Лёс часопіса «ARCHE» пакуль невядомы

2008 2008-12-22T17:49:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Амаль два месяцы прайшло з моманту затрымання на беларуска-польскай мяжы ў Брэсце 10 асобнікаў часопіса «ARCHE», публікацыі ў якіх выклікалі ў мытнікаў падазрэнні­ наконт экстрэмізму. Але дагэтуль немагчыма даведацца пра лёс адабраных часопісаў.

24 кастрычніка 2008 года супрацоўніца мытні Рэната Нядбаева палічыла, што звесткі, якія ўтрымліваюцца ў № 7–8 часопіса «ARCHE», «могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». 10 асобнікаў выдання, знойдзеныя ў багажы грамадзяніна Беларусі, былі забраныя на экспертызу.

Начальнік аддзела мытных расследаванняў Брэсцкай мытні Уладзімір Закржэўскі, у якога служба маніторынгу ГА «БАЖ» спрабавала высветліць, якую канкрэтна публікацыю мытнікі лічаць «шкоднай», адмовіўся адказваць на пытанні. (Ён патлумачыў, што на гэта патрэбна санкцыя яго кіраўніцтва).

Прэс-сакратар Брэсцкай мытні Сяргей Малеў таксама не змог праясніць сітуацыю. Ён толькі адзначыў, што вынікі экспертызы прыйшлі яшчэ 5 лістапада, пасля чаго Брэсцкая мытня накіравала справу ў суд Маскоўскага раёна Брэста.

Звычайна падобныя справы разглядаюцца ў судовых установах на працягу 10–15 дзён, у залежнасці ад занятасці суддзяў. Але ў гэтым выпадку ўсе спробы даведацца ў Маскоўскім раённым судзе Брэста пра лёс затрыманых асобнікаў «ARCHE» поспеху не мелі.

У прыёмным пакоі старшыні суда і канцылярыі такіх звестак журналістам не даюць, а намесніца старшыні суда Таццяна Міранюк, адказная за разгляд грамадзянскіх спраў, адмовілася гутарыць з карэспандэнтам службы маніторынгу БАЖ па тэлефоне, спаслаўшыся на занятасць.

Не змог атрымаць інфармацыі пра часопіс і яго рэдактар Валерый Булгакаў.
«На мае пытанні, ці паступіла ў суд экспертнае заключэнне, што ў ім паведамляецца і ці прызначана дата разгляду справы, супрацоўнікі Маскоўскага суда не адказвалі і толькі перанакіроўвалі адзін да другога. Урэшце 28 лістапада рэдакцыя часопіса накіравала афіцыйны запыт у суд, і зараз мы чакаем адказу», — паведаміў у гутарцы з прэс-службай БАЖ сп. Булгакаў.

Нагадаем, напрыканцы лістапада галоўны рэдактар «ARCHE» В. Булгакаў атрымаў з Дзяржаўнага мытнага камітэту адказ на свой зварот з нагоды затрымання часопіса. Намеснік старшыні ­камітэта Сяргей Барысюк паведаміў, што ў адпаведнасці з заключэннем упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці ад 5 лістапада ў № 7–8 часопіса «ARCHE» за 2008 год «была прызнана наяўнасць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і прапаганды такой дзейнасці».

Цікава, што даведацца пра вынікі суда (калі такі быў) па справе часопіса «ARCHE» не могуць і тыя, хто быў яе ініцыятарам. Паводле

прэс-сакратара Брэсцкай мытні С. Малева, ён таксама не здолеў атрымаць у судзе ніякай інфармацыі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international