Прадпрымальнікі заяўляюць пра новыя акцыі пратэсту

2009 2009-01-08T10:05:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывісты прадпрымальніцкага руху, незадаволеныя новымі ўмовамі працы, рыхтуюць акцыі пратэсту. Пра канкрэтныя намеры ў рэгіёнах даведваліся карэспандэнты “Свабоды”.

 
БАРАНАВІЧЫ

 
7 студзеня ў Баранавічах актывісты прадпрымальніцкага руху і палітычных партыяў абмяркоўвалі тэрміны чарговай акцыі пратэсту.

Пра вынікі паседжаньня “Свабоду” інфармаваў палітык і прадпрымальнік Мікалай Чарнавус:

 
“Страсянем мы іх 12-га студзеня. Паглядзім на рэакцыю. Чалавек 200 зьбяром. Выйдзем на плошчу. Няхай улада ведае, што прадпрымальнікі нязгодныя. А то нібыта атрымліваецца, што ўказ падпісаны і ўсё нармальна, нібыта ўсе пагадзіліся працаваць ва ўмовах, як загадана. Аднак не! Ня ўсе пагадзіліся”.

Са словаў Мікалая Чарнавуса, указ № 703, які Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 сьнежня, ня ўлічвае патрабаваньняў, якія гучалі на акцыях пратэсту 10 і 15 сьнежня.

 
ГОРАДНЯ

 
Што ж канкрэтна не задавальняе цяпер прадпрымальнікаў?

 
Гандляр Аляксандар:

 
- Плаціць давядзецца больш. Курс эўра падвышаны, і адпаведна вырастуць сумы і за месца, і НДС, і падатак павялічваецца.

- Колькі прыблізна давядзецца плаціць?

- Я ня ведаю, ці варта плаціць. Буду бачыць, куды хіліцца сытуацыя…

 
ГОМЕЛЬ

 
Рэчавыя рынкі ў Гомелі сёньня — напаўпустыя. Меркаваньне пра сытуацыю выказвае прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых:

 
“Людзей на рынках стала мала. Калі што бяруць, дык гэта найперш да сьвятаў прадукты харчаваньня. Я гандлюю адзеньнем, дык немагчыма працаваць. Па-першае, дазволілі стаўкі адзінага падатку падняць з 25 да 110 эўра. Апрача таго, каэфіцыент на імпартныя тавары павялічыўся з паўтара да двух. Людзі ў шоку.

 
У эканамічным заняпадзе суразмоўца вінаваціць Аляксандра Лукашэнку:

 
“Замест таго, каб будаваць сучасныя заводы й фабрыкі, пятнаццаць гадоў будавалі лядовыя палацы. Дакладней, ня мы — у нас ёсьць хакеіст, які ўсё будаваў лядовыя палацы”.

 
І яшчэ адзін прадпрымальнік скардзіцца:

“Я першы дзень сёньня выйшаў — і нічога не прадаў. Прапалі грошы, што аддаў за гэтыя дзесяць дзён на падаткі, за месца. Лепей бы я дома сядзеў і ня рыпаўся”.

 
Камэнтуе сытуацыю ў рэгіёнах Беларусі старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (афіцыйна зарэгістраванае ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў:

“Па нашых падліках, у рэгіёнах не працуюць ад 30 да 40 і больш працэнтаў прыватных прадпрымальнікаў. Яшчэ зараз будзе падвышэньне адзінага падатку. Давядзецца плаціць дадаткова за студзень. Людзі, як гаворыцца, пачнуць локці кусаць. Гэта змусіць пратэставаць і кансалідавацца”.

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international