Супрацоўнікі КДБ аказваюць ціск на актывістаў, якія выступаюць супраць АЭС

2009 2009-01-08T16:20:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Да сябраў ініцыятыўнай групы, якая наладзіла кампанію супраць будаўніцтва АЭС, пачалі прыходзіць на працу й дадому прадстаўнікі мясцовай улады. Іх цікавіць грамадзянская пазыцыя актывістаў.

 
Да Івана Жылецкага з Астраўца прыйшоў на працу чалавек у цывільным і высьвятляў, чаму той супраць будаўніцтва АЭС. Спадар Жылецкі кажа, што цягам жыцьця прывык казаць тое, што думае, і таму, не хаваючы, выказаў сваю пазыцыю.

 
«Яны пыталіся — чаму я не хачу гэтай АЭС. Я адказаў, што ня супраць АЭС, бо яны ёсьць ва ўсім сьвеце, але я не хачу, каб яе будавалі ў мяне на радзіме. Вось забрудзілі ўжо Гомельшчыну, хай там і будуюць. І чаму ўрэшце мы ўсе павінны згаджацца з тым, што нам прапануюць? Кожны чалавек мае свой погляд на рэчы», - лічыць Іван Жылецкі.

 
Большасьць сябраў ініцыятыўнай групы — людзі пэнсійнага веку.

 
Улады імкнуцца блякаваць дзейнасьць тых, хто зьбірае подпісы супраць будаўніцтва АЭС, кажа астравецкі актывіст Іван Крук. Але подпісы ў раёне надалей працягвае зьбіраць.

 
«Я ведаю, што мясцовыя ўлады ўжо паўсюль адрапартавалі, што ў раёне ўсе падтрымліваюць будаўніцтва АЭС. А тут знайшліся людзі, ужо сабрана 250 подпісаў, якія супраць. Значыцца, сытуацыя не такая, як яны дакладваюць наверх, таму й імкнуцца блякаваць нашую дзейнасьць», - зазначыў ён.

 
Кіраўнік ініцыятыўнай групы кампаніі «Астравецкая атамная — гэта злачынства» Мікола Ўласевіч напісаў у раённую газэту артыкул «Знак бяды, альбо Ўсе пажаданьні за ваш кошт», у якім выклаў аргумэнты супраць будаўніцтва АЭС.

 
Артыкул ён аддаў у рэдакцыю пасьля таго, як на старонках раёнкі зьявілася публікацыя, у якой пералічваліся толькі станоўчыя наступствы ад будаўніцтва АЭС. Спадару Ўласевічу, аднак, вярнулі артыкул назад.

 
«Адказ такі: артыкул утрымлівае зьнявагу службовых асобаў і іншых грамадзянаў, таму, маўляў, надрукаваны быць ня можа», - патлумачыла адмову рэдактарка газэты.

 
Праўда, на просьбу Міколы Ўласевіча ўдакладніць, у чым зьнявага «службовых асобаў і іншых грамадзянаў», рабіць гэтага рэдактарка ня стала.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international