Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: аналіз за 2008 год

2009 2009-01-09T18:48:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Права на жыцьцё – адно з фундаментальных правоў чалавека. Яно прадугледжвае абавязак дзяржавы ўсяляк ахоўваць чалавечае жыцьцё ад любых супрацьпраўных пасягальніцтваў і іншых пагрозаў, забясьпечваць прававыя, сацыяльныя, эканамічныя, экалагічныя і іншыя ўмовы для нармальнага, паўнавартаснага і годнага жыцьця.

 

Права на жыцьцё знаходзіцца пад абаронай міжнародных дакументаў у галіне правоў чалавека і нацыянальных Канстытуцыяў.

Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, у параграфе 1 артыкула 6 якога гаворыцца: “Права на жыцьцё з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека. Гэта права ахоўваецца законам. Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жыцьця”. І хаця Пакт не прадугледжвае абавязковай адмовы дзяржавы ад сьмяротнага пакараньня, некаторыя фармулёўкі артыкула 6 адназначна скіроўваюць краіны да абмежаваньня прымяненьня і адмены выключнай меры пакараньня: “у краінах, якія не адмянілі сьмяротнага пакараньня” (параграф 2), “нішто ў дадзеным артыкуле не можа служыць падставай для адтэрміноўкі ці недапушчэньня адмены сьмяротнага пакараньня якой-небудзь дзяржавай-удзельнікам Пакту” (параграф 6).

Рэспубліка Беларусь да гэтага часу не далучылася да Другога факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраванага на адмену сьмяротнага пакараньня (прыняты Генеральнай Асамблеяй ААН 15 сьнежня 1989 году). Дзяржавы, якія пагадзіліся ўдзельнічаць у дадзеным Пратаколе, абавязаліся адмяніць дадзены від пакараньня.

Устрымаўшыся пры галасаваньні адносна Рэзалюцыі аб мараторыі на сьмяротнае пакараньне (прынята Генеральнай Асамблеяй ААН 15 лістапада 2007 году), Рэспубліка Беларусь прадэманстравала негатоўнасьць адмовіцца ад выключнай меры пакараньня.

 

У Рэспубліцы Беларусь права на жыцьцё гарантуецца артыкулам 24 Канстытуцыі: “Кожны мае права на жыцьцё. Дзяржава абараняе жыцьцё чалавека ад любых супрацьпраўных пасягальніцтваў”. Гэты ж артыкул Канстытуцыі ўказвае на ўмовы выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня: “Сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца згодна з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прысудам суда” і замоцоўвае часовы характар яго ўжываньня. Артыкул 59 (п. 1) Крымінальнага кодэксу прадугледжвае прымяненьне сьмяротнага пакараньня за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжарваючых абставінах -- 12 складаў злачынстваў ва ўмовах мірнага часу і 2 склады злачынастваў ва ўмовах ваеннага.

Артыкул 84 (п. 19) Канстытуцыі прадастаўляе прэзідэнту паўнамоцтвы па памілаваньні асуджаных. Асобы, асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, могуць зьвярнуцца з хадайніцтвам да прэзідэнта на працягу дзесяці сутак з дня атрыманьня копіі прысуду ці касацыйнага азначэньня. Прэзідэнт таксама разглядае матэрыялы ў адносінах да асобаў, асуджаных да сьмяротнага пакараньня, якія не хадайнічаюць аб памілаваньні. Справы ўсіх асуджаных да выключнай меры пакараньня разглядаюцца першапачаткова Камісіяй па пытаньнях памілаваньня, затым перадаюцца прэзідэнту для прыняцьця канчатковага рашэньня. Указы аб памілаваньні і адхіленьні хадайніцтваў аб памілаваньні падпісваюцца асабіста прэзідэнтам. Памілаваньне асуджаных ажыцьцяўляецца ў выглядзе замены сьмяротнага пакараньня пажыцьцёвым зьняволеннем.

