Рэчыцкі актывіст: Пасадзіце мяне ў турму

2008 2008-12-23T16:50:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Рэчыцы 59-гадовы грамадзкі актывіст, сябра ПКБ Анатоль Фралоў абвясьціў галадоўку. Патрапіўшы ў свой час пад скарачэньне, ён ужо два гады ня можа знайсьці працу. У мясцовага пракурора ён нават прасіўся пасадзіць яго ў турму, бо там хоць кормяць:

“Я хадзіў да пракурора, сказаў, што груба парушаюцца мае канстытуцыйныя правы — я маю права на працу. Мне няма за што жыць. Я абвясьціў галадоўку — п’ю толькі ваду. Кажу: пасадзіце мяне ў турму за мае палітычныя погляды — у турме кормяць. Адказвае: у турму мы за гэта не саджаем”.

Анатоль Фралоў скончыў у 1977 годзе Гарадзенскі ўнівэрсытэт, паводле адукацыі гісторык. Працаваў у школах Рэчыцкага раёну настаўнікам гісторыі, пасьля ў пазаведамаснай ахове, дзе й патрапіў пад скарачэньне. Стаіць на ўліку беспрацоўных у цэнтры занятасьці насельніцтва. За апошні месяц атрымаў 34 тысячы рублёў дапамогі, на якія пражыць можна хіба што 2-3 дні.

Пэрыядычна цэнтар занятасьці дае Фралову накіраваньні ў гарадзкія арганізацыі:

“Яны даюць мне накіраваньні на самую нікчэмную працу — на 200 тысяч рублёў. Калі я прыходжу, месцы ўжо занятыя.

Апошні раз я быў у вайсковай частцы 22403. Там адказалі: “Вы — стары. Трэба грузіць скрыні па 70 кіляграмаў — вы ня здолееце. У такім узросьце мы не бярэм, бярэм толькі маладых”.

Да гэтага я быў у адной гандлёвай фірме. Прыходжу, а месца вартаўніка ўжо занятае“.

Наконт свайго гаротнага становішча й немагчымасьці ўладкавацца на працу Анатоль Фралоў зьвяртаўся ня толькі да мясцовых чыноўнікаў:

“Я чатыры разы пісаў лісты на імя прэзыдэнта. Адказвала нейкая спадарыня Буко, што лісты пераадрасаваныя сюды, у Рэчыцу, каб яны прачыталі й сказалі, што рабіць. У выканкаме на мяне ўжо нацкоўваюць міліцыянта й не дапускаюць мяне да службовых асобаў”.

Дарэчы, спадар Фралоў паведаміў, што сёньня з райвыканкаму яго выправадзіў начальнік арганізацыйна-кадравай работы Рыгор Якушаў.

Матэрыяльную дапамогу выканкам таксама даць адмаўляецца, бо Фралоў езьдзіў сёлета ў Нямеччыну ў госьці да дачкі. Апрача таго, у актывіста ёсьць жонка, якая атрымлівае пэнсію.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international