў мастака-«аўганца» Алеся Пушкіна.

13 лютага ў гарадзкім цэнтры культуры Воршы, пераабсталяваным з колішняга кінатэатру «Перамога», адбудуцца ўрачыстасьці да юбілею вываду савецкага «абмежаванага кантынгенту» з Аўганістану. Да гэтай даты падрыхтаваны шэраг імпрэзаў, уключна з мастацкай выставай. Спачатку плянавалася, што «цьвіком» стане дэманстрацыя абразоў, напісаных Алесем Пушкіным, які ў 1983-1985 гадох служыў у верталётным палку ў Кундузе (цяпер Пушкін жыве ў Бабры недалёка ад Воршы). Аднак мастак распавёў, што ягоныя ж «браты па зброі» выступілі супраць фізычнага і віртуальнага знаходжаньня Пушкіна ў Воршы.

 

«Аршанскія «аўганцы» хацелі зрабіць мне выставу – балазе, у горадзе ёсьць сапраўдны цэнтар культуры (дарэчы, ініцыятыва выставы зыходзіла ад кіраўніцтва цэнтру). Але ёсьць там такі Ўладзімер Кузьмянкоў, старшыня «аўганцаў» Воршы, які катэгарычна заявіў: Пушкіна тут ня будзе, бо гэта закрытае мерапрыемства, прымеркаванае да 20-годзьдзя вываду савецкіх войскаў. Кузьмянкоў выступіў супраць, хоць і дырэктарка, і мастак Анатоль Жураўлёў прапанавалі зрабіць выставу пад назвай «Іконы, напісаныя былым воінам-інтэрнацыяналістам».

 

Абразы, якія я зьбіраўся выставіць, ня мелі ніякага падтэксту. Адна сьцяна – праваслаўная, другая – каталіцкая. Падтэкст мог быць зусім відавочны: адзін з «аўганцаў» прыйшоў з войска, скончыў акадэмію і вось цяпер піша абразы. Але дзякуючы мясцоваму «аўганцу», старшыню гэтай вэтэранскай арганізацыі, такая выстава не адбудзецца», - кажа мастак.

 

Згаданы Алесем Пушкіным спадар Кузьмянкоў у інтэрв’ю «Радыё Свабода» сказаў, што ня мае да сытуацыі ніякага дачыненьня, паколькі нават не валодае патрэбнымі «забароннымі» паўнамоцтвамі. Аднак дырэктарка цэнтру культуры Ірына Антонава пацьвердзіла, што ранейшы фармат выставы адкарэктаваны.

«Ня будзе Пушкіна, таму што выстава занятая іншай экспазыцыяй, іншымі выставачнымі працамі. Вырашана спыніцца менавіта на фатаздымках Аўганістану, загінулых хлопцаў здымкі будуць. То бок будзе выстава-партрэт», - заявіла яна.

 

Адмену заплянаванай выставы абразоў Алеся Пушкіна дырэктарка цэнтру культуры патлумачыла адсутнасьцю месца.

«У нас, па вялікім рахунку, мала месца. А для таго, каб былі гэтыя абразы... Мы ж ня можам, напрыклад, калі прыйдуць маці загінулых, не зрабіць ніякай выставы. Таму, я думаю, у гэтым Пушкін ня мае рацыі. Гэта ўжо ня тое мерапрыемства, калі трэба на вастрыё нажа ставіць ягоныя асабістыя амбіцыі і чымсьці там потым ганарыцца – што ён вось гэта зрабіў і гэта. А калі маці загінулага прыйдзе сюды – і што?.. Таму адкрыцьцё прызначанае на вечар 13 лютага, будуць экспанавацца ваеннай тэматыкі здымкі Аўганістану, якія мы здолелі сабраць у хлопцаў, пэйзажы Аўганістану, сьцягі палкоў. Увогуле цікавае афармленьне. І крыху мы адышлі ад таго, што плянавалі», - зазначыла Ірына Антонава.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international