Значэнне Інтэрнэту для свабоды выказванняў у Беларусі

2008 2008-12-26T15:35:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пасля вяртання ў манапалізаваную дзяржаўную сістэму распаўсюджвання перыёдыкі некаторых незалежных выданняў змянілася значэнне Інтэрнэту як пляцоўкі для свабоды выказвання меркаванняў у Беларусі.

 

Пасля вяртання "Народнай волі" і "Нашай нівы" ў шапікі "Белсаюздруку" паўстаюць пытанні: ці застаецца Інтэрнэт апошнім апірышчам свабоды слова ў Беларусі? Што зараз з'яўляецца больш важным для палітычнага дыскурсу - друкаваныя выданні, якія зрабіліся больш даступнымі, ці Сусветная павуцінне, якое пакуль не паддаецца татальнаму кантролю з боку дзяржавы?

 

Значэнне Інтэрнэту для Беларусі

 

Палітолаг Алесь Лагвінец у інтэрв'ю Deutsche Welle выказаў меркаванне, што Інтэрнэт мае велізарнае значэнне для Беларусі, паколькі сёння ён стварае тую публічную прастору, у якой ідзе вельмі шырокае, жывое абмеркаванне ўсіх грамадскіх праблемаў. Па словах Лагвінца, Інтэрнэт з'яўляецца тым сродкам камунікацыі, які сёння дазваляе беларусам выказвацца і пакуль яшчэ вольна абмяркоўваць самыя розныя пытанні.

 

"Паколькі рэальная публічная прастора ў нас вельмі звужаная і кантралюецца ўладай, то Інтэрнэт як раз дазваляе людзям выказваць свае думкі і абменьвацца сваім бачаннем сітуацыі. Калі казаць пра тое, што друкаваная прэса вяртаецца, частка прынамсі, вяртаецца ў дзяржаўную сістэму распаўсюду, - гэта ніякім чынам не будзе азначаць, што роля Інтэрнэту будзе змяншацца".

 

Разам з тым палітолаг Лагвінец падкрэслівае, што у беларускай сітуацыі роля друкаваных СМІ, альбо нават друкаваных агітацыйных матэрыялаў незаменная. "На сённяшні дзень Інтэрнэт не можа яе замяніць, але, мне падаецца, што яны будуць паралельна развівацца".

 

Не толькі запасны аэрадром

 

А можа супрацьпастаўленне значэння Інтэрнэту для свабоды слова і друкаваных СМІ такое ж некарэктнае, як пытанне дзіцяці: каго ты любіш больш - маму або тату? Аляксандр Класкоўскі, які быў рэдактарам першай у Беларусі прафесійнай інтэрнэт-газеты "Белорусские новости", у інтэрв'ю Deutsche Welle сказаў, што не бачыць карэляцыі паміж вяртаннем дзвюх газет у сістэму распаўсюджвання і зменай значэння Інтэрнэту.

 

"Падчас жорсткага ўціску на друкаваную прэсу Інтэрнэт успрымаўся многімі рэдактарамі і незалежнымі журналістамі як нейкі запасны аэрадром. Аднак з творчага гледзішча, - гэта проста новы абсяг творчай свабоды. Гэта такая прастора, якая толькі пачынае выяўляць свае магчымасці, свой патэнцыял", - адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

 

На думку палітолага, у гэтым сэнсе вяртанне газет у шапікі мусіць спрыяць развіццю і вэб-журналістыкі. "Калі гэтыя газеты выйдуць з андэграўнду, тут можа быць гарманічны сімбіёз друкаванай і віртуальнай версіі выдання". Тут, як кажуць, дай Божа чутае бачыць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international