viasna on patreon

Ці дапамогуць Навумаву чужыя “пальчыкі”?

2009 2009-01-15T13:42:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нарэшце стала вядома прычына, па якой беларускія праваахоўныя органы да гэтага часу так і не здолелі высветліць імёны злачынцаў, якія сапсавалі святкаванне Дня Незалежнасці 4 ліпеня 2008 года і ўчынілі выбух.

Але прычына гэта не ў тым, што дрэнна працуюць следчыя. І не ў тым, што магчымыя арганізатары выбуху – знакамітыя і недасягальныя міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі, кшталту Аль Каіды, да якіх рукі беларускай Феміды не могуць дацягнуцца. І не ў тым, што айчынныя спецслужбы самі гэты выбух арганізавалі, а сваіх, як вядома, ў нас не здаюць і не саджаюць. Прынамсі, тых сваіх, якія больш свае, чым усе астатнія. Прычына простая, як свіная шкварка – не ва ўсіх грамадзян Беларусі міліцыянты яшчэ ўзялі адбіткі пальцаў. Некаторыя з іх апынуліся да такой ступені дасведчанымі, што адмаўляюцца даваць следчым свае пальчыкі. І закон ім гэта дазваляе!

Вось і падала Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі хадайніцтва ў Савет бяспекі і Савет міністраў аб змене артыкула 1 закона аб дзяржаўнай дактыласкапіі.

"Мы прапануем унесці ў закон змены, па якіх дактыласкапію павінны будуць праходзіць не толькі прызыўнікі, але і ўсе ваеннаабавязаныя грамадзяне", - сказаў Уладзімір Навумаў на прэс-канферэнцыі 15 студзеня ў Мінску.
Кіраўнік МУС вось так проста ў вочы і сказаў, што змены неабходныя для таго, каб спрыяць больш хуткаму раскрыццю справы аб выбуху ў Мінску. І тут жа ў чарговы раз самаўпэўнена выказаўся наконт таго, што ён не мае сумневаў у тым, расследаванне скончыцца паспяхова.

Нагадаем, што пасля выбуху ў Мінску дактыласкапію ўжо прайшлі дзесяткі тысяч чалавек – працоўных прадпрыемстваў, супрацоўнікаў фірмаў і інстытутаў, студэнтаў і нават школьнікаў – пераможцаў алімпіядаў па хіміі… Але выніку як не было, так і няма вось ужо колькі месяцаў. І даваць справаздачу грамадскасці наконт таго, як ідзе следства, міліцыянты катэгарычна адмаўляюцца. Нібыта таму, што гэта таямніца следства.

Безумоўна, даведацца імёны мінёраў хацелася б. але ці дапаможа ў гэтым пагалоўная дактыласкапія ўсіх грамадзян Беларусі? Наўрад ці. Прынамсі, цяжка ўявіць, што следству дапамогуць адбіткі пальчыкаў, да прыкладу, актывістаў апазіцыі з Астраўца альбо Рэчыцы, якія не тое, што 4 ліпеня, але і некалькі тыдняў да таго не былі ў сталіцы. А, як вядома, менавіта за апазіцыянераў, скарыстаўшыся выпадкаў, узяліся ў першую чаргу міліцыянты і гэбісты па ўсёй краіне. Ці там і ці так трэба шукаць злачынцаў? Пытанне рытарычнае. Да таго ж, ці не час прадстаўнікам нашых праваахоўных органаў больш уважліва паглядзець у люстэрка. І не толькі з нагоды выбуху.

Па прызнанні самога міністра ўнутраных спраў, у 2008 годзе за розныя злачынствы асуджаныя 103 супрацоўнікі беларускай міліцыі. У адносінах міліцыянтаў было ўзбуджана каля 200 крымінальных спраў. Больш за 5 тысяч супрацоўнікаў міліцыі летась былі прыцягнутыя да розных відаў адказнасці. Прыкладна ў чатыры разы ў параўнанні з 2007 годам узрасла колькасць тых, хто прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У асноўным, па словах Уладзіміра Навумава, гэта датычыцца пытанняў бяспекі дарожнага руху. Каля 150 міліцыянтаў затрымліваліся за кіраванне транспартнымі сродкамі ў нецвярозым стане. Усе яны звольненыя з органаў унутраных спраў. Звольняць, паводле абяцанняў міністра, і ўсіх супрацоўнікаў МУС, якія былі замешаныя ў махінацыях з катэджамі ў прыродаахоўнай зоне Мінска. Толькі хачу адзначыць: звольняць тых, пра чые махінацыі стала вядома. Але ці “ўсе” гэта?

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства