Празь пяць гадоў беларускамоўныя школы зьнікнуць цалкам?

2009 2009-01-21T10:25:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Толькі 1,9 адсотка гарадзкіх першаклясьнікаў краіны навучаецца сёлета па-беларуску. Гэта ў трыццаць разоў менш, чым у 1993-94 навучальным годзе. У сувязі з такой сытуацыяй Рада Таварыства беларускай мовы заклікала бацькоў, грамадзкіх актывістаў і палітыкаў ужо цяпер заняцца стварэньнем беларускамоўных клясаў і школ для наступнага навучальнага году.

Хоць навучальны год пачаўся амаль пяць месяцаў таму, міністэрства адукацыі толькі цяпер паведаміла статыстыку па беларускамоўным школьніцтве ў краіне. Прычым зрабіла гэта на неаднаразовы запыт актывістаў беларушчыны. Старшыня ТБМ Алег Трусаў лічыць, што затрымка была невыпадковаю.

“Гэта, мабыць, зьвязана з тым, што статыстыка, якую яны нам падалі, вельмі трывожная. Працэсы зьмяншэньня колькасьці дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску, цяпер паскорыліся намнога хутчэй, чым у папярэднія гады. Было па палову адсотка за год, а цяпер – амаль два адсоткі. Маем спад вельмі вялікі і найбольшы ён у гарадах”.

У цэлым па краіне па-беларуску сёлета навучаецца 18,4 адсотка ад агульнай колькасьці школьнікаў. У першых жа клясах па-беларуску вучыцца 16,7 адсотка, а ў гарадах гэтая лічба складае толькі 1,9 адсотка. Нагадаем, што ў 1993-94 навучальным годзе за парты беларускамоўных клясаў і школаў села 76 адсоткаў першаклясьнікаў. У Менску беларускамоўнымі былі 58,6 адсотка першаклясьнікаў. Высновы з такой статыстыкі ў спадара Трусава пэсымістычныя.

“У пэрспэктыве, калі нічога ня зьменіцца, то гэта – поўнае паміраньне гэтага школьніцтва. Чаму? Таму што працэс зьнікненьня вёскі непазьбежны і калі мы беларускамоўны горад страцім, то мы паступова страцім і дзяржаву, і незалежнасьць”.

Сваю трывогу з нагоды сытуацыі зь беларускамоўным школьніцтвам Рада ТБМ выклала ў адмысловай заяве, якую адрасуе ўсім адпаведным дзяржаўным органам і грамадзкай супольнасьці.

Спадар Трусаў працягвае:

“Мы спадзяемся, што грамадзкія актывісты, перш-наперш тыя, якія лічаць сябе прадстаўнікамі вольнай супольнасьці, пачнуць справу па стварэньні беларускамоўных клясаў ужо цяпер, не чакаючы лета, калі ўсе будуць у адпачынках. Трэба цяпер ужо зьбіраць заявы і перадаваць іх у адміністрацыі сваіх гарадоў і вёсак, каб людзі загадзя бачылі становішча з гэтым. Ну і канечне, касьцяком гэтых клясаў павінны быць дзеці і ўнукі дэмакратычных актывістаў, тых жа сяброў АГП, БНФ, Грамады і гэтак далей. Разам яны складаюць немалую колькасьць”.

Калі ж гэтага цяпер не зрабіць, дадае кіраўнік ТБМ, то празь пяць, сама болей сем гадоў у Беларусі не застанецца беларускамоўных школьнікаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international