У Дзень правоў чалавека віцебскія ўлады замахнуліся на правы дзіцяці

2008 2008-12-12T13:57:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў паведаміў, што ўвечары 10 снежня ў грамадскую прыёмную патэлефанаваў 15-гадовы Максім Андрэеў, вучань Віцебскай сярэдняй школы №6, і сказаў, што яму трэба наведаць дзіцячага ўрача, але ён баіцца ісці ў паліклініку, паколькі “дарослыя дзядзі і цёці” ад уладаў хочуць адабраць яго ў маці.

Спарава ў тым, што ёсць рашэнне адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску, прынятае на падставе Дыкрэта прэзідэнта РБ №18. Паводле гэтага рашэння, Максіма Андрэева павінны адправіць у прытулак, адабраўшы ў маці, работніцы мясцовай базы гародніны, і старэйшага брата, супрацоўніка газеты «Витебский Курьер».

Павел Левінаў нагадаў, што 28 лістапада і 4 снежня гэтага году ўжо рабіліся спробы разлучыць Максіма з маці. І толькі ўмяшанне праваабаронцаў не дазволіла парушыць правы дзіцяці.

Праваабаронца пайшоў разам з Максімам Андрэевым у дзіцячую паліклініку №3. Паводле П.Левінава, там ён адразу звярнуў увагу на “бацькоў без дзяцей”. А непадалёк ад паліклінікі стаялі аўтамабілі з усталяванымі рацыямі.

- Было зразумела – хлопчык у паліклініцы будзе затрыманы. Але на карысць дзіцяці ўсё ж было прынятае рашэнне паказаць яго ўрачу. Убачыўшы максіма, усе “бацькі” знялі свае маскі, пад якімі аказаліся твары супрацоўнікаў міліцыі. Людзі ў пагонах павыходзілі з кабінетаў. Іх было больш за 12 чалавек – супраць Максіма і ягонай маці. Кіравалі аперацыяй начальнікі Кастрычніцкага і Першамайскага РАУС Зубец і Цярэшчанка. Без рашэння суда планавалася адвезці школьніка ў дзіцячы прытулак. Максім моцна трымаўся за маці і прасіў не разлучаць яго з ёй. Няпрошаныя госці былі глухія да ягоных просьбаў, - распавёў Павел Левінаў.

Не пачулі супрацоўнікі міліцыі і заклікаў праваабаронцы не парушаць Канстытуцыю (паводле яе дзеці могуць быць адлучаныя ад сям’і супраць волі бацькоў толькі на падставе рашэння суда) і Канвенцыю ААН “Аб правах дзіцяці” (гэты дакумент патрабуе ад дзяржавы забяспечыць дзіцяці магчымасць сфармуляваць свае ўласныя погляды, права свабодна выказваць гэтыя погляды па ўсіх пытаннях, што датычацца яго, а таксама абавязвае надаваць належную ўвагу поглядам дзіцяці).

Па словах П.Левінава, пракурор Кастрычніцкага раёна Віцебска Шалухін адмовіўся прыехаць, каб абараніць правы дзіцяці.

Праваабаронцу ўсё ж удалося пераканаць дактароў выпісаць Максіму Андрэеву накіраванне для працягу лячэння ў стацыянарнай установе.

- Максіму выпісалі накіраванне і выклікалі хуткую дапамогу, каб адвязацца ад праследавальнікаў у пагонах. Салон “хуткай” акупавалі супрацоўнікі міліцыі і загадалі везці хлопчыка не ў бальніцу, а ў прытулак. Там ішла барацьба за правы хлопчыка. Кіраўніцтва прытулку разам з супрацоўніцай раённага аддзела адукацыі Галян адмаўляліся аддаваць Максіма Андрэева на лячэнне ў стацыянар, але я перамог. Максім быў дастаўлены ў бальніцу, - паведаміў спадар Левінаў.

У бальніцу хлопчыка суправаджала і дырэктар прытулку Лаўрова, якая патрабавала ад начальніка міліцыі Першамайскага раёну Віцебску арганізаваць для дзіцяці ў бальніцы ахову. У гэты час (22.30) у бальніцы “выпадкова” апынуўся галоўны гарадскі ўрач Бяляеў, які паабяцаў Максіму праз праваабаронцу, што яго не выпішуць да поўнага выздараўлення.

Але раніцай 11 снежня, калі маці Таццяна Андрэева і старэйшы брат Вячаслаў прыйшлі наведаць хлопчыка, у палаце з ім размаўляў спецыяліст па псіхіатрыі. Па словах родных, Максім прасіў псіхіятара, каб той пакінуў яго ў супакоі, а пасля гэтай размовы маці больш за гадзіну не магла супакоіць сына.

На запатрабаванне маці спыніць псіхічны ціск на яе дзіця псіхіятр паклікаў бальнічнае начальства і міліцыю. У выніку было вырашана змясціць Максіма Андрэева ў псіхіятрычную клініку і выклікана спецбрыгада.

Гэтую сітуацыю адсочвалі мясцовыя праваабаронцы. Па словах аднаго з іх, Валеры Шчукіна, адвозілі Максіма голага і босага, маці ледзь паспела, з дапамогай П.Левінава, заскочыць у машыну, якая ўжо ад’язджала. Зараз усе чакаюць, які дыягназ будзе пастаўлены Максіму Андрэеву.

Валеры Шчукін выказаў сваё меркаванне пра прычыну такога “палявання” на Максіма Андрэева: “З лістапада гэтага году на Віцебшчыне з’явілася “новая метла”, давераным асобам якой патрэбна жыллё. Будаваць жыллё дорага і доўга. Танней і хутчэй адправіць хлопчыка ў прыют. Бо пасля гэтага адабраць у бацькоў кватэру – справа тэхнікі”.

Павел Левінаў паведаміў, што 11 снежня наведаў пракурора раёна і заклікаў яго да судовага разбіральніцтва справы сям’і Андрэевых з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. У адказ на гэта пракурор спаслаўся на адпаведны дыкрэт прэзідэнта, у якім пра суд нічога не сказана. Пракурор паабяцаў праваабаронцу, што будзе кантраляваць гэтае пытанне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international