Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, кастрычнік-лістапад 2008 году

2008 2008-12-15T12:12:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасьля завяршэньня ў канцы верасьня выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу РБ, у кастрычніку яшчэ праводзіліся абскарджаньні іх вынікаў, падводзіліся высновы. У Цэнтрвыбаркам паступіла 35 скаргаў. 13 кастрычніка на паседжаньні ЦВК не задаволіла скаргі 27 былых кандыдатаў у дэпутаты, а 24 кастрычніка яшчэ па пяці скаргам, у якіх апратэстоўваліся вынікі выбараў, было прынятае адмоўнае рашэньне. Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік зазначыў, што больш заяўнікам скрадзіцца няма куды: «Выбарчае заканадаўства прадугледжвае, што ў гэтых пытаньнях рашэньне Цэнтральнай выбарчай камісіі зьяўляецца канчатковым і абскарджваньню не падлягае».

9 кастрычніка Прэзідыум палітсавета АДС на сваім паседжаньні падвёў вынікі парламенцкіх выбараў і даў ацэнку выбарчай кампаніі з боку калектыўнай структуры апазіцыі.У заяве прэзідыума палітсавета АДС канстатуецца, што "на заключным этапе выбараў у Палату прадстаўнікоў у некаторых акругах дэмакратычныя кандыдаты адчувалі сур'ёзнае супрацьдезяньне ў правядзеньні выбарчай кампаніі". Аўтары дакумента зазначаюць, што назіральнікі, насуперак запэўніваньням прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, на пераважнай колькасьці ўчасткаў не былі дапушчаныя да назіраньня за працэдурай падліку галасоў, а з некаторых участкаў назіральнікі ад АДС былі выдаленыя прадстаўнікамі сілавых структур. Лідэры апазіцыйных сіл зьвярнулі ўвагу на тое, што "ўлады адхілілі канструктыўную прапанову палітычных партыяў аб правядзеньні тэлевізійных дэбатаў паміж кандыдатамі у дэпутаты ад улады і ад адзінага сьпісу АДС па актуальных пытаньнях, што цікавяць выбаршчыкаў; улады выкарыстоўвалі працэдуру датэрміновага галасаваньня для стварэньня неабходнай яўкі выбаршчыкаў і фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня". Прэзідыум палітсавета АДС падзяляе ацэнку выбарчай кампаніі, што дала міжнародная місія назіральнікаў АБСЕ, як не адпаведнай дэмакратычным стандартам гэтай арганізацыі і пацьвярджае правільнасьць стратэгіі АДС, ськіраванай на прадастаўленьне пераканаўчых доказаў недэмакратычнасьці выбарчай кампаніі на ўсіх яе этапах і фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня. Лідэры апазіцыі лічаць важнейшай задачай АДС канцэнтрацыю намаганьняў на зьмяненьні выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі для правядзеньня сапраўды свабодных і справядлівых выбараў.

 

9 кастрычніка Еўрапейскі парламент ухваліў рэзалюцыю па Беларусі. Праект быў ухвалены абсалютнай большасьцю галасоў: “за” прагаласавалі 597 дэпутатаў, 31 - “супраць”, 22 дэпутаты ўстрымаліся. У рэзалюцыі Еўрапарламент заклікаў выканаўчыя органы Еўразьвязу спрасьціць працэдуру атрыманьня эўрапейскіх візаў для грамадзянаў Беларусі, а таксама прыпыніць візавыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгады, каб за гэты час у Беларусі быў перагледжаны дыскрымінацыйны закон аб сродках масавай інфармацыі. Пры гэтым прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не датычыцца асоб, што ўдзельнічалі ў парушэньнях дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека. Пры гэтым, аднак, у рэзалюцыі выказваецца "глыбокае расчараваньне" тым, што ў Беларусі не адбылося дэмакратычных зьменаў, на якія спадзяваўся Еўразьвяз, і што, нягледзячы на невялікія паляпшэньні, выбары не адпавядалі стандартам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Еўропе. У рэзалюцыі таксама ўтрымліваецца заклік да беларускага ўраду скасаваць шэраг артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваюцца для рэпрэсій, устрымацца ад перасьледу беларускіх студэнтаў, якія вучацца за мяжой пасьля выключэньня з беларускіх ўніверсітэтаў за грамадзкую дзейнасьць, а таксама зьняць перашкоды на шляху рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў. У рэзалюцыі выказваецца асуджэньне таго, што Беларусь адзіная сярод краінаў Эўропы захоўвае сьмяротнае пакараньне.

13 кастрычніка Еўразьвяз прыпыніў візавыя санкцыі ў дачыненьні да Лукашэнкі і іншых высокапастаўленых чыноўнікаў, уведзеных пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2006 году. У чорным сьпісе засталіся толькі чацьвёра фігурантаў мемарандуму Пургурыдэса ды кіраўніца Цэнтравыбаркаму. Шэйман, Навумаў, Паўлічэнка, Сівакоў і Ярмошына застаюцца неўязнымі ў краіны ЕС. Прыпыненьне санкцыяў будзе перагледжана праз шэсьць месяцаў, за гэты час мяркуецца ацаніць, якія зрухі ў дэмакратызацыі зробленыя беларускімі ўладамі. А вось ЗША не далучыліся да такога рашэньня. Як адзначыў намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэвід Мэркель, Вашынгтон адрэагаваў на вызваленьне палітвязьняў спыненьнем на паўгода санкцыяў адносна двух беларускіх прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” — “Лакафарба” і “Полацакшкловалакно”. ЗША мяркуюць зьмякчыць санкцыі адносна Беларусі, калі афіцыйны Менск зробіць новыя крокі, каб палепшыць сытуацыю з правамі чалавека і разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці.

Беларусь заняла 154 месца сярод 173 ў рэйтынгу свабоды СМІ за 2008 год. Гэты рэйтынг штогод вызначае ў Парыжы міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў". Справаздачы арганізацыі рыхтуюцца ў цесным супрацоўніцтве з незалежнымі журналісцкімі арганізацыямі многіх краінаў сьвету. Паводле экспертаў арганізацыі, у параўнаньні з 2007 годам сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі не палепшылася. Сёлетняя 154-я пазыцыя Беларусі яшчэ больш нізкая за леташнюю, калі краіна была на 151-м месцы. У справаздачы адзначаецца, што беларускія улады, якія маюць выключную манаполію на электронныя СМІ, працягваюць ціснуць на незалежныя друкаваныя ды Інтэрнэт-выданьні.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

6 кастрычніка рэдакцыя незалежнай газеты «Наша Ніва» у чарговы раз атрымала ад Рэспубліканскага прадпрыемства «Белсаюздрук» адмову на распаўсюд праз сваю гандлёвую сетку выданьня. Як заўважыў у гутарцы з прэс-службай БАЖ галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко, кіраўніцтва рэдакцыі плануе і далей зьвяртацца з прапановамі аб аднаўленьні супрацоўніцтва, каб паказаць такім чынам, што не намерана мірыцца з эканамічнай і палітычнай дыскрымінацыяй недзяржаўнай прэсы. Нагадаем, распаўсюд газеты «Наша Ніва», як і шэрагу іншых недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў, «Белсаюздрук» скасаваў з пачатку 2006 году (напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў). Тады ж адмовілася распаўсюджваць па падпісцы недзяржаўныя газеты «Белпошта». З таго часу ўсе спробы незалежных выданьняў вярнуцца ў дзяржаўную сістэму распаўсюду ня мелі поспеху.

­5 лістапада Калегія Гарадзенскага абласнога суду адмяніла рашэньне Іўеўскага райсуду, які з падачы начальніка ўпраўленьня КДБ па Гарадзенскай вобласьці Ігара Сяргеенкі прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы, апублікава­ныя ў жнівеньскім нумары незарэгістраванай газеты «Свабода». Свой вердыкт абласныя судзьдзі абгрунтавалі тым, што раённы суд разгледзеў справу з парушэньнем прадугледжанай законам працэдуры — пры адсутнасьці ўсіх зацікаўленых бакоў. Справа накіраваная на новы разгляд.

19 лістапада фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін суправаджаў моладзевых актывістаў Партыі БНФ, якія ў Міжнародны дзень студэнтаў раздавалі ўлёткі з тэкстам Дэкларацыі правоў ­студэнтаў на плошчы Незалежнасьці і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Ахоўнікі навучальнай установы затрымалі маладых людзей разам з фотажурналістам і перадалі іх міліцыянтам.Высьвятленьне асобаў адбывалася ў пастарунку, куда даставілі ўсіх затрыманых. Праз паўтары гадзіны ўсіх адпусьцілі на волю.

21 лістапада ў будынку адміністрацыі Савецкага раёна Менску за распаўсюд недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газеты «Новы час», якая афіцыйна зарэгістраваная Мінінфармацыі і легальна друкуецца ў Беларусі, былі затрыманыя сябры “Маладых дэмакратаў” Міхаіл Пашкевіч і Даніла Барысевіч, якія наведвалі кабінеты чыноўнікаў і раздавалі ім сьвежыя нумары газеты. У адказ на гэта адзін з супрацоўнікаў выканкаму выклікаў нарад міліцыі, які даставіў грамадзка-палітычных актывістаў у пастарунак для разбіральніцтва.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

У кастрычніку намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Кацора зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд з патрабаваньнем выканаць рашэньне Камітэта ААН па правах чалавека аб аднаўленьні дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянскія ініцыятывы». У кастрычніку 2006 году камітэт прызнаў, што ГА «Грамадзянскія ініцыятывы», ліквідаванае ў 2003 годзе рашэньнем Гомельскага абласнога суду, падлягае аднаўленьню на працягу 90 дзён пасьля прыняцьця згаданых меркаваньняў аб парушэньні з боку Рэспублікі Беларусь права на свабоду асацыяцыяў. Аднак шматразовыя звароты ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы краіны былі беспасьпяховымі, у сувязі з чым У. Кацора просіць КС прыняць меры для рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў. Аналагічныя звароты накіраваныя ў МЗС і Міністэрства юстыцыі.

16 кастрычніка Мiнiстэрства юстыцыi адмовiла ў рэгiстрацыi рэспублiканскага грамадзкага аб'яднаньня беларускiх пенсiянераў "Наша пакаленьне". Як паведамiла БелаПАН кiраўнiк iнiцыятыўнай групы па яго стварэньнi Тацяна Зялко, па словах начальнiка ўпраўленьня грамадзкiх аб'яднаньняў Мiнюста Алега Сьлiжэўскага нагодай для адмовы сталi заявы членаў iнiцыятыўнай групы: адзiн з iх паведамiў, што ён нiбыта не ўдзельнiчаў ва ўстаноўчым з'ездзе; паводле iнфармацыi другога, з'езд праводзiўся не ў Мiнскай вобласцi, а ў сталiцы". Члены iнiцыятыўнай групы маюць намер адстойваць сваё права на аб'яднаньне, абараняць правы пенсiянераў, займацца iнфармацыйнай i асьветнiцкай дзейнасьцю. Між тым, многiя з тых, хто ўвайшоў у склад новай арганiзацыi, у 2005—2006 гадах ужо спрабавалi стварыць рэспублiканскае грамадзкае аб'яднаньне пенсiянераў "Старэйшыны". Тады Мiнюст адмовiў заяўнiкам у рэгiстрацыi арганiзацыi, не мела поспеху i спроба абскарджваць гэтую адмову ў Вярхоўным судзе.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

У кастрычніку сталічныя ўлады адмовілі Партыі БНФ ў арэндзе памяшканьня для сьвяткаваньня 20-годзьдзя свайго стварэньня. Кіраўніцтва партыі мела намер правесьці вялікую ўрачыстую імпрэзу ў памяшканьні сталічнага Дома культуры МАЗ 19 кастрычніка, і зьвярнулася ў адміністрацыю Дома культуры з адпаведнай заявай 9 верасьня. У якасьці рэзэрвовага варыянту разглядалася зала Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру імя Я.Раў, куды таксама 9 верасьня была накіраваная заява аб прадастаўленьні магчымасьці арэнды памяшканьня.15 верасьня кіраўніцтва партыі дадаткова зьвярнулася ў адміністрацыю прэзідэнта і Менгарвыканкам з просьбай аб спрыяньні ў арэндзе любога з названых памяшканьняў ці прадастаўленьні любога іншага памяшканьня. Адміністрацыя перанакіравала заяву ў Менгарвыканкам, а той, у сваю чаргу, праінфармаваў аб тым, што «вызначэньне месца правядзеньня сходу зьяўляецца абавязкам асобаў, адказных за арганізацыю і правядзеньне дадзенага мерапрыемства».

20 кастрычніка Вярхоўны суд не задаволіў скаргу берасьцейскага актывіста Андрэя Шарэнды, аштрафаванаму на 50 базавых велічыняў за ўдзел 21 студзеня ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску. Апазіцыянер сьцьвярджае, што такое пакараньне парушыла ягоныя грамадзянскія правы, у тым ліку права на вольнае выказваньне думкі і на мірны сход. Аднак Вярхоўны суд палічыў, што сваімі дзеяньнямі сп. Шарэнда парушыў парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Актывіст мае намер падаць індывідуальны зварот на парушэньне сваіх правоў ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Астравецкі райвыканкам адмовіў грамадзкім актывістам Мікалаю Уласевічу і Івану Круку ў правядзеньні на тэрыторыі Астравецкага раёну ў лістападзе пяці інфармацыйных пікетаў, мэтай якіх быў намер давесьці мясцоваму насельніцтву праўду пра ўсю небясьпеку і наступствы пабудовы АЭС на тэрыторыі раёну, які зараз ёсьць адным з экалагічна чысьцейшых у Беларусі і адным з найбольш перспектыўных для развіцьця турызму. Мікалай Уласевіч, былы настаўнік геаграфіі, які ўзначальвае аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы супраць будаўніцтва АЭС, ужо выступаў публічна з крытыкай праекту. У лісьце за подпісам першага намесьніка старшыні Астравецкага райвыканкаму сп. Славінскага адмова тлумачыцца тым, што “цели и способы проведения пикетирования превышают требования, изложенные в Законе Республики Беларусь от 30 декабря 1997 г. №114-3 “О массовых мероприятиях в Республике Беларусь”.

Іван Крук і Мікалай Уласевіч катэгарычна ня згодныя з такой трактоўкай заканадаўства і маюць намер дамагацца законнасьці ў судовым парадку.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

27 кастрычніка ў Менску быў узяты пад варту і зьмешчаны ў СІЗА грамадзкі актывіст Аляксандр Баразенка, які зьяўляецца апошнім з абвінавачаных па “справе 14-ці”— крымінальнай справе, ўзбуджанай па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да ўдзельнікаў студзеньскай мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. За кратамі хлопец правёў тыднёвую галадоўку пратэсту супраць ужытай меры стрыманьня. Як заявіў адвакат Павел Сапелка ў размове з журналістамі, слуханьне справы маглі б прызначыць хутчэй ці зьмяніць меру стрыманьня для яго падабароннага, каб той ня быў такі доўгі час у турме ў чаканьні судовага паседжаньня. Тым ня менш, дамагчыся гэтага адвакату не ўдалося. Разгляд справы прызначаны на 8 снежня ў Цэнтральным судзе сталіцы. Судзіць актывіста будзе судзьдзя Натальля Вайцяховіч. Раней паведамлялася, што працэс будзе весьці Валеры Есьман, які быў зьняты з пасады за датычнасьць да карупцыйных злачынстваў.

Шэраг акцыяў салідарнасьці са зьняволеным Аляксандрам Баразенкам правялі моладзевыя актывісты, некаторыя з іх скончыліся затрыманьнямі іх удзельнікаў супрацоўнікамі міліцыі літаральна ў першыя хвіліны. Так, 24 лістапада затрыманьне моладзі адбывалася з ужываньнем фізічнай сілы. У гэты дзень было затрымана 13 чалавек. Паводле адной з іх, актывісткі Паліны Дзьякавай, усіх адвезлі ў Маскоўскі РУУС, бралі там адбіткі пальцаў, перапісвалі пашпартныя зьвесткі.

У канцы кастрычніка асуджаны па крымінальнай “справе 14-ці” каардынатар руху “Маладая Беларусь” па Менску Уладзімер Сяргееў атрымаў пастанову з адмовай ў задавальненьні надзорнай скаргі на прысуд, вынесены 22 красавіка, згодна ў якім ён быў прызнаны віноўным па арт. 342.1 КК РБ і прысуджаны да выплаты штрафу ў памеры 100 б.в. (3 млн. 500 тыс.бел руб.) за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. У афіцыйнай пастанове за подпісам старшыні Менскага гарадзкога суду В. Г. Пуцілы сьцьвярджаецца, што “віноўнасьць у зьдзяйсненьні правапарушэньня даказаная цалкам” і “падставаў для адмены прысуду ня маецца”. Рашэньне прынятае, нягледзячы на ўсю абсурднасьць справы і на довады асуджанага аб шматлікіх парушэньнях падчас працэсу, разыходжаньнях сьведчаньняў міліцыянтаў з рэчаіснасьцю, незаконнасьці выкарыстаньня ў якасьці рэчавых доказаў відэа- і фотаматэрыялаў сумнеўнага паходжаньня. “Сёньня нам нічога не застаецца, як працягваць змагацца за справядлівасьць і дабівацца скасаваньня прысуду. Я буду браць удзел у інфармацыйных кампаніях з заклікам перагледзець нашую справу разам са сваёй “14-кай”, а таксама разам з паплечнікамі па “Маладой Беларусі”. Мы павінны абавязкова паўплываць на падзеі, пакуль у нас яшчэ ёсьць такая магчымасьць”, - упэўнены Ўладзімер Сяргееў.

У лістападзе спыненыя крымінальныя справы ў дачыненьні да трох падазраваных у датычнасьці да выбуху ў Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня. Пра гэта стала вядома Міхаілу Шарамету, які атрымаў афіцыйны ліст са сьледчага упраўленьня УУС Менгарвыканкаму 29 лістапада. Таксама больш не зьяўляюцца падазраванымі лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў і праваабаронца Ільля Богдан.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

1 кастрычніка адразу пасьля правядзеньня парламенцкіх выбараў бабруйскі грамадзкі актывіст Аляксандр Чыгір адпраўлены ў ізалятар часовага ўтрыманьня адбываць вынесенае судом 28 ліпеня пакараньне – 10 сутак арышту. Адміністратыўная справа была заведзеная на Чыгіра пасля выпадка з таксістам, які 29 траўня вёз Аляксандра разам з дачкой і жонкай дахаты. Таксоўшчык адмовіўся даць чэк (касавага апарата ў яго не было), і завёз пасажыра ў пастарунак. Пасля гэтага Аляксандра Чыгіра абвінавацілі ў пагрозах на адрас таксоўшчыка, пашкоджаньні машыны і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. Нягледзячы на нанесеныя міліцыянтамі пабоі, іхныя дзеяньні былі прызнаныя судом правамоцнымі, а актывіста суд пакараў арыштам і штрафамі ў памеры двух мільёнаў ста тысяч рублёў. Яшчэ дзевяцьсот тысяч рублёў за рамонт нібыта пашкоджанай машыны Алесь Чыгір мусіць выплаціць вадзіцелю таксоўкі Сяргею Касіловічу. Такое рашэньне 4 кастрычніка прыняў Бабруйскі гарадзкі суд.

24 кастрычніка ў Сьветлагорску судзьдзя раённага суду Ірына Алісейка пакарала буйнымі штрафамі ў памеры 1 мільён 400 тысяч рублёў адразу трох мясцовых дэмакратычных актывістаў – кіраўніка раённай арганізацыі ПКБ Сьвятлану Міхальчанку, сяброў Партыі БНФ Віктара Ахрамчука і Сяргея Шавяленку. Актывісты былі затрыманыя міліцыянтамі напярэдадні парляменцкіх выбараў, яны былі даверанымі асобамі кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Сяргея Дайнэкі. У іх канфіскавалі газэты “Товарищ”, а таксама малафарматныя выданьні “Выбар-08” і “Глоток воздуха”. Апрача гэтага, на кватэры ў сп. Міхальчанкі міліцыянты правялі ператрус. Пасьля выбараў апазіцыянераў выклікалі ў мясцовую пракуратуру, якая і накіравала адміністратыўныя пратаколы ў суд. Усе трое абвінавачаны ў распаўсюдзе бюлетэняў “Выбар-08” без выходных зьвестак, а таксама ў абразе гонару і годнасьці высокіх дзяржаўных асобаў, якая нібыта ўтрымліваецца ў публікацыях бюлетэню “Глоток воздуха”. Паказальна, што хадайніцтва адваката і абвінавачаных на правядзеньне экспэртызы зьместу публікацыяў судзьдзя Алісейка адхіліла. Актывісты наважаныя абскардзіць пакараньне буйнымі штрафамі ў абласным судзе.

13 лістападу суд Ленінскага раёну Горадні пакараў буйнымі штрафамі трох грамадзкіх актывістаў, якія 16 кастрычніка ў выніку стыхійнай і мірнай акцыі пратэсту супраць сьпілоўваньня старых дрэваў на завулку Тэлеграфным былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі. Як сьцьвярджае біёлаг і эколаг Ігар Лапеха, работы гэтыя ў горадзе вяліся і вядуцца з відавочнымі парушэньнямі дзеючага заканадаўства. Разгляд адміністратыўных справаў вяла судзьдзя Натальля Козел, сумнавядомая ў Гародні найбольш жорсткімі выракамі ў справах грамадзкіх актывістаў. Ад самага пачатку быў відавочны палітычны падтэкст справы. У выніку разгляду Эдвард Дмухоўскі быў пакараны штрафам у памеры 5 базавых адзінак за нібыта зьдзейсьненае хуліганства. Больш жорсткі прысуд атрымаў Ігар Лапеха паводле двух артыкулаў КаАП – ч.1 арт 17 (хуліганства) і ч.4 арт.23. (непадпарадкаваньне службовым асобам) – агулам штраф у памеры 30 б. в. (5+25), што складае 1 міл.50 тыс. беларускіх рублёў. Беспрацоўнай маладой дзяўчыне Надзеі Крапівінай, якая жыве на ўтрыманьні толькі маці, судзьдзя вынесла штраф у памеры 25 б. в. таксама па двух адміністратыўных артыкулах.

26 лістапада Віцебскі абласны суд адмяніў пастанову Чыгуначнага райсуду Віцебску аб прыцягненьні экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе № 19 Андрэя Левінава да адміністратыўнай адказнасьці ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь за нібыта наўмыснае прычыненьне супрацоўніку Упраўленьня унутраных справаў Вітаблвыканкаму Захараву А.С. цялесных пашкоджаньняў. У скарзе на пастанову раённага суду Андрэй Левінаў указаў, што інкрымінуемага правапарушэньня не зьдзяйсьняў і прывёў факты фальсіфікацыі матэрыялаў справы і шматлікіх працэсуальных парушэньняў.

  1. Катаваньні і іншыя віды жорсткага бесчалавечнага абыходжаньня

 

9 кастрычніка ў Салігорску зьдзейсьнены напад на салігорскую праваабаронцу Яну Палякову. У міліцыі яна атрымала яшчэ адну траўму. Як распавяла жанчына, на яе напалі а 5-й вечара: “Падышоў, ўдарыў мяне па патыліцы і сказаў: «Сука, калі ты не заціхнеш, то гэта апошняе папярэджаньне!». У мяне каса́ ўверх закладзеная. Ён схапіў мяне за валасы і ўдарыў скроньню ці то аб дзьверы, ці то аб вяршнік, ці яшчэ аб нешта”. Сп. Палякова па мабільным тэлефоне выклікала “хуткую дапамогу”, а потым і міліцыю. У траўмапункце ёй аказалі мэдычную дапамогу, пасьля яна доўга чакала, пакуль туды прыедуць міліцыянты. З траўмапункту яе забралі ў міліцыю, каб яна там напісала заяву аб нападзе. У пастарунку жанчыне стала кепска. Калі яна паспрабавала выйсьці на сьвежае паветра, то зноў атрымала ўдар.

Варта прыгадаць, што 30 жніўня Яну Палякову ў цэнтры Салігорску затрымалі міліцыянты. Тады, паводле ейных слоў, людзі ў цывільным і ўчастковы міліцыянт у пастарунку прапанавалі ёй падпісаць нейкія дакументы. Калі ж жанчына паспрабавала іх узяць, каб прачытаць, то атрымала моцны ўдар па руках, а потым яшчэ ўдары па нагах. Мэдыкі потым зафіксавалі пабоі. У часе выбараў у Палату прадстаўнікоў Яна Палякова зьбірала подпісы за Вольгу Казуліну. Праваабаронца лічыць, што такім чынам у міліцыі яе паспрабавалі запалохаць. Яна Палякова сёньня мелася накіраваць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў, бо з абласной пракуратуры атрымала адмоўны адказ. Жанчына ўпэўнена, што мэта нападу — канчаткова яе запалохаць: каб яна спыніла сваю дзейнасьць і ня скардзілася на дзеяньні мясцовых міліцыянтаў. “Гэта помста за тое, што я пасьмела зьвярнуцца з адпаведнаю заявай на супрацоўніка міліцыі і ўказаць ягонае прозьвішча”, перакананая Яна Палякова.

  1. Парушэньні выбарчых правоў грамадзянаў

Адказнаму сакратару аргкамітэта па стварэньні БХД Дзянісу Садоўскаму, які быў кандыдатам ў дэпутаты па 103 Масюкоўшчынкай акрузе, пракуратура адмовіла ў разглядзе скаргаў на парушэньні, зафіксаваныя ва ўчастковых камісіях у дзень выбараў. Дзяніс Садоўскі на наступны дзень пасьля выбараў даслаў у пракуратуру заявы і акты аб парушэньні Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, складзеныя ім самім і яго даверанымі асобамі ў дзень выбараў. 9 кастрычніка Садоўкаму былі вернутыя заявы і акты, якія старэйшы саветнік юстыцыі пракуратуры Фрунзенскага раёна Свірыдовіч А.М. палічыў "пададзенымі з парушэньнем усталяваных заканадаўствам патрабаваньняў". "У звароце я патрабаваў правядзеньня сьледчых мерапрыемстваў па фактах парушэньня выбарчага заканадаўства, прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія зьдзяйсьнялі фальсыфікацыю выбараў і правядзеньня паўторнага галасаваньня. Замест гэтага, яны зрабілі мне звычайную адпіску, што па фармальных прычынах не могуць разгледзець мае скаргі. Беззаконьне адбывалася падчас выбараў, беззаконьне працягваецца і ў пракуратуры", - сказаў Дзяніс Садоўскі.

У кастрычніку Выбарчая камісія Буда-Кашалёўскай акругі падала судовы пазоў на былога кандыдата ў дэпутаты Кастуся Жукоўскага, каб спагнаць грашовыю кампенсацыю за зьняцьце з выбараў. Старшыня Цэнтральнай выбарнай камісіі па выбарам і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Лідзія Ярмошына ў інтэрвію БелаПАН паведаміла, што былыя кандыдаты ў дэпутаты, якія зьняліся з выбараў, паводле закону абавязаны кампенсаваць сродкі, патрачаныя імі на выраб агітацыйных матэрыялаў. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, каментуючы прэтэнзіі выбарчай Буда-Кашалёўскай камісіі да Кастуся Жукоўскага, акцэнтаваў увагу на прычыне “зьняцьця кандыдатуры”: “Калі кандыдат выкарыстаў сродкі, выдаткаваныя на агітацыйную прадукцыю, а потым зьняў сваю кандыдатуру без паважлівых прычын, то паводле закону мусіць гэтыя сродкі кампенсаваць”... Аднак у заканадаўстве не прапісана, што ёсьць паважлівай прычынай. Прычынай зьняцьця сваёй кандыдатуры зьняў у першы дзень датэрміновага галасаваньня Кастусь Жукоўскі назваў няроўныя ўмовы вядзеньня перадвыбарчай агітацыі з кандыдатам ад улады Уладзімерам Кужанавым. Апрача таго, у склад участковых выбарчых камісіяў мясцовыя ўлады не ўключылі ніводнага з шаснаццаці прапанаваных прадстаўнікоў дэмсілаў. 20 лістапада судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Жана Андрэйчык задаволіла пазоў акруговай камісіі на спагнаньне “выбарчых” грошай з дэмакратычнага кандыдата. Спадар Жукоўскі абавязаны вярнуць са сваёй кішэні на рахунак Буда-Кашалёўскага райвыканкаму больш як мільён семсот тысяч рублёў, якія былі выкарыстаныя на перадвыбарчыя ўлёткі.

20 лістапада Сенненскі раённы суд аштрафаваў на 20 базавых велічынь (700 тыс. бел.руб.) сябра ўчастковай выбарчай камісіі, настаўніцу пачатковых класаў сярэдняй школы вёскі Ходсы Сенненскага раёна Натальлю Нікіціну. 26 верасьня, падчас датэрміновага галасаваньня, сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Сяргея Вазьняка літаральна схапілі яе за руку, злавіўшы за фальсіфікацыяй дакументаў. Спадар Вазьняк падкрэсьліў, што гэта ці не адзіны выпадак за час улады Аляксандра Лукашэнкі, калі парушальнік выбарчага заканадаўства нясе пакараньне праз суд. Насамрэч шматлікія выпадкі фальсіфікацыі падчас выбараў паўсюдна замоўчваюцца.

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычным матывам

На пачатку лістапада з Магілёўскага прафесійнага ліцэю № 2 з фармулёўкай “за грубае парушэньне дысцыпліны” адлічаны 18-гадовы актывіст Станіслаў Сенакосаў. “Я зьвязваю сваё адлічэньне з тым, што займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Са мной размаўляла кіраўніцтва. Казалі, калі я не спыню гэтага, у мяне будуць праблемы з навучаньнем. Калі мне споўніцца васямнаццаць год, мяне адлічаць папросту. Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Вось мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, я прапусьціў адзін занятак, і ў сувязі з гэтым мне падпісалі загад аб адлічэньні. Там напісалі, што я парушыў унутраны расклад”,- распавеў Станіслаў Сенакосаў.

Звольнены з працы кандыдат у дэпутаты на парламенцкіх выбарах Віктар Падчыненкаў, які працаваў у гарадзенскай прыватнай фірме ТАА “НьюТонМэбля” цесьляром. 1 кастрычніка ягоны кіраўнік папрасіў напісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні, спаслаўшыся на тое, што да яго з гэтым патрабаваньнем прыходзілі людзі “з органаў”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international