Выклікае занепакоенасьць закрытасьць ад грамадства вынікаў дзейнасьці Камісіі па пытаньнях памілаваньня і рашэньняў прэзідэнта па справах асуджаных да сьмяротнага пакараньня. За ўвесь час была абнародаваная толькі інфармацыя, што ў 2003 годзе Камсіяй адхіленыя хадайніцтвы аб памілаваньні двух асуджаных да сьмяротнага пакараньня, а адна справа была вернутая ў Вярхоўны суд з мэтай праверкі ў парадку нагляду, у выніку якой прэзідыум ВС замяніў асуджанаму пакараньне на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Інфармацыю пра вынікі працы Камісіі і рашэньні прэзідэнта магчыма атрымаць толькі з дакладаў міждзяржаўных арганізацыяў, куды ўрад Беларусі прадастаўляе неабходныя зьвесткі. Так, згодна з інфармацыяй, прадстаўленай у АБСЕ, у 2008 годзе замена сьмяротных прысудаў на больш мяккае пакараньне ў адносінах да асуджаных па працэдуры памілаваньня ў Беларусі не прымянялася (Сьмяротнае пакараньне ў рэгіёне АБСЕ. Даведачны дакумент 2008 году).

Згодна дадзеных ААН, апублікаваных у лістападзе 2007 году, на той момант 146 краінаў сьвету адмовіліся ці ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне, у 51 краіне дадзены від пакараньня захоўваўся, у іх ліку -- Рэспубліка Беларусь.

На дадзены момант Беларусь засталася апошняй дзяржавай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананьне сьмяротныя прысуды. Пасьля адмены сьмяротнага пакараньня Узьбекістанам з 1 студзеня 2008 году наша краіна засталася апошняй з дзяржаваў на постсавецкай прасторы, якая прымяняе дадзены від пакараньня.

 

Характэрызуючы сітуацыю з прымяненнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала назваў яе практычным дзеяньнем мараторыю. На прэс-канферэнцыі 9 верасьня ён заявіў, што “сьмяротныя прысуды выносяцца надзвычай рэдка, і мы падыйшлі да практычнага мараторыю і псіхалагічна гатовыя да гэтага, калі рашэньне будзе прынятае на ўзроўні парламента і прэзідэнта”.

Па словах старшыні Вярхоўнага суда, у 2008 годзе быў вынесены толькі адзін сьмяротны прысуд (у 2007 – 4, 2006 – 9, 2005 -- 2, 2004 – 2 – аўт.), тры чалавекі былі асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня (усяго пажыцьцёвае зьняволеньне на дадзены момант у Беларусі адбываюць 130 чалавек).

Інфармацыю пра вынясеньне ў 2008 годзе ў Беларусі толькі аднаго сьмяротнага прысуду агучыў і міністр унутраных справаў Уладзімір Навумаў на прэс-канферэнцыі 10 сьнежня, назваўшы сьмяротнае пакараньне фактарам стрымліваньня пры ўчыненьні асабліва цяжкіх злачынстваў.

Разам з тым, з афіцыйных паведамленьняў і сродкаў масавай інфармацыі, якія на працягу году асьвятлялі справы, па якіх абвінавачваемыя атрымлівалі вышэйшую меру пакараньня, вядомыя як мінімум два такія асуджаныя.

Так, згодна з інфармацыяй, зьмешчанай на Інтэрнэт-сайце Генеральнай пракуратуры (http://prokuratura.gov.by), 21 сакавіка 2008 году ўступіў у законную сілу прысуд да выключнай меры пакараньня, вынесены судовай калегіяй па крымінальных справах Менскага абласнога суда ў адносінах да 21-гадовага ўраджэнца Салігорскага раёну Мікалая Каляды. Асуджанаму інкрымінавалася зьдзяйсьненьне трох забойстваў, два замахі на забойствы, разбой і хуліганства. Менавіта зьвесткі пра дадзены прысуд беларускія ўлады паведамілі ў АБСЕ, і гэтая інфармацыя ўтрымліваецца ў даведачным дакуменце арганізацыі аб прымяненьні сьмяротнага пакараньня за 2008 год. Афіцыйны беларускі бок паведаміў таксама АБСЕ, што замена сьмяротных прысудаў на больш мяккае пакараньне ў адносінах да асуджаных па працэдуры памілаваньня ў Беларусі не прымянялася, што азначае, што прысуд у адносінах да М. Каляды быў пакінуты ў сіле.

