Вернікі Новага Жыцьця: храм не аддамо

2009 2009-01-22T08:11:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пратэстанцкая суполка “Новае жыцьцё” дагэтуль не атрымала пісьмовых аргумэнтаў гаспадарчага суду, які 13 студзеня адмовіў ёй па ўсіх пунктах пазову ў іхнай спрэчцы з гарадзкімі ўладамі. Вернікі зноў рыхтуюцца да абароны свайго храму.

 

21 студзеня на паседжаньні круглага стала ў пытаньнях свабоды сумленьня ў Беларусі юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў пра сытуацыю, у якой апынулася царква:

 

“Як толькі спадарыня Пяткевіч заняла пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта па ідэалёгіі, праз тыдзень наша справа была завершана.

 

Мы вырашылі не аддаваць наш будынак, бо гэта менавіта наш будынак. Яго пабудавалі за нашы грошы і нашымі рукамі. Што ж тычыцца галадоўкі, то калі мы бачым цяперашняе эканамічнае становішча ў сьвеце і ў нашай краіне, дык, на нашу думку, цяпер ня наша чарга галадаць“.

 

Нагадаем: ад 2005 году вернікі “Новага жыцьця” намагаліся адстойваць свае правы ў судовых інстанцыях. Калі ў 2006 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі іх спачатку зямельнага надзелу, а потым і права карыстацца храмам (былым калгасным кароўнікам), вернікі распачалі 21-дзённую галадоўку.

 

Міліцыянты рыхтаваліся да штурму будынку, дзе знаходзіліся вернікі, але пасьля таго як на пляцоўцы перад храмам зьявіліся прадстаўнікі амбасадаў краінаў Эўразьвязу і ЗША, пастара царквы выклікалі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і папрасілі спыніць галадоўку. Пры гэтым Вячаслава Ганчарэнку запэўнілі, што справа ў судзе вырашыцца станоўча.

 
13 студзеня суд вынес рашэньне на карысьць гарадзкіх уладаў.

 
На круглым стале прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфэсій адзначалі, што калі за апошнія чатыры месяцы, у параўнаньні зь мінулым годам, паменела адміністрацыйных спраў супраць актывістаў дэмакратычнага руху, то ў галіне свабоды сумленьня палітыка дзяржавы не зьмянілася.

 
Працягваецца практыка дэпартацыі каталіцкіх сьвятароў, выклікі іх у КДБ і органы мясцовай адміністрацыі. У некаторых рэгіёнах аддзелы адукацыі забараняюць каталіцкім сьвятарам наведваць школьныя сходы, у той жа час дазваляючы гэта сьвятарам праваслаўным.

 
Сустаршыні аргкамітэту дзеля стварэньня БХД заявілі, што будуць разам зь вернікамі-хрысьціянамі дамагацца зьмены закону аб веравызнаньні, а таксама акажуць дапамогу вернікам-пратэстантам “Новага жыцьця” ў іхнім змаганьні за будынак.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international