Нацыяналізацыя прыватных медычных цэнтраў пачалася: “Нардзін” ужо спыніў працу

2005 2005-07-25T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 ліпеня Вышэйшы гаспадарчы суд не задаволіў пазову прыватнага мэдычнага цэнтру “Нардзін” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва кампаніі прасіла прызнаць беспадстаўным рашэньне міністэрства аб ануляваньні ліцэнзіі. “Нардзін” спыніў сваю дзейнасьць.
Карэспандэнтка Радыё Свабода наведала ліквідаваны медцэнтар, пагутарыла з супрацоўнікамі і людзьмі, якія яшчэ ня ведаюць пра яго закрыцьцё, а таму працягваюць ісьці і не хаваюць шкадаваньня з нагоды навіны.

Супрацоўнікі “Нардзіну” кажуць, што цяпер яны рыхтуюць справаздачы на здачу тэхнікі й абсталяваньня ды пішуць заявы на звальненьне. Кіраўніцтва кампаніі пра далейшы лёс сваёй установы даваць камэнтары адмаўляецца. Не камэнтуюць вынікаў суду і ў ліцэнзійным аддзеле Міністэрства аховы здароўя.

Яшчэ ў адным прыватным цэнтры, “Экамэдсэрвіс”, які чакае судовага рашэньня ў аналагічнай справе, кажуць, што цяпер амаль ня маюць спадзяваньняў на лепшы вынік і для сябе. Гаворыць прадстаўніца “Экамэдсэрвісу” Натальля Крамнёва: “У нас жудасны настрой з той прычыны, што няма межаў выкарыстаньня адміністрацыйных рэсурсаў. І хоць рашэньне суду яшчэ ня вынесенае, нас, у прынцыпе, ужо пахавалі. Канечне, нейкая надзея яшчэ застаецца. Але ў зьвязку вось з гэтай масіраванай інфармацыйнай хваляй у дзяржаўных мэдыях узьнікаюць сумневы адносна выніку — які вынік і ці не запланаваны ён загадзя”.

Адначасна ў Вярхоўным судзе адстойвае права на мэдычную дзейнасьць яшчэ адна прыватная кампанія — “Аптымэд”. Міністэрства аховы здароўя пазбавіла яе ліцэнзіі на падставе тых жа прэтэнзіяў да кваліфікацыі пэрсаналу, што і ў дачыненьні да “Экамэдсэрвісу” і “Нардзіну”. Кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа, мяркуе, што гэта адмысловы наступ уладаў на прыватны бізнэс.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, штогод Міністэрства аховы здароўя выдае ліцэнзіі на мэдычную і фармацэўтычную дзейнасьць 70 суб’ектам гаспадараньня. У 40 зь іх ліцэнзіі анулёўваюць. Толькі сёлета ліцэнзіяў былі пазбаўленыя 23 мэдычныя ўстановы.

Міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступленьняў неаднойчы выказвалася ў падтрымку разьвіцьця прыватных мэдычных паслугаў. Адначасна яна заяўляе, што Міністэрства аховы здароўя распачынае ствараць сетку дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае. Гэтаму папярэднічала комплексная праверка, арганізаваная Камітэтам дзяржкантролю ў дачыненьні трох буйных прыватных мэдычных цэнтраў — “Экамэдсэрвіс”, “Нардзін” і “Сучасная мікрахірургія вока”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international