Прэзыдэнт інстытуту імя Гётэ скардзіцца на ўмовы працы ў Беларусі

2005 2005-07-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Радыё Свабода перадае, што Юта Лімбах, прэзыдэнт інстытуту імя Гётэ – міжнароднай культурніцкай установы, якая мае свае прадстаўніцтва ў большасьці краінаў сьвету – называе ўмовы працы ў Беларусі аднымі з найбольш складаных. Колішні прэзыдэнт Нямецкага Канстытуцыйнага суду заявіла ў інтэрвію радыё "Deutschlandfunk" і газэце "Leipziger Volkszeitung", што ў краінах, дзе такія паняцьці як свабода меркаваньняў, прэсы, сходаў, інфармацыйных абменаў значаць вельмі мала, рабіць культурніцкія праекты вельмі няпроста, паколькі там інстытут імя Гётэ ўспрымаецца як агент заходняга імпэрыялізму.

Сярод апошніх, найбольш яркіх, культурніцкіх імпрэзаў інстытута імя Гётэ ў Менску – літаратурная вечарына “Быкаў