Як беларусам сваю мову ратаваць?

2009 2009-01-12T14:42:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Апошнімі гадамі звужаецца кола ўжытку беларускай мовы. Асабліва ў адукацыйным плане. Што могуць зрабіць беларусы, каб іх родная мова не трапіла неўзабаве ў спіс тых, што адышлі ў нябыт?

Сродак 1. Патрабаваць дакументацыю на беларускай мове

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў заклікае ўсіх грамадзян, каб тыя карысталіся беларускай мовай ва ўсіх абставінах, напрыклад, пры запаўненні фармуляраў, анкет, дакументаў, даведак, бо гэта адпавядае нават недасканаламу дзейнаму заканадаўству. Яно дае магчымасць карыстацца і беларускай, і рускай мовамі, хаця пераважная большасць дакументацыі друкуецца толькі па-расейску. Людзі, па словах старшыні ТБМ, маюць права патрабаваць ад службоўцаў прадастаўляць ім усю дакументацыю на беларускай мове і не запаўняць дакументы пры адмове ў такім прадастаўленні.

Сродак 2. Вызваліць ад усіх падаткаў выданні на беларускай мове

На думку намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, карныя механізмы ў такім далікатным пытанні, як мова, з’яўляюцца малаэфектыўнымі. Івашкевіч прыгадвае пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі абмяркоўваліся пытанні падтрымкі беларускай мовы.

-- Мы з выдаўцом газеты “Свабода” Паўлам Жуком звярнуліся да старшыні адпаведнай камісіі Вярхоўнага Савета Ніла Гілевіча з прапановай выступіць з заканадаўчай ініцыятывай, каб у мэтах падтрымкі развіцця беларускай мовы і культуры вызваліць ад усіх падаткаў выраб і продаж газет, кніг, аўдыё- і відэапрадукцыі, рэкламы на беларускай мове, -- распавядае Віктар Івашкевіч.

Тады гэтая ідэя ў такім варыянце не знайшла падтрымкі ў старшыні камісіі Вярхоўнага Савета. Але сёння намеснік старшыні Партыі БНФ лічыць, што такі захад, а не прымус насельніцтва размаўляць па-беларуску, можа дапамагчы выправіць становішча. Нават простыя людзі, калі чуюць прапанову наконт такіх льгот, падтрымліваюць гэтую ідэю.

-- Матэр’яльнае заахвочванне прынясе больш карысці, чым размахванне карнай дубінаю, -- падсумоўвае Віктар Івашкевіч.

Сродак 3. Правесці “беларусізацыю” Аб’яднаных дэмакратычных сіл

Алег Трусаў падкрэслівае, што кепскі прыклад ігнаравання роднай мовы нярэдка падаюць і прадстаўнікі дэмакратычных сіл.

-- Вельмі важна, каб апазіцыя кінула гэтую гульню ў “расейшчыну”, – гаворыць кіраўнікт ТБМ. -- Узгадаем апошнія выбары: большасць прадстаўнікоў апазіцыі выступала па-расейску, у тым ліку і сябры БНФ. Мне падаецца, што Беларускі народны фронт павінен дакладна паставіць пытанне: альбо ўсе АДС пераходзяць на беларускую мову, альбо БНФ павінен выйсці з АДС і не гуляць у гэтыя гульні, таму што гэта здрада ўсяму беларускаму.

Сродак 4. Рэкламаваць сваё па-беларуску

Нягледзячы на лозунг “Купляйце беларускае!”, рэклама айчынных тавараў найчасцей ідзе па-расейску. Тым часам буйнейшыя замежныя брэнды выкарыстоўваюць беларускую мову. І яна выклікае цікавасць і станоўчыя эмоцыі ў патэнцыйных пакупнікоў і кліентаў.

Сродак 5. Прыняць адмысловы закон аб беларускай мове

Вінцук Вячорка мяркуе, што дзейсны Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” не ўтрымлівае ніякіх рэальных гарантый захавання беларускай мовы, яе канкурэнтаздольнасці і яе поўнай функцыянальнасці. Наспела неабходнасць прыняць менавіта Закон аб беларускай мове.

Хаця эксперты “Заўтра тваёй краіны” адзначаюць тут пэўныя складанасці.

-- Цяжка мяняць Закон аб мовах, бо для многіх зручна карыстацца расейскай мовай. Не столькі ў нас праціўнікаў беларускай мовы, колькі лянівых людзей, якія не жадаюць вучыць яе, - заўважыў старшыня Партыі БНФ, лінгвіст і перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Але, на думку эксперта, калі новы закон добра і прафесійна распрацаваць, то вакол гэтага можна аб’яднаць намаганні розных беларускіх арганізацый, і можна ажывіць тое, што было выпусташана рэферэндумам 1995 года.

-- Патрабуючы вярнуць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, мусім адначасова рабіць тэрміновыя небанальныя крокі, - лічыць першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка. - Мы прапануем прыняць закон пра абарону й дзяржаўную падтрымку беларускай мовы як культурнай каштоўнасці. Фармальна такі закон не будзе супярэчыць дзейснаму моўнаму заканадаўству.

Асобныя законы пра мову тытульнай нацыі або яе аспекты як культурнай каштоўнасці ёсць ці маюць быць прынятыя ў розных краінах, прыкладам у Эстоніі, Украіне.

-- Мы ўзгаднім наш законапраект з міжнароднымі дакументамі – такімі, як Міжнародная канвенцыя пра ахову нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў, што рыхтуецца для будучай ратыфікацыі краінамі ААН, -- гаворыць Вінцук Вячорка. Ён падсумоўвае, што беларуская мова ў новым законапраекце павінна мець статус “нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці, фактара нацыянальнай бяспекі краіны, гарантыі гістарычнай і этнакультурнай перспектывы беларускай нацыі і чынніка кансалідацыі беларускай дыяспары”.

Даведка “Заўтра тваёй краіны”

У 1990 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб мовах, у абмеркаванні якога абралі ўдзел больш за 20 тысяч чалавек. У прэамбуле гэтага дакумента адзначалася, што "пад пагрозай апынулася само існаванне" беларускай мовы. Згодна з артыкулам 2 гэтага Закона, беларуская мова была прызнаная дзяржаўнай.

Пасля прыняцця ўвосень 1990 года Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у БССР Закон аб мовах пачынаў паступова выконвацца.

Статус беларускай мовы быў пацверджаны і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года. Руская мова вызначалася ў ёй як "мова міжнацыянальных зносін". Прынятыя акты практычна не пагоршылі ведання рускай мовы ў Беларусі. У той жа час за кошт далучэння да беларускай мовы ў краіне значна павялічылася колькасць людзей, якія валодалі абедзвюма мовамі.

Аднак пасля ініцыяванага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндума ў траўні 1995 года рускай мове быў нададзены роўны статус з беларускай, і сітуацыя пачала мяняцца ў горшы для мовы тытульнай нацыі бок. Дарэчы, сам прэзідэнт, кольвеч выступаючы ў Гомелі перад дэпутатамі мясцовага савета, заявіў, што "беларуская мова бедная, і пры яе дапамозе немагчыма выказаць што-небудзь вялікае". Гэта выказванне кіраўніка дзяржавы прадэманстравала самрэчнае стаўленне ўлады да беларускай мовы.

Згодна з дадзенымі апошняга перапісу насельніцтва (1999 год) на беларускай мове штодня размаўляюць 37 працэнтаў жыхароў Беларусі. Кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі мяркуе, што сукупная колькасць носьбітаў беларускай мовы ў яе стандартызаванай і дыялектнай формах, а таксама тых, хто выкарыстоўвае змешаныя варыянты маўлення на беларускай аснове, сягае 7-8 мільёнаў чалавек, што складае 70-80 адсоткаў насельніцтва Беларусі. Падчас таго ж перапісу 74 адсоткі грамадзян Беларусі прызналі беларускую мову роднай.

Людзі ў большасці асэнсоўваюць беларускую мову як родную, але ж побытава ўжываюць пераважна мову суседняй дзяржавы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international