Новы прэзідэнцкі закон не вяртае льготаў чарнобыльцам

2009 2009-01-16T13:52:23+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як высвятлілася, новы закон аб сацабароне "чарнобыльцаў" усяго толькі кампіляцыя ўжо існуючых заканадаўчых актаў.
14 студзеня прэзідэнт краіны падпісаў закон "Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый". Як адзначалі СМІ, дакумент забяспечыць "належны ўзровень" сацыяльнай абароны "чарнобыльцам". Але ў гэты "належны ўзровень" не ўвайшоў бясплатны праезд ды іншыя ільготы, скасаваныя ў канцы 2007 году.

Ды і ўвогуле, новым законам назваць гэта цяжка, бо новага нічога там няма. Па сутнасці, ён складаецца з актаў, якія дзейнічалі і дагэтуль, гаворыць начальнік аддзела сацыяльнай абароны Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы МНС Беларусі Ўладзімір Кудзін.

Уладзімір Кудзін: Аніякіх ільготаў не вяртаецца. У новы закон перайшлі ўсе тыя ільготы, якія дзейнічаюць сёння. Асноўныя з іх вызначаныя законам "Аб сацыяльных льготах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян", прынятым у 2007 годзе. Гэта базавы закон, на аснове якога будуецца базавае заканадаўства па ільготам.

Нагадаем, што менавіта гэты базавы закон скасаваў шматлікія ільготы.

Спадар Кудзін распавёў, што новы закон прадугледжвае дапамогу не толькі "чарнобыльцам", але і пацярпелым ад іншых радыяцыйных аварый, што адлюстравана ў назве акту.

Уладзімір Кудзін: Спачатку рыхтаваўся закон аб унясенні змен у былы закон. Але там столькі змен, што вырашылі зрабіць гэта асобным законам. Ён і называецца інакш - "Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, іншых радыяцыйных аварый". Гэта таму што ў ім з'явіліся новыя катэгорыі грамадзянаў, якія пацярпелі не ад ЧАЭС, а ад іншых радыяцыйных аварый.

У чым канкрэтна выявіцца абарона, Уладзімір Кудзін не кажа: раіць чытаць закон. "Можа, хаця б бясплатны праезд для пацярпелых на АЭС вернуць?", - спыталі мы.

Уладзімір Кудзін: Нічога такога няма. Ніводнай новай ільготы ў гэтым законе няма.

Пра тое, што закон фактычна з'яўляецца зборнікам тых актаў, якія дзейнічалі раней, гаворыць і прэзідэнт Беларускай грамадскай арганізацыі "Інваліды Чарнобыля" Уладзімір Камянкоў. На новыя ільготы ён не разлічваў. Ды і тэрміна такога ўжо няма, кажа спадар Камянкоў: замест "ільготаў" зараз — "сацыяльная абарона".

Уладзімір Камянкоў: Засталося толькі тое, што і было раней. Чым адрозніваецца гэты закон — гэта тым, што ў адзін дакумент сабралі ўсе раней разрозненыя матэрыялы. Ды льготаў цяпер няма. Яны называюцца "сацыяльная абарона", а льготы - гэта ўжо аджылы тэрмін.

Дзяржава яшчэ ніколі не вяртала "чарнобыльцам" тых ільготаў, якія дагэтуль забірала, распавёў Еўрарадыё старшыня фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзь Грушавы. Каб пералічыць былыя ільготы, якія зараз не дзейнічаюць, спадару Грушавому спатрэбілася б каля паўгадзіны.

Генадзь Грушавы: Я магу гарантаваць, што ніякіх ільгот дзяржава нікуды не вяртала. А каб пералічыць тыя, якія яно забрала, мне патрэбна хвілін, напэўна, 25 з тэкста былога закона зачытваць. Той закон быў прыняты ў 1991 годзе. Ён прадугледжваў увесь пералік кампенсацый ды льготаў розным катэгорыям. Я сам гэты закон пісаў. Але на 2006 год ад гэтага закона засталася толькі чвэрць артыкулаў. Як вынік — у мінулым годзе чарнобыльскі падатак быў адменены. Па сутнасці, дзяржава спыніла фінансаванне сацыяльнай праграмы дапамогі людзям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі.

Паводле слоў Генадзя Грушавога, дзяржава ніколі не вернецца да ільготаў, таму што збіраецца будаваць АЭС.

Генадзь Грушавы: Да льготаў дзяржава ніколі не вернецца. І прычыны тут дзве. Па-першае, дзяржава адкрыта заяўляе, што чарнобыльская трагедыя ў мінулым. Цяпер трэба забыць пра чарнобыльскія праблемы і рыхтавацца да будаўніцтва атамнай станцыі. Нельга адной рукой будаваць атамную станцыю, а другой - падтрымліваць грамадства ільготамі. Гэта проста несумяшчальныя палітычныя рашэнні. Па-другое, сёння, па сутнасці, няма сродкаў ні на адну сур'ёзную сацыяльную праграму.

Да 17 снежня 2007 году пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС мелі права на бясплатныя лекі, бясплатны праезд у гарадскім і прыгарадным транспарце, штогадоваю бясплатную пуцёўку у санаторый і інш.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international