Аднак таксама вядома, што 20 чэрвеня 2008 году Гомельскі абласны суд да вышэйшай меры пакараньня асудзіў 27-гадовага жыхара Гомеля Паўла Ленага па абвінавачаньні ў згвалтаваньні і забойстве дзевяцігадовага хлопчыка (http://naviny.by). У кастрычніку зноў жа са сродкаў масавай інфармацыі стала вядома, што прысуд у адносінах да П. Ленага прыведзены ў выкананьне (www.svaboda.org/content/Article/1328779.html). Інфармацыя пра дадзены прысуд і ягонае выкананьне з афіцыйных крыніцаў не паступала, што выклікае непаразуменьне і трывогу.

 

5 лютага ад прэс-сакратара Вярхоўнага суда Анастасіі Цімановіч стала вядома, што прыведзены ў выкананьне прысуд у адносінах да трох лідэраў гомельскай злачыннай групоўкі – Сяргея Марозава, Валерыя Гарбатага і Ігара Данчанкі (Вярхоўны суд двойчы -- у сьнежні 2006 і кастрычніку 2007 -- прыгаворваў С. Марозава і І. Данчанку да вышэйшай меры пакараньня, В. Гарбаты быў асуджаны да расстрэлу ў сьнежні 2006 году). Разам з тым, слуханьне справаў, зьвязаных з дзейнасьцю “марозаўскай групоўкі” на момант прывядзеньня прысуду ў выкананьне яшчэ не было скончанае: у студзені 2008 году Вярхоўны суд прыняў да вытворчасьці крымінальную справу ў адносінах да Сяргея Марозава і яшчэ трох членаў злачыннай арганізацыі. Хуткасьць прывядзеньня прысуду ў выкананьне выклікае ня толькі зьдзіўленьне, але і заклапочанасьць. Па адной з версіяў, Сяргей Марозаў быў расстраляны да пачатку судовых слуханьняў (19 лютага) у сувязі з тым, што ён пачаў даваць паказаньні на высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС і КДБ, дзякуючы апецы якіх ягоная групоўка беспакарана дзейнічала ў Гомельскай вобласьці з 1994 па 2004 гады.

З заклікам адмяніць сьмяротныя прысуды С.Марозаву, І.Данчанку і В. Гарбатаму асабіста да прэзідэнта Беларусі ў лістападзе 2007 году зьвяртаўся старшыня Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы Рэнэ ван дер Ліндэн. Ён адзначаў таксама, што ўвядзеньне мараторыю на сьмяротнае пакараньне “стала б яўным і рашучым крокам да збліжэньня Беларусі з Саветам Еўропы”.

Пасьля інфармацыі пра тое, што злачынцы ўсё ж расстраляныя, Генеральны сакратар Савету Еўропы Тэры Дэвіс заявіў, што прывядзеньне прысуду ў выкананьне – “чарговая праява непавагі, якую ўрад Беларусі адкрыта дэманструе адносна чалавечых каштоўнасьцяў і дасягненьняў, якія аб’ядноўваюць усе еўрапейскія краіны”. Тэры Дэвіс адзначыў, што Беларусь -- не сябра Савету Еўропы, але з’яўляецца сябрам ААН, і выкананьне сьмяротнага прысуду тром грамадзянам краіны супярэчыць літары і духу рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, якая заклікала да сусьветнага мараторыю на прымяненьне сьмяротнага пакараньня.


Асуджэньне ў сувязі з захаваньнем у Беларусі – адзінай краіне Еўропы -- сьмяротнага пакараньня выказвалася ў рэзалюцыях Еўрапарламенту, прынятых 22 лютага і 9 кастрычніка 2008 году. Рэзалюцыя ПАСЕ, прынятая 15 красавіка пасьля абмеркаваньня дакладу аб злоўжываньнях у сістэме крымінальнага правасудзьдзя ў Беларусі, заклікала беларускія ўлады неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.

 

Найбольшы розгалас меў зварот дакладчыка Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы Андрэа Рыгоні на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова і старшыні Савету Рэспублікі Генадзя Навіцкага, апублікаваны 14 красавіка ў “Народнай газеце” – афіцыйным выданьні парламенту Беларусі. Спадар Рыгоні ў адкрытым лісьце заклікаў кіраўнікоў палат парламента прадпрыняць усе магчымыя крокі да ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне як прамежкавага кроку ў накірунку да поўнай яго адмены. У звароце падкрэсьліваецца: “Кожнае сьмяротнае пакараньне – гэта ўжо само па сабе вельмі шмат. Наколькі б жахлівым ні было зьдзейсьненае злачынаства, наколькі б бясспрэчнымі ні былі доказы вінаватасьці, нішто ня можа апраўдаць забойства чалавека дзяржавай”. Андрэа Рыгоні адзначыў, што ведае, што на рэферэндуме 1996 году грамадзяне Беларусі выказаліся за захаваньне вышэйшай меры пакараньня і настойваў: “Народным павінна быць у аснове сваёй любое рашэньне, але існуюць пэўныя пытаньні, па якіх кіраўніцтву краіны варта ўзяць на сябе адказнасьць першапраходцаў, якія вядуць за сабой людзей і паказваюць ім шлях. Я прашу вас і Нацыянальны сход Беларусі ўзяць на сябе палітычнае абавязальніцтва, якое будзе гарантаваць, што ніхто больш не будзе пакараны сьмерцю ў Беларусі”.

Каментуючы зврот А. Рыгоні, старшыня Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў на прэс-канферэнцыі 17 красавіка адзначыў, што “многія казалі, што не патрэбна друкаваць матэрыял Рыгоні, маўляў, народ абурыцца. Мы надрукавалі. Цяпер давайце паглядзім, як будзе рэагаваць на гэта насельніцтва. Дыскусія будзе ці ня будзе? Як народ да гэтага паставіцца? А потым будзем думаць, што рабіць далей”.
Фактычна гэта стала першай прапановай за апошнія гады з боку ўладаў правесьці дыскусію ў грамадзтве па вострай праблеме. Вадзім Папоў таксама заявіў, што “надышоў час, каб абмеркаваць пытаньне аб увядзеньні мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі. Давайце разам рыхтаваць грамадзкую думку дзеля таго, каб сасьпелі ўмовы для прыняцьця дадзенага рашэньня. Давайце паглядзім, як будзе рэагаваць народ на дадзенае пытаньне. Натуральна, з адмены сьмяротнага пакараньня не пачнеш. Можа, спачатку мараторый? І тут трэба працягваць працаваць з насельніцтвам. Ну, а як інакш, калі на рэферэндуме 86% (80,44% -- аўт.) грамадзянаў Беларусі прагаласавалі супраць адмены сьмяротнага пакараньня? Уявіце, дэпутаты прымуць іншае рашэньне. Пра якія правы чалавека, пра якую дэмакратыю тады можна казаць, калі б мы падтрымалі Еўропу і выканалі яе просьбу?”

Нягледзячы на гучныя заявы, на працягу году ніякай інфармацыйнай працы з насельніцтвам, ніякіх мерапрыемтваў, накіраваных на зьмену грамадзскага меркаваньня па пытаньні сьмяротнага пакараньня, з боку ўладаў не праводзілася.

 

На працягу 2008 году беларускія ўлады не прадпрынялі рашучых дзеяньняў, накіраваных на адмену ці ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Дыскусія па дадзенай праблеме ў асноўным зводзілася да абмеркаваньня персьпектываў уступленьня Беларусі ў Савет Еўропы і адмены сьмяротнага пакараньня як адной з умоваў ажыцьцяўленьня такога палітычнага кроку.

Падчас студзеньскай сесіі Парламенцкай Асамблеі Савету Еўропы ў Страсбурзе старшыня камісіі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву Савету Рэспублікі Наталя Андрэйчык заявіла, што Беларусь “хоча прасунуцца на шляху да стандартаў Савету Еўропы, пра што сьведчыць наш намер увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне”.

У інтэрвью інфармацыйнаму агенцтву “Інтэрфакс-Захад” 18 сьнежня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу чацьвёртага скліканьня Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што “беларускія ўлады з разуменьнем ставяцца да пазіцыі Савету Еўропы і ПАСЕ па сьмяротным пакараньні і прыкладаюць неабходныя высілкі для абмежаваньня яго прымяненьня і поўнай адмены”. Пры гэтым адной з перашкодаў для рашучых крокаў у дадзеным накірунку У. Андрэйчанка назваў “волю народу, выказаную на рэферэндуме 1996 году, на якім больш за 75% (80,44% -- аўт.) грамадзянаў выказаліся супраць адмены сьмяротнага пакараньня. Але ў прынцыповым плане мы не выключаем магчымасьці на пэўным этапе грамадзкага разьвіцьця разгледзець пытаньне аб увядзеньні часовага мараторыя. Поўная ж адмена сьмяротнага пакараньня магчымая толькі шляхам правядзеньня агульнанацыянальнага рэферэндума”.

