У Беларусі пашыраецца практыка выкарыстаньня Узброеных сілаў як сродка барацьбы з іншадумцамі

2009 2009-01-09T13:54:16+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Мінск, 09.01.2009 г.


У Беларусі адраджаецца практыка выкарыстаньня Узброеных сілаў у мэтах ізаляцыі і ціску на грамадзкіх і палітычных актывістаў.

Найперш такі ціск аказваецца на моладзевых актывістаў, большасьць з якіх была адлічаная з ВНУ за сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць і страціла такім чынам права на адтэрміноўку ў сувязі з навучаньнем. Паказальнымі прыкладамі такога арганізаванага спецслужбамі прызыву на тэрміновую вайсковую службу зьяўляюцца прызыў сяброў Партыі БНФ з г. Гомеля Зьмітра Жалезнічэнкі, Віталя Каратыша, былога кіраўніка моладзевага крыла Партыі БНФ “Моладзь БНФ” Алеся Каліты, а таксама апошнія спробы прызыву сёньняшняга кіраўніка “Моладзі БНФ” Франака Вячоркі, актывістаў арганізацыі “Малады фронт” Івана Шылы, Зьмітра Федарука, актывіста грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Паўла Кур’яновіча, моладзевых актывістаў Фёдара Чаранкова, Паўла Батуева, Арцёма Забарына, Алеся Круткіна, асуджанага па справе 14-ці моладзевага актывіста Уладзіміра Сяргеева, а таксама студэнтаў, якія вучацца за межамі Беларусі па праграме К.Каліноўскага і ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.

 

Асноўнымі абставінамі, якія дазваляюць сьцвярджаць, што гэтыя прызывы ў войска інспіраваныя менавіта спецслужбамі, з’яўляюцца факты затрыманьня моладзевых актывістаў асобамі ў цывільным для іх дастаўкі ў Ваенкаматы, перагляды раней вынесеных медыцынскіх заключэньняў аб непрыгоднасьці для службы у войску, актыўнае умяшальніцтва прадстаўнікоў спецслужбаў у мерапрыемствы, зьвязаныя з прызывам на вайсковую службу ўказаных вышэй грамадзянаў.

 

Асабліва абуральнымі зьяўляюцца факты перапісваньня і перагледжваньня раней вынесеных некаторым моладзевым актывістам медыцынскіх заключэнняў аб непрыгоднасьці да вайсковай службы.

Узвязку з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе пра тое, што няма ніякіх падставаў давяраць дакладнасьці і праўдзівасьці медыцынскіх заключэньняў, якія выносяцца медыкамі пад відавочным ціскам спецслужбаў.

 

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе, што расцэньвае падобныя дзеяньні спецлужбаў у дачыненьні да моладзевых актывістаў, як палітычна матываваны перасьлед, выкарыстаньне Узброеных сілаў у мэтах барацьбы з іншадумцамі ў краіне.

 

Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да медыцынскіх работнікаў, якія робяць заключэньні аб прыгоднасьці да вайсковай службы, кіравацца выключна законам, не паддавацца пазапраўнаму ціску спецслужбаў і адлюстроўваць у сваіх заключэньнях рэальны стан здароўя прызыўнікоў.

Мы патрабуем ад супрацоўнікаў Ваенкаматаў кіравацца пры мерапрыемствах прызыву на вайсковую службу ўказаных асобаў выключна патрабаваннямі дзеючага заканадаўства.

Мы нагадваем беларускім уладам пра тое, што падобныя “законныя” спробы нейтралізацыі моладзевых грамадзкіх ды палітычных актывістаў не спрыяюць паляпшэньню сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і зьяўляюцца адной з формаў ціску на палітычных апанентаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international