Несанкцыяваныя ператрусы ў дамах грамадзка-палітычных дзеячоў на выдуманых падставах працягваюцца: на гэты раз у гомельскага палітыка Віктара Карнеенкі шукалі міны.

2005 2005-08-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

30 ліпеня надвячоркам у Гомелі група супрацоўнікаў Чыгуначнага райаддзелу міліцыі ды людзей у цывільным уварвалася ў прыватны дом вядомага палітыка Віктара Карнеенкі на вуліцы Палеская, 52. Гаспадара дому ў гэты час не было, а ў двары сябра Аб`яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка разам з маладымі гомельцамі праводзілі дыскусію на тэму “Праблемы моладзі ў Беларусі”, паведаміла Радыё Свабода.

Міліцыянты патлумачылі ўварваньне тым, што атрымалі тэлефонны званок – нібыта ў доме знаходзіцца міна. Ніякага выбуховага прыстасаваньня ні міліцыя, ні дастаўленыя ёю сапёры не знайшлі. Дарэчы, многія зьвярнулі ўвагу, што сапёры вайсковай часьці 5525 прыязджалі без спецыяльна вучаных сабак. Замест таго, каб прапанаваць нейкі бясьпечны варыянт эвакуацыі, міліцыянты пад камандаваньнем начальніка Чыгуначнага райаддзелу палкоўніка Некрашэвіча пачалі хапаць прысутных у двары маладых людзей, дзесяцярых з іх адвезьлі ў пастарунак, дзе, як патлумачылі, высьвятлялі іхныя асобы. Сярод затрыманых былі і непаўналетнія.

Пакуль у пастарунку ў затрыманых дапытваліся, чаго яны сабраліся ў доме на Палескай, 52, там на другім паверсе ўзламалі дзьверы аднаго з пакояў, нібыта шукабчы міны. Зразумела, што нічога выбухованебясьпечнага не знайшлі, пра што склалі акт.

Знайшлі, аднак, тры пакункі кніг Шарамета і Калінкінай “Выпадковы прэзыдэнт”, выдадзенай ў Расеі. Кнігі цікавілі абласную ўправу КДБ. Яе прадстаўнік старшы аператыўны супрацоўнік Аляксандар Ардаб’еў адмовіўся даць хоць які камэнтар. Аднак пасьля таго, як быў падпісаны акт пра адсутнасьць у доме выбуховага прыстасаваньня і сапёры пакінулі прыватную сядзібу, пад беспасярэднім кіраўніцтвам супрацоўніка КДБ пачаўся другі ператрус у доме палітыка. Міліцыянты і сам Ардаб’еў пераглядалі кнігі, газэты, бюлетэні, што знаходзіліся ў доме.

Сканфіскаваны былі ня толькі асобнікі “Выпадковага прэзыдэнта”, але й бюлетэні “Грамадзянскія ініцыятывы”, “Тут і цяпер” і некаторыя іншыя.

Алесь Карніенка так патлумачыў прычыну гвалтоўнага візыту міліцыянтаў і спэцслужбы: “Наколькі я разумею, цікавіла іх ня бомба, а бюлетэні. Увогуле, цікавіў дом, дзе часам зьбіраюцца нейкія дэмакратычныя арганізацыі, адбываюцца нейкія сустрэчы. Наколькі я памятаю, гэта ледзь не дзясяты выпадак за апошнія месяцы, калі паступаюць званкі альбо пра тое, што дом замінаваны, альбо пра тое, што сюды зацягнулі жанчыну. Розныя падставы, але кожны раз гэта канчаецца тым, што прыяжджаюць з адной нагоды, а насамрэч шукаюць нейкіх апазыцыйных матэрыялаў. Я, шчыра кажучы, зьвязваю гэта з тым, што ў некаторых колах лічаць, што я зьяўляюся каардынатарам-заснавальнікам руху “Лімон”. Думаю, што цяпер гэта зьвязана з маёй асобаю. Напэўна, падумалі, што мы замысьлілі нейкую чарговую акцыю ці плянуем чарговую ўлётку”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international