 

Выказанае Уладзімірам Андрэйчанкам меркаваньне пра неабходнасьць правядзеньня рэферэндума дзеля ўвядзеньня мараторыя ці адмены сьмяротнага пакараньня не адпавядае высновам Заключэньня Канстуцыйнага Суда Беларусі ад 11 сакавіка 2004 году, дзе гаворыцца: “Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сучасных умовах пытаньне аб адмене дадзенага віду пакараньня ці як першым кроку – аб абвяшчэньні мараторыя на яго прымяненьне можа быць вырашана Кіраўніком дзяржавы і Парламентам”. Пры гэтым у Заключэньні адзначана, што рашэньне рэферэндума 1996 году, падчас якога за захаваньне сьмяротнага пакараньня ў Беларусі выказаліся 80,44% грамадзянаў, “ня мела абавязковага характару”.

Старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Валянцін Сукала ў інтэрвью БЕЛТА 2 чэрвеня таксама адзначыў, што “захоўваць гэты від пакараньня ў крымінальным законе надалей ці адмовіцца ад яго – рашэньне знаходзіцца ў кампетэнцыі суб’ектаў заканадаўчай ініцыятывы і парламентарыяў. Што датычыць судовай улады, то мы ніколі не настойвалі на яго захаваньні і лічым, што на дадзены момант склаліся неабходныя перадумовы дзеля разгляду дадзенага пытаньня, хаця б у плане абвяшэньня мараторыя на прымяненьне гэтай выключнай меры пакараньня”.

 

Адначасова значную гуманізацыю поглядаў грамадзянаў Беларусі па праблеме сьмяротнага пакараньня адзначаюць сацыёлагі. Так, згодна з дадзенымі нацыянальнага апытаньня, якое было праведзенае ў верасьні 2008 году Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў, за адмену сьмяротнага пакараньня ў Рэспубліцы Беларусь выказаліся 44,2% рэспандэнтаў, супраць адмены – 47,8%. Гэта сьведчыць пра тое, што спасылкі на дадзеныя рэферэндума, які адбыўся 12 гадоў таму, на сёньняшні момант не адпавядаюць рэальнай грамадзкай думцы і больш выкарыстоўваюцца як апраўданьне нерашучасьці ў прыняцьці палітычных рашэньняў.

 

“Апошнім катам у Еўропе” ў сваім гадавым дакладзе, прадстаўленым у траўні 2008 году, назвала Беларусь уплывовая міжнародная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная Амністыя”. На працягу апошніх гадоў яна неаднаразова зьвярталася да беларускіх уладаў з заклікам адмовіцца ад выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня, крытыкуючы як саму наяўнасьць яго ў прававой сістэме, так і працэдуру прывядзеньня прысудаў у выкананьне.

Працягваючы працу ў дадзеным накірунку, “Міжнародная Амністыя” заявіла пра арганізацыю ў 2009 годзе шырокай кампаніі, накіраванай на адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. З мэтай маніторынгу сітуацыі і правядзеньня папярэдніх кансультацыяў з зацікаўленымі бакамі з 22 па 28 кастрычніка Беларусь наведала прадстаўнік арганізацыі Хізер Макгілл. У яе планах сярод іншага было правядзеньне сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі – прадстаўнікамі МУС, Генпракуратуры, Міністэрства юстыцыі і Вярхоўнага суда, пра што ў дадзеныя ведамствы былі папярэдне накіраваныя адпаведныя запыты. “Прадстаўнікі ўладных структураў у Беларусі, і ў гэтым была вялікая зацікаўленасьць з майго боку, маглі б сустрэцца са мной, каб абмеркаваць пытаньні сьмяротнага пакараньня і ягонай адмены. Гэта быў бы прадуктыўны крок насустрач Еўропе. Але пакуль мае спробы засталіся безвыніковымі”, -- сказала Хізер Макгілл. Сустрэча адбылася толькі з работнікамі Міністэрства юстыцыі, астатнія дзяржструктуры, спасылаючыся на занятасьць кіраўніцтва, сустракацца з праваабаронцай адмовіліся.

 

Такім чынам, 2008 год не стаў пераломным для Беларусі ў вырашэньні праблемы сьмяротнага пакараньня і далучэньня да еўрапейскай супольнасьці, свабоднай ад узаконенага забойства дзяржавай.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international