Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, сьнежань 2008 году

2009 2009-01-14T17:19:44+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошні месяц году падсумаваў ягоныя вынікі і яскарава прадэманстраваў, што, нягледзячы на жаданьне ўладаў весьці дыялог з Захадам, праблемы з правамі чалавека застаюцца на ранейшым узроўні, і сітуацыя не мяняецца. З аднаго боку, вяртаньне дзьвюх (толькі дзьвюх!) незалежных газэт у дзяржаўную сістэму распаўсюду, рэгістрацыя грамадзкага праваабаронча-асьветніцкага аб’яднаньня “Рух “За свабоду” з чацьвёртай спробы. З другога боку, адміністратыўны ціск на апазіцыйна настроеных грамадзянаў.

10 сьнежня ўся сусьветная грамадзкасьць адзначала 60-годзьдзе прыняцьця найважнейшага дакумента – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Мала таго, што самі беларускія ўлады праігнаравалі гэтую дату, дык яшчэ і прынялі ўсе меры, каб праваабаронцы не змаглі зладзіць акцыі, прымеркаваныя да яе.

Таксама ў Беларусі захаваўся палітычна матываваны крымінальны перасьлед удзельнікаў мірных дэмакратычных акцыяў. Вынесены прысуд апошняму ўдзельніку “Працэса 14-ці” моладзеваму актывісту Аляксандру Баразенку ў выглядзе абмежаваньня волі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International выдала штогадовую справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце за мінулы год (з траўня 2007 па травень 2008 г.). У разьдзеле даклада, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць, юрыдычны перасьлед апазіцыйных актывістаў, а таксама працяг выкананьня сьмяротных пакараньняў. Змаганьне супраць сьмяротнага пакараньня было адным з галоўных напрамкаў дзейнасьці Amnesty International ад пачатку яе стварэньня. Юрыдычная практыка Беларусі кідае выклік гэтым памкненьням арганізацыі. Беларусь — адзіная краіна ня толькі ў Еўропе, але і ў рэгіёне, якая працягвае выконваць сьмяротныя пакараньні. У дакладзе прывоздяцца шматлікія выпадкі крымінальнага перасьледу актывістаў “Маладога Фронту”, якія прыцягваліся да адказнасьці за “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі”. Таксама прыгадваецца выпадак з праваабарончай арганізацыяй “Вясна”, якая была зьліквідаваная ў 2003 годзе. Летась у ліпені Камітэт ААН па правах чалавека прыняў пастанову, у якой расцаніў ліквідацыю “Вясны” як парушэньне беларускімі ўладамі права на свабоду асацыяцыяў і прапанаваў выправіць сітуацыю, аднак беларускія ўлады праігнаравалі гэтую рэкамендацыю. Сёлетняя справаздача Amnesty International сапраўды пацьвярджае, што Беларусь застаецца несвабоднай краінай.

Дэмакратычная краіна не можа існаваць без свабоды слова, а гэтае пытаньне ў Беларусі стаіць даволі востра. Ціск на незалежныя СМІ і прымусовая падпіска на дзяржаўныя СМІ. Так, напрыканцы сьнежня шэраг дзяржаўных установаў, арганізацыяў і прадпрыемстваў удзельнічалі ў кампаніі па абавязковай ведамаснай падпісцы на дзяржаўныя выданьні. Рэдактары “Нашай Нівы” і “Народнай волі”, у сваю чаргу, таксама заклікалі чытачоў не спадзявацца на кіёскі «Белсаюздруку» і афармляць падпіску. Між тым іншыя недзяржаўныя газеты па-ранейшаму пазбаўленыя магчымасьці распаўсюду праз гандлёвую сетку прадпрыемстваў «Саюздруку». Гэта грамадзка-палітычныя выданьні: «Товарищ», «Новы час» і рэгіянальныя: «Бобруйский курьер», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета для Вас» (Івацэвічы), «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press» (Баранавічы), «Нясвіжскі час». Не маюць магчымасці патрапіць да чытача праз паштовую падпіску: «Товарищ», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Новы час», «Борисовские новости», «Витебский курьер М», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press». Паводле юрыстаў ГА “БАЖ”, у 2008 годзе становішча са свабодай слова ў Беларусі было “вельмі цяжкае”. “Улады працягвалі, карыстаючыся адміністратыўнымі мерамі ўздзеяньня, выцясьняць недзяржаўныя СМІ з інфармацыйнага поля”, - адзначыў Міхаіл Пастухоў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

8-9 сьнежня ў судзе Цэнтральнага раёну сталіцы праходзіў разгляд крымінальнай справы, узбуджанай супраць моладзевага актывіста студэнта-каліноўца Аляксандра Баразенкі па ч.1 арт. 342 КК РБ (“Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак”). З 27 кастрычніка ён ўтрымліваўся ў СІЗА на вул. Валадарскага, каля будынку якога сябры і паплечнікі арыштаванага неаднаразова праводзілі акцыі салідарнасьці. На судовае паседжаньне прыйшло больш за паўсотні людзей, сярод іх палітыкі і грамадзкія дзеячы, прадпрымальнікі, праваабаронцы і моладзь. У судовую залу аднак не змаглі патрапіць усе жадаючыя, бо туды міліцыянты ў цывільным правялі вялікую групу студэнтаў, якія і занялі большасьць месцаў. У дворыку суда пад пільным прыглядам супрацоўнікаў праваахоўных органаў моладзь узняла сьцягі і расьцяжкі. У непасрэднай блізкасьці, каля будынку Вярхоўнага суду дзяжурылі два аўтазакі з амапам.

Падчас судовага разбіральніцтва былі дапытаныя чацьвёра сьведкаў - дырэктары транспартных прадпрыемстваў, якія распавялі, што аніякага ўрону нанесена не было, бо збоі працы на грамадзкіх маршрутах у Менску адбываюцца амаль кожны дзень, у тым ліку і ў сувязі з перасоўваньнем картэджаў Аляксандра Лукашэнкі, таму казаць пра памер недаатрыманага прыбытку прадпрыемства не выпадае абсалютна. Таксама былі прагледжаныя відэаматэрыялы справы, зьнятыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Аднак былі паказаныя толькі агульныя планы акцыі, а не ўдзел у ёй моладзева актывіста. Тым ня менш судзьдзя Натальля Вайцяховіч прысудзіла Аляксандра Баразенку, апошняга з абвінавачаных па “справе 14‑ці”, якія бралі ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў ў студзені 2008 году, да аднаго году абмежаваньня волі без накіраваньня ў выпраўленьчыя ўстановы. Актывіст з прысудам ня згодны і намераны абскарджваць яго ў вышэйстаячых інстанцыях.

  1. Перасьлед праваабаронцаў

4 сьнежня да баранавіцкага праваабаронцы Сяргея Гоўшы на кватэру зьявіўся міліцыянт з намерам правесьці вобшук. Шукаць ён зьбіраўся забароненую літаратуру, якую праваабаронца нібыта захоўвае ў сябе дома. Паколькі самога сп. Гоўшы дома не аказалася, ягоная жонка адчыніла дзьверы і заявіла, што ў кватэру не ўпусьціць. Па запатрабаваньні міліцыянта яна прынесла свой пашпарт, пасьля праверкі якога супрацоўнік праваахоўных органаў, капітан Бахарэвіч Яўген Іванавіч, сыйшоў. Ніякіх дакументаў на правядзеньне сьледчага мерапрыемства ў яго не было. Сяргей Гоўша ўпэўнены, што візіт міліцыянта быў зьвязаны з намерам праваабаронцаў адзначаць 10 сьнежня 60-ыя ўгодкі прыняцьця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

10 сьнежня ў цэнтры Менску падчас распаўсюду Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека былі затрыманыя беларускія праваабаронцы. Усяго, разам з моладзевымі актывістамі, якія прымалі удзел у акцыі, прымеркаванай да юбілею прыняцьця асноўнага дакументу па правам чалавека, былі затрыманыя з ужываньнем фізічнай сілы больш за 20 чалавек. Сярод затрыманых аказаліся Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Алег Мацкевіч, Марына Статкевіч, Ірына Тоўсьцік і Сяргей Сыс. Супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным і не пажадалі назваць сябе, хаця па законе абавязаныя прад'явіць дакументы. Праваабаронцаў прымусова даставілі ў Цэнтральны РУУС, дзе пратрымалі тры гадзіны. Пасьля таго, як перапісалі пашпартныя зьвесткі, усіх вызвалілі без якіх-небудзь тлумачэнняў. Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі пракаментаваў затрыманьне наступным чынам: «Мы раздавалі мінакам Дэкларацыі правоў чалавека і інфармацыйныя ўлёткі аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. На жаль, акцыю не атрымалася правесьці так, як планавалася. Непрыемна і прыкра, што ў нашай краіне, якая падпісала Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека, яе нельга раздаваць людзям».

10 сьнежня ў Гародні таксама падчас правядзеньня акцыі, прысьвечанай 60-годзьдзю прыняцьця дэкларацыі правоў чалавека, супрацоўнікі сілавых ведамств затрымалі праваабаронцаў Віктара Сазонова, Уладзіміра Хільмановіча, а таксама Яна Романа, Алега Калінкава і іншых удзельнікаў акцыі.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

24 сьнежня актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алег Ладуцька аштрафаваны на 5 базавых велічыняў (175 тыс. руб) за расклейку налепак з сімволікай Еўразьвязу. Такое рашэньне прыняла адміністратыўная камісіяя Савецкага раёну сталіцы пад кіраўніцтвам Залешчука У. К.

29 сьнежня судзьдзя Клецкага райсуду Алена Гасьцеева аштрафавала рэгіянальнага каардынатара “Руху “За свабоду” Сяргея Панамарова на 30 базавых велічыняў – 1 мільён 50 тысяч рублёў. Яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу 7 сьнежня. Актывіст абураны, бо 7 сьнежня ў Клецку не было аніякага мітынгу: “Сваё рашэньне судзьдзя мне на рукі не дае. А мяне папярэдзілі, што ў такім выпадку яна можна нешта выдумаць. Напэўна, будзе раіцца са старшынёй суду альбо міністэрствам. Будуць такім чынам „ляпіць“ паперу. Таму вось зараз пішу заяву, аднясу ў суд і паспрабую пачытаць рашэньне асабіста”. Радыё “Свабода” раней паведамляла, што 7 сьнежня ў Клецку планавалася сустрэча насельніцтва са старшынёй добраахвотнага Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры Антонам Астаповічам. Аднак супрацоўнікі аддзелу культуры Клецкага райвыканкаму і мясцовыя міліцыянты не пусьцілі ахвотных у Палац культуры. Пазьней міліцыянты абвінавацілі Сяргея Панамарова ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу.

  1. Парушэньне права на свабоду асацыяцыяў

5 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд скаргі заснавальнікаў СПГА "Гарызанталь" да Мінюсту, які 23-га кастрычніка адмовіў арганізацыі ў рэгістрацыі на падставе таго, што нібыта баў парушаны парадак правядзеньня устаноўчага сходу, а таксама не прадстаўлены сьпіс яе заснавальнікаў і кіраўнічых органаў. Заснавальнікі аб’яднаньня лічаць, што довады Міністэрства юстыцыі не зьяўляюцца абгрунтаванымі.

9 сьнежня Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэньне аб правядзеньні почыркаведчай экспертызы ў дачыненьні да заснавальнікаў сацыяльна-патрыятычнага грамадзкага аб’яднаньня "Гарызанталь". Хадайніцтва аб яе правядзеньні вылучыла Міністэрства юстыцыі. На думку кансультанта ўпраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў установы Аляксандра Харытона, некаторыя подпісы, пастаўленыя на дакументах аб заснаваньні арганізацыі адрозьніваюцца ад іх подпісаў у іншых дакументах. Нагадаем, што гэта ўжо другая спроба абскардзіць адмову ў рэгістрацыі. Калі Вярхоўня суд іна гэты раз не задаволіць скаргу заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня на дзеяньні Мінюсту, яны маюць намер правесьці яшчэ адзін з’езд. Стваральнікі “Гарызанталі” – беларускія левыя, апазіцыйныя да ўладаў. Найперш, гэта сябры Партыі камуністаў Беларускай, а таксама актывісты ліквідаванай Беларускай партыі працы. Свой назоў арганізацыя абрала невыпадкова: яшчэ на першым устаноўчым сходзе было заяўлена, што “Гарызанталь” ствараецца “для актывізацыі палітычнага жыцьця грамадзян, а таксама ў супрацьвагу існуючай у Беларусі вэртыкалі ўлады”.

Напярэдадні калядных і навагодніх сьвятаў Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася сваёй сядзібы, якая месьцілася ў Траецкім прадмесьці ў цэнтры Менску. Актывісты Таварыства да апошняга спадзяваліся захаваць за сабою памяшканьне і, адпаведна, юрыдычны адрас, аднак не атрымалася. Па словах старшыні таварыства Антона Астаповіча, дамова на арэнду не была працягнутая з боку Арэнднай камісіі Менгарвыканкаму і Камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына”яшчэ ў траўні, але арганізацыі атрымалася праседзець у займаеным памяшканьні амаль да канца году без дамовы арэнды. Між тым, будынак, дзе знаходзіўся офіс, належыць самому Таварыству аховы помнікаў, паскрэсьліў сп. Астаповіч, аднак у 2004 годзе яго беспадстаўна і незаконна нацыяналізавалі праз Гаспадарчы суд. “Прычыну ў такім стаўленьні да нас я бачу толькі ў дзейнасьці самога Таварыства, таму што мы бы костка ў горле для нашага гарвыканкама, паколькі мы вельмі актыўна ўздымаем праблемы, у першую чаргу, па горадзе Менску, зьвязаныя з парушэньнямі гісторыка-культурнае спадчыны, а тут парушэньні татальныя”, - адзначыў Антон Астаповіч.

23 сьнежня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд паведаміў пра намер атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі. "У красавіку 2009 года мы маем намер правесці чацвёрты ўстаноўчы з'езд, — паведаміў ён. — Пакуль жа мы для міністэрства існуем у статусе аргкамітэта. Па сутнасьці, партыя знаходзіцца ў грамадзянскім шлюбе, хаця хацела б жыць у законе".

Зарэгістраваная ў Чэхіі арганізацыя "Малады фронт" таксама мае намер працягнуць спробы зарэгістравацца ў Беларусі. "Рэгістрацыя Мінюстам руху "За Свабоду" — адно з найбольш значных дасягненьняў дыялогу ўлады з Еўрасаюзам, — зазначыў лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч. — Але будзем памятаць, што за 10 гадоў зарэгістраваныя палітычныя партыі так і не змаглі дамагчыся дэмакратызацыі грамадзтва". Паводле ягоных словаў, дзеяньні зарэгістраваных партыяў і арганізацыяў улады могуць адсочваць больш эфектыўна.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

На пачатку сьнежня прадстаўніку дэмсілаў з Гомельскай вобласьці Кастусю Жукоўскаму даслалі ліст з пракуратуры Веткаўскага раёна, у якім папярэдзілі аб недапушчальнасьці супрацоўніцтва з незалежным тэлеканалам “Белсат”. Як паведаміў БелаПАН сп.Жукоўскі, у лісьце паведамляецца, што пракуратура праводзіла праверку па заяве старшыні райсавета дэпутатаў Яўгена Чэванькова. Калі ж будуць выяўленыя паўторныя факты супрацоўніцтва з дадзеным СМІ Канстанцін Жукоўскі будзе прыцягнуты да адказнасьці. “Я балатаваўся ў парламент па гэтай акрузе і сапраўды сёе-тое здымаў для сябе на камеру. Я грамадзянін Беларусі, таму маю права па канстытуцыі перадаваць сабраную мной інфармацыю любому каналу — ці то БТ, CNN або РТР”, — пракаментаваў сітуацыю актывіст.

12 сьнежня суд Іўеўскага раёна паўторна разгледзеў справу аб прызнаньні экстрэмісцкім жнівеньскага нумару незарэгістраванай газеты «Свабода». Як паведаміў адвакат Павел Сапелка, які прадстаўляў інтарэсы выданьня, начальніку ўпраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласьці Ігару Сяргеенку адмоўлена ў разглядзе справы, паколькі экстрэмісцкіх публікацый у газеце па-ранейшаму не выяўлена. Нагадаем: 9 верасьня суд Іўеўскага раёну прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванага выдан ня «Свабода» (№ 127 за 14–27.08.2008) экстрэміcцкім і пастанавіў з нішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску. Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасьня начальнік Упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласьці Ігар Сяргеенка. УКДБ падалася падазронай публікацыя «Вайна ў Грузіі», зьмешчаная ў нумары выданьня. 5 лістапада Гродзенскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэньне суду Іўеўскага раёну. Суддзя Аляксандр Сіцько прыняў рашэньне матэрыялы па гэтай справе накіраваць на новы разгляд.

 15 сьнежня ў будынку выканкама Ленінскага раёна сталіцы ненадоўга затрымалі актывістаў АГП Зьмітра Кавалгіна і Кацярыну Шакаль, якія распаўсюджвалі зарэгістраваную незалежную газету «Новы Час». Затрыманне маладых людзей адбылося з ініцыятывы кіраўніка справамі выканкама Уладзіміра Ліцецкага. Таксама за распаўсюд газеты «Новы Час» у Астравецкім райвыканкаме (Гродзенская вобласьць) быў затрыманы дэмакратычны актывіст і праваабаронца Іван Крук, які зьяўляецца адным з арганізатараў грамадзкай ініцыятывы супраць пабудовы АЭС на Астравеччыне. Супрацоўнікі райвыканкама склалі акт «аб незаконным распаўсюдзе» газеты і прыгразілі накіраваць дакумент у раённую пракуратру для праверкі дзеяньняў сп. Крука.

 16 сьнежня супрацоўнікі міліцыі затрымалі моладзевага актывіста Алеся Круткіна і даставілі ў пастарунак, дзе дзьве гадзіны распытвалі, што той меркаваў рабіць з газэтай “Беларусь партызанская”, якую ў яго знайшлі пры асабістым даглядзе. Алесь Круткін патлумачыў, што гэтая газэта выдаецца пры падтрымцы Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і што выданьне, якое мае наклад 299 паасобнікаў, не падлягае рэгістрацыі ў якасьці пэрыядычнага сродку масавай інфармацыі. Міліцыянты сказалі, што гэтыя тлумачэньні іх не задавальняюць, і канфіскавалі 18 паасобнікаў газэты — як паведамілі Алесю Круткіну, нібыта для экспэртызы выданьня і ягонага зьместу.

 18 сьнежня ў Гомелі ў міліцыю выклікалі сябра ГА «БАЖ» Дзмітрыя Кармазіна. Паводле позвы, ён мусіў зьявіцца для сьведчаньня. Але адразу пасля прыходу журналіста ў 1-е аддзяленьне міліцыі Цэнтральнага раёну ў яго ўзялі адбіткі пальцаў, а ўжо потым цікавіліся, «што ён думае пра выбух 4 ліпеня ў Менску». Пры гэтым міліцыянты не дазволілі прысутнічаць пры допыце ў якасьці грамадзкага прадстаўніка сябры ГА «БАЖ» Тацьцяне Бублікавай.

24 сьнежня стала вядома, што ў Гомелі на дактыласкапію таксама выклікалі ў міліцыю карэспандэнта газеты «Комсомольской правды» в Белоруссии» Паўла Міцкевіча. Яго папярэдзілі, што ў выпадку адмовы ад гэтай працэдуры ім “зоймуцца іншыя органы”.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

3 сьнежня суд Ленінскага раёну Берасьця прызнаў актывістаў Жану Абрамаву, Юрыя Бакура і Івана Стасюка віноўнымі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП (“парушэньне вызначанага парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў”) і пакараў кожнага ўдзельніка пікета штрафам у памеры 2 базавыя велічыні. Напярэдадні ў цэнтры гораду актывісты зладзілі пікет супраць рашэньня аб высяленьні прыхільніцы Руху “За Свабоду” Жаны Абрамавай з кватэры. Разам з Жанай на вуліцы аказаліся яе маленькая сястра і маці. Па словах праваабаронцы Рамана Кісляка, дэмакратычныя сілы гораду дамовіліся аб тым, што будуць працягваць змагацца за правы Жаны Абрамавай і яе сям’і, падрыхтаваная скарга на рашэньне суда Маскоўскага раёну аб высяленьні.

14 сьнежня у клубе "Акварыюм" не адбылося запланаванае мерапрыемства – "Кліп-марафон", бо клуб быў тэрмінова зачынены на рамонт. "У нас была дамова з дырэктарам клуба, аднак у апошні момант прыйшла папера з санстанцыі з патрабаваньнем тэрмінова закрыць клуб, – расказаў БелаПАН адзін з арганізатараў Франак Вячорка. – Гэта першая сарваная імпрэза ад моманту сустрэчы музыкаў з Праляскоўскім" *(маецца на ўвазе размова беларускіх рок-музыкантаў з кіраўніком ідэалагічнага аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта у лістападзе 2007 г.).* Цырымонія ўручэньня прэміі найлепшым беларускім музычным відэаролікам “Кліп-Марафон-2008” была перанесеная ў сядзібу БНФ і адбылася 28 сьнежня. На ёй была прэзентаваная першая ў Беларусі DVD–складанка, на якую ўвайшлі 43 кліпы за 1988—2008 гг. Аўтар ідэі "Кліп-марафона", актывіст "Моладзі БНФ" Міхал Нядзьвецкі лічыць свой праект унікальным: "Такога раней у Беларусі не было. Мы зрабілі нешта кшталту "MTV Music Video Awards". Мы сабралі найлепшае музычнае відэа, каб вызначыць найлепшае".

  1. Звальненьні па палітычных матывах

У канцы сьнежня Зьмітра Кухлея, актывіста руху “За Свабоду”, адміністрацыя прадпрыемства “Мастоўдрэў” папярэдзіла аб скарачэньні за месяц. Тым ня менш ён лічыць, што парушаныя ягоныя правы. Грамадзка-палітычны актывіст працаваў на мэблевай фабрыцы “Мастоўдрэў” перакладчыкам. Ён таксама зьяўляецца дэпутатам раённага савету, а таму лічыць, што адміністрацыя парушыла заканадаўства, паколькі звольніць яго маглі толькі са згоды раённых дэпутатаў. Сп. Кухлей мае намер абскарджваць рашэньне адміністрацыі прадпрыемства ў судзе.

Таксама напрыканцы сьнежня ў Баранавічах з актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Рыгорам Грыкам адміністрацыя прадпрыемства прадзільна-ткацкай фабрыцы № 2, якая ўваходзіць у РУП «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне», не працягнула працоўны кантракт на наступны год. Сп. Грык 17 год прапрацаваў на ёй слесарам-рамонтнікам, зараз яму 42 гады, а на аб'яднаньні, як ён паведаміў, працуе шмат пенсіянераў і працоўных, якія прыйшлі на прадпрыемства пазней за яго. Такія дзеяньні ён зьвязвае са сваёй палітычнай дзейнасьцю, бо восеньню балатаваўся ў дэпутаты «парламента» ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл па Баранавіцкай сельскай акрузе № 7. Каля прахадной аб'яднаньня актывіст неаднаразова раздаваў незалежныя выданьні. З дружыны прадпрыемства яго выгналі з фармулёўкай «за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах у Менску».

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

У сьнежні каталіцкаму сьвятару Збігневу Грыгарцэвічу, грамадзяніну Польшчы, пробашчу парафіі Сашэсьця Сьвятога Духу ў Барысаве, без якога-небудзь тлумачэньня адмоўлена ў працягненьні беларускай візы. Як патлумачыў айцец Збігнеў карэспандэнту «Барысава Электроннага», яму далі зразумець, што прычына адмовы ў яго «залішняй актыўнасьці ў грамадзкай дзейнасьці». На думку сьвятара, вырашальную ролю сыграла сітуацыя з правядзеньнем у горадзе канцэрту хрысьціянскай музыкі ў верасьні гэтага году. Тады райвыканкам, у асобе намесьніцы старшыні райвыканкама па ідэалогіі Валянціны Шутко і намесьніцы старшыні райсавета Людмілы Гарнак, спачатку дазволіў праводзіць канцэрт, але перад самым пачаткам мерапрыемства дазвол быў адменены.

14 сьнежня ў Менску на прасьпекце Пераможцаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў быў затрыманы за пропаведзь сьвятар царквы «Новае жыцьцё» рэлігійнага аб'яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Евангельля Сяргей Луканін. Міліцыянты ў рэзкай форме папрасілі яго пакінуць тэрыторыю, а пасьля скруцілі і завалаклі за будынак Палаца спорту, пагражаючы пазбаўленьнем волі. “Я адказаў, што і ў зьняволеньні буду казаць аб Ісусе Хрысьце. Толькі пасля таго, як я змог дастаць пасьведчаньне сьвятара, сьпецназаўцы запісалі мае дадзеныя, папрасілі прабачэньня і паведамілі, што дзейнічаюць па загадзе і на падставе закона", — распавёў С.Луканін. Ён адзначыў, што ў чарговы раз сутыкнуўся з недасканаласьцю айчыннага рэлігійнага заканадаўства, якое супярэчыць Канстытуцыі краіны і Бібліі. Аднак сьвятар мае намер і надалей прапаведаваць Евангельле.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international