За што айца Збiгнева выдалілi з Барысава?

2009 2009-01-13T15:00:04+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У снежнi 2008 года беларускiя ўлады спачатку не падоўжылi знаходжанне ў Беларусi тром замежным каталiцкiм святарам, якiя працавалi ў Гродзенскай вобласцi, а потым — i айцу Збiгневу Грыгарцэвiчу, ксяндзу Барысаўскага касцёла Народзiнаў Прасвятой Дзевы Марыi, таксама грамадзянiну Польшчы.

Нагадаю, тры гады таму такi ж лёс напаткаў папярэднiка З.Грыгарцэвiча па службе ў Барысаўскiм касцёле, земляка i калегу — айца Роберта Кшэвiцкага.

Што ж гэта за каталiцкiя святары-мiсiянеры, якiх праз два-тры гады беларускiя ўлады выштурхоўваюць з краiны? Чаму яны, рызыкуючы сваiмі нервамi, здароўем, а таксама тым, што мы называем службовым і прафесiйным становiшчам, усё ж едуць у Беларусь да тутэйшых каталiкоў? Нарэшце, за якiя такiя правiны iх выдаляюць адсюль?

З айцом Збігневам дамовiлiся, што сустрэнемся па заканчэннi ранiшняй лiтургii 25 снежня 2008 года ў прыкасцельнай плебанii, дзе жыў Грыгарцэвiч. Я папрасiў у суразмоўцы дазвол на дыктафонны запiс.

— Шаноўны айцец Збiгнеў, чаму беларускiя ўлады хочуць вас выдалiць з Барысава, з Беларусi? Вельмi ўжо ўсё змахвае на дэпартацыю...

— Гэта, канешне, не дэпартацыя. Проста барысаўскiя ўлады не даюць мне даведку, на падставе якой я, замежны святар, тут, у Беларусi, магу падоўжыць сваю вiзу дзеля свайго далейшага знаходжання ў вашай краiне. Прынамсi, без такога дакумента нiхто з нас афiцыйна ў Беларусi не можа працаваць. Прыехаць сюды так, на нейкi кароткi час дазваляецца, а працаваць у якасцi святара — не.

— I ўсё-такi, не зразумела: чым чалавек, далёкi ад мiрскiх спраў, не дагадзiў чыноўнiкам?

— Мне падаецца, мясцовыя ўлады рэдка агалошваюць прычыны свайго негатыўнага стаўлення да тых цi iншых прадстаўнiкоў хрысцiянскага клiру. Напрыклад, калi я ў Барысаве разам з тутэйшымi калегамi iншых канфесiй у вераснi 2008 года арганiзоўваў фестываль хрысцiянскай музыкi, то служкi ад мясцовай "вертыкалi" сябе праявiлi наогул як бязбожнiкi. Хаця, паўтараю, у фестывалi бралi ўдзел праваслаўныя, пратэстанты i каталiкi. Тлумачу: улады спачатку дазволiлi заяўнiкам гэтага мерапрыемства ажыццявiць яго, але потым, паводле незразумелай прычыны, адмовiлi нам. Пры ўсiм тым, першы дзень фестываль працаваў, а на другi дзень чыноўнiкi яго згарнулi. Без усялякiх тлумачэнняў. Было бачна, што загадчыца iдэалагiчнага аддзела спадарыня Людмiла Гарнак i яе куратарка, намеснiца старшынi Барысаўскага райвыканкама Валянцiна Шутко (а з iмi я быў па гэтай справе ў кантакце) брутальна парушылi законны правапарадак Рэспублiкi Беларусь. Мяркуйце самi, у тым выпадку, калi яны хацелi забаранiць ужо дазволенае i распачатае мерапрыемства, дык няхай бы такую забарону ўчынялi за пяць дзён да пачатку iмпрэзы, як патрабуе таго беларускi закон, а не тады, калi фестываль усё-такi легiтымна працаваў цэлыя суткi. Дык хто тут саграшыў? За кiм — прэзумпцыя невiнаватасцi?

Я быў на прыёме ва ўпаўнаважанага па справах рэлiгii Мiнскай вобласцi. Спытаўся: цi не за арганiзацыю памянёнага фестывалю мяне так пакаралi? Прамога адказу не пачуў...

— Гэты фестываль хрысцiянскай музыкi нёс у сабе высакародную iдэю — умацаванне адносiн верацярпiмасцi памiж прадстаўнiкамi розных канфесiй…

— Натуральна. Яшчэ ў мiнулым годзе мы ўсе — служкi каталiцкага касцёла, праваслаўных цэркваў i цэркваў пратэстанцкiх канфесiй — вырашылi, каб у студзенi 2009 года правесцi малiтву адзiнства хрысцiян. Але перад гэтым мелiся падрыхтаваць i здзейснiць менавiта вось такi музычны фестываль, якi б сведчыў аб нашай глыбокай i шчырай веры ў Iсуса Хрыста. Запрасiлi на гэты фэст хрысцiянскiя рок-групы з адпаведным рэпертуарам. Дарэчы, многiя з iх ужо вядомыя ў Беларусi, iх вакальнае майстэрства знаходзiцца на высокiм узроўнi. Напрыклад, група "Ратаванне" некалькi разоў давала канцэрты нават у Палацы Рэспублiкi. Яшчэ раз паўтараю: нiякiх палiтычных мэт, чаго так баяцца iдэалагiчныя чыны з Барысаўскага райвыканкама, згаданы фестываль не меў.

Як не мела палiтычнай "падкладкi" i тое, што мы з адным барысаўскiм праваслаўным святаром планавалi збудаваць у горадзе велiзарны спартыўны цэнтр iмя святых апосталаў Пятра i Андрэя. Нас нават паспелi маральна падтрымаць у гэтай справе спартыўны клуб завода "БАТЭ", Алiмпiйскi камiтэт Беларусi ды розныя нашы iерархi. Я асабiста ўжо распачаў пошук першых ста тысяч далараў на збудаванне згаданага комплексу. Сам комплекс мелiся ўзвесцi ў мiкрараёне "Печы", побач з праваслаўнай царквою. Такiм чынам, мы, тутэйшыя святары асноўных у Беларусi канфесiй, хацелi дапамагчы мясцовай моладзi. Ну хаця б дзеля таго, каб адцягнуць яе ўвагу ад вулiцы, шкодных звычак, каб зацiкавiць юнакоў i дзяўчат здаровым ладам жыцця. Цi не таго ж самага хоча прэзiдэнт Беларусi?

— Скажыце, калi ласка, а якое ў вас застанецца ўражанне пра нас, звычайных жыхароў-вернiкаў з Барысава?

— Барысаўчане — людзi, якiя па характары сваiм добрыя i сумленныя. Цярплiвыя… Добрыя вернiкi, сярод якiх i беларусы, i палякi, i рускiя. Я ж таксама — беларус.

— Раскажыце трохі пра сябе, каб у нашым горадзе ды ў краiне ведалi, хто нас пакiдае па свавольстве ўлад.

— Каранi мае беларускiя — бацька з Налiбакаў, мацi з Друi. Але ў свой час яны апынулiся ў Польшчы, дзе я сорак тры гады таму нарадзiўся, дзе я выгадаваўся. Вучыўся ў школе, у суднабудаўнiчым тэхнiкуме ў Гданьску. Потым паступiў у духоўную семiнарыю. Пасля таго працаваў у Казахстане. Дарэчы, у Карагандзе маiмi намаганнямi былi збудаваны каталiцкi храм i кляштар. Займаў пасады канцлера тамтэйшай курыi, памочнiка епiскапа, ягонага сакратара. У 1999 годзе вярнуўся ў Польшчу для працягу адукацыi і наступнай абароны доктарскай працы па тэме "Евангелiзацыя ў кантэксце Казахстана". Стаў доктарам багаслоўскiх навук. Ведаю некалькi замежных моваў. 27 снежня 2005 года прыехаў сюды, у Барысаў, пасля смерцi свайго бацькi.

— Магчыма, вашу справу наконт выдалення з Беларусi яшчэ перагледзяць…

— Хутчэй за ўсё — не. Кiдаецца ў вочы: барысаўскiм уладам адукаваныя, iнiцыятыўныя людзi з лiку замежных грамадзян не патрэбныя. Чыноўнiкi паводзяць сябе надта дзiўна. Напрыклад, вельмi складана аказваць вашым землякам гуманiтарную дапамогу, у чым я не аднойчы пераконваўся… Праўда, мне рэктар той самай ВНУ, дзе я вяду лекторый, казаў, што яму я надзвычай неабходны... Мiж iншым я не збiраўся ў гэтым горадзе i краiне з кiмсьцi канфлiктаваць, тым больш з прадстаўнiкамi барысаўскай "вертыкалi". За тры гады жыцця ў Беларусi не парушаў анiякiх законаў. І вось вынiк: замежны святар Барысаву непажаданы… Гэта дзiўна. Напрыклад, у Казахстане, дзе я працаваў у 90-я гады, адносiны да замежных прадстаўнiкоў каталiцкай канфесii былi вельмi цярплiвыя.

— Раскажыце, калi ласка, больш падрабязна пра гэты перыяд свайго жыцця...

— У Казахстане ж я адкрыў для сябе сучаснага пiсьменнiка Мухтара Шыханава. Ён публiчна заявiў пратэст тагачаснаму Генеральнаму сакратару ЦК КПСС і прэзiдэнту Савецкага Саюза Мiхаiлу Гарбачову ў сувязі з катаваннмі, якія праводзiлі спецорганы ў адносiнах да адзiнакроўнiкаў пiсьменнiка.

Што тычыцца новага незалежнага Казахстана, то там да каталiцкай царквы ўлады ставяцца з разуменнем, бо ў краiне жывуць прадстаўнiкi розных нацыянальных меншасцяў. У тым лiку — беларусы, немцы, палякi. Многiя з iх як вернiкi-хрысцiяне даўно належалi да каталiцкай канфесii. Было нават падпiсана пагадненне памiж Казахстанам i Ватыканам аб узаемным супрацоўнiцтве. Сведчу, што казахскiя ўлады нам, каталiцкiм святарам, наогул нiколi не дакучалi. Яны нават дазвалялi нам несцi Слова Божае ў турмы i бальнiцы. Нiякiх думак пра магчымае выдаленне таго цi iншага каталiцкага святара нават не мелi.

— Але Беларусь — не Казахстан. Вы тут персона нон грата для барысаўскiх уладаў. А вось людзi вас паважаюць. Мы бачым, напрыклад, што вы тут пра сябе пакiдаеце добрую памяць: вашымi намаганнямi побач з плебанiяй, дзе яшчэ жывяце, збудавана добрая спартыўная пляцоўка. Цяпер тут вельмi часта дзецi гуляюць у футбол i валейбол...

— У гэтай справе заслуга ўсяго нашага касцёла i многiх нашых вернiкаў. Пляцоўка, якую нам удалося збудаваць, прыцягвае да сябе дзяцей i моладзь з усяго Барысава. Яна заасфальтаваная, абгароджаная высокай сеткай, нiкому не перашкаджае. Як маглi, дапамагалi тутэйшыя спонсары, дзякуй iм за гэта... Мусiць, мала хто ведае пра тое, што ў скляпеннях нашага храма iдзе рамонт, каб абсталяваць потым падвальныя памяшканнi для арганiзацыi дзiцячай секцыi авiямадэльнага спорту, iм я i сам захапляюся. Я, мiж iншым, наогул шмат займаўся спортам: дзесяцiбор'ем, валейболам — амаль на прафесiйным узроўнi. Спорт — гэта сродак фарміравання асобы. Ён пазбаўляе маладога чалавека агрэсiўнасцi, бо ўся "лiшняя", так бы мовiць, энергiя скiраваная на дасягненне вынiку. Спорт, да слова, выховаўе ў юнаку ўменне годна прайграваць у спаборнiцтвах больш моцнаму сапернiку. Я ўжо не кажу пра тое, што спорт — гэта яшчэ і выдатны сродак вызвалення ад шкодных звычак…

— I апошняе пытанне: вы сябе больш пачуваеце беларусам цi грамадзянiнам Польшчы?

— У Беларусi мае каранi, тут мая Бацькаўшчына. Мае бацькi — беларусы, i я, натуральна, беларус. Хаця Польшча мне дала ўсё, што мне трэба было для таго, каб я сфарміраваўся як асоба. Я ёй вельмi за гэта ўдзячны. Тым не менш я вельмi хацеў атрымаць беларускае грамадзянства…

— Давайце будзем спадзявацца на лепшае...

— Паспрабую. Але шанцаў на станоўчае вырашэнне пытання амаль няма...

Замест пасляслоўя

Трэба зазначыць, што шараговыя парафiяне, якiя моляцца ў Барысаўскiм касцёле Народзiнаў Прасвятой Дзевы Марыi, не засталiся абыякавыя да лёсу ксяндза Збiгнева Грыгарцэвiча. Ужо на пачатку снежня 2008 года, калi яны адчулi, што мясцовыя ўлады з iм могуць абысцiся так, як у свой час абышлiся з яшчэ адным замежным каталiцкiм мiсiянерам Робертам Кшэвiцкiм, падалі заяву ў мясцовы райвыканкам. Пад петыцыяй падпiсалiся больш за чатырыста чалавек: яны запатрабавалi, каб чыноўнiкi далi магчымасць айцу Збiгневу працягваць Божую справу ў Барысаве i пакiнулi чалавека ў спакоi.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international