Пад сёлетнюю амністыю не трапяць карупцыянеры, а цяжарныя за яе заплацяць

2009 2009-01-22T15:42:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amnistyja.jpg

Па папярэдніх падліках, сёлета па амністыі могуць выйсці на волю каля 4 тысяч асуджаных.

У гэтым годзе ў Беларусі чакаецца чарговая амністыя. У адрозненне ад леташняй яна дазваляе скарачаць тэрмін пакарання зняволеным на год. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў начальнік аддзела па наглядзе за законнасцю выканання крымінальных пакаранняў Генеральнай пракуратуры Юрый Гарошка.

Юрый Гарошка: “Папярэдняя амністыя не дазваляла амніставаць на год, скарачаць на год тэрмін пакарання. Праект гэтай амністыі дазваляе гэта рабіць”.

Праўда, асуджаным па якіх артыкулах скасуюць гэты год, не ўдакладніў, але заўважыў, што абавязковай умовай для амнісціравання, як і летась, з’яўляецца кампенсаванне асуджанымі нанесеных злачынствам стратаў.

Юрый Гарошка: “Кампенсаванне нанесеных злачынствам стратаў – гэта захоўвае і сёлетняя амністыя. Прынамсі, гэта закладзена ў праекце”.

Як патлумачыў Еўрарадыё адвакат Гары Паганяйла, скараціць тэрмін зняволення на год могуць значнай колькасці асуджаных, на якіх амністыя не распаўсюджваецца наўпрост.

Гары Паганяйла: “Звычайна, гэта ўпершыню асуджаныя да пазбаўлення волі. Туды ж маглі патрапіць асобы, з працяглымі тэрмінамі пазбаўлення волі”.

Па яго словах, у законе “Аб амністыі” павінна быць канкрэтна прапісана, на якія катэгорыі асуджаных такая амністыя не распаўсюджваецца. Але пакуль закон не прыняты, абмяркоўваць гэта рана.

Дастаткова шмат катэгорый не патрапіць пад сёлетнюю амністыю. Дакладна вядома, што гэту будуць асобы, асуджаныя за карупцыю. Пра гэта паведаміў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Юрый Барынкоў.

Юрый Барынкоў: “Амністыя будзе з большага падобная на леташнюю, але карупцыйныя злачынцы пад яе не патрапяць”.

Усяго ж, па яго словах, на волю сёлета могуць выйсці каля 4 тысяч чалавек.

Юрый Барынкоў: “З устаноў закрытага тыпу выйсці па амністыі могуць каля 2,5 тысяч асуджаных. Гэта рэальна. Ёсць яшчэ установы адкрытага тыпу, былыя камендатуры, з іх амністыя закране каля 1,5 тысяч чалавек”.

Дарэчы, на пачатку леташняй амністыі меркавалася, што дахаты таксама вернуцца каля 4 тысяч асуджаных. Але ў выніку на волю выйшла толькі 2 тысячы 100 зняволеных. Астатнія заплаціць за сваё вызваленне не здолелі.

Раней цяжарных жанчын і ветэранаў вайны амніставалі ў першую чаргу. І без усялякіх умоў. За выключэннем тых выпадкаў, калі асуджаныя здзейснілі цяжкія злачынствы. Але ў мінулым годзе і перад імі дзяржава паставіла ўмову: на свабоду выйдзе толькі той, хто кампенсаваў нанесеныя дзяржаве страты. У гэтым годзе ўмовы амнісціравання для асуджаных гэтай катэгорыі застаюцца, па словах Юрыя Барынкова, нязменнымі. Ня гледзячы на тое, што сёлетняя амністыя прымеркавана да 65-х угодкаў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Юрый Барынкоў: “Па першым артыкуле такія асуджаныя ідуць, але тут усё залежыць ад цяжару здзейсненага імі злачынства. Такім чынам, менш складанае альбо тое, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, канешне, патрапяць пад амністыю. Але калі ў іх неаплачаныя пазовы, то яны пад яе не патрапяць і не будуць з’яўляцца суб’ектамі амністыі”.

Як паведаміў Еўрарадыё старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі, дэпутаты ўжо прачыталі праект закона “Аб амністыі” і дасылаюць у камісію свае заўвагі і прапановы. Але якія, не ўдакладніў.

Віктар Гумінскі: “Мы разаслалі праект па адпаведных структурах, у тым ліку і дэпутацкіх камісіях. Прапановы паступаюць і камісіяй яны будуць разглядацца. Пакуль яны не разглядаліся, бо збіраць не скончылі. А потым ужо будзе імі займацца”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international