МЗС Беларусі згарнула дзейнасьць няўрадавай арганізацыі “Дыялёг”, абвінаваціўшы яе ў шпіёнскай дзейнасьці

2005 2005-07-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Міністэрства замежных справаў Беларусі прыняло рашэньне аб закрыцьці менскага прадстаўніцтва Эўрапейскага фонду “Дыялёг”, зарэгістраванага ў Варшаве. Падставай сталі зьвесткі пра тое, што пад прыкрыцьцём навуковых інтарэсаў прадстаўнікі фонду нібыта займаліся шпіёнскай дзейнасьцю. Кіраўніцтва фонду “Дыялёг” называе падобныя абвінавачаньні абсурднымі, а закрыцьцё фонду ставіць у адзін шэраг з гісторыяй вакол Саюзу палякаў Беларусі і высылкай польскіх дыпляматаў. Кіраўнік Эўрапейскага фонду “Дыялёг” лічыць, што беларускія ўлады паставілі за мэту зьнішчыць усе польскія арганізацыі ў Беларусі, паведамляе Радыё Свабода.

У Міністэрстве замежных справаў афіцыйна пацьвердзілі, што дзейнасьць Эўрапейскага фонду “Дыялёг” на тэрыторыі Беларусі забароненая, бо яна ажыцьцяўлялася з парушэньнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь”.

Напярэдадні ў праграме “Панарама” Беларускага тэлебачаньня дзейнасьць фонду “Дыялёг” наўпрост прыраўноўвалася да “шпіёнскай”: паводле тэлеаналітыкаў, фонд быў створаны дзеля выведніцкай дзейнасьці, а навука служыла прыкрыцьцём. Тыя ж крыніцы заявілі, што цягам усяго існаваньня прадстаўніцтва фонду ў Беларусі польскія “псэўданавукоўцы напрацоўвалі сувязі з асобамі, якія маюць доступ да сакрэтных дакумэнтаў”. Зрэшты, афіцыйна пацьвердзіць падобную інфармацыю ў МЗС адмовіліся.

У адпаведнасьці са статутнымі дакумэнтамі, фонд “Дыялёг” ставіць за мэту супрацоўніцтва паміж навуковымі коламі краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, дзеля чаго арганізуе і фінансуе навуковыя канфэрэнцыі і сэмінары. Фонд месьціцца ў польскім горадзе Быдгашчы і супрацоўнічае з шэрагам беларускіх дзяржаўных і камэрцыйных ВНУ, афіцыйных установаў. 4 студзеня 2001 году менавіта рашэньнем Міністэрства замежных справаў у Менску было адкрытае прадстаўніцтва Эўрапейскага фонду “Дыялёг”.

Старшыня праўленьня фонду “Дыялёг” Славамір Тэцлаў называе абвінавачаньні абсурднымі і зьвязвае гэта з агульнай антыпольскай палітыкай беларускіх уладаў: “Гэта ёсьць часткай нейкай большай справы. І не апошняя прычына тут — усё больш напружаныя стасункі па дыпляматычнай лініі паміж Варшавай і Менскам: спачатку — Саюз палякаў Беларусі, потым высылка польскіх дыпляматаў. А паколькі мы адзіная, апроч амбасады, арганізацыя, якая рэальна працавала ў Беларусі, вырашылі, пэўна, і за нас узяцца. У любым выпадку, я ня маю ніякіх тлумачэньняў ад беларускага МЗС”.

Сёньня ў інтэрвію першай праграме Польскага радыё нядаўна высланы дыплямат Марэк Буцько безапэляцыйна заявіў: можна было прагназаваць і далейшыя наступы на польскія арганізацыі, што дзейнічаюць у Беларусі: “Шпіёнаманія ў Беларусі дасягае апагею, а беларускія спэцслужбы робяць усё, каб паказаць, на што яны здольныя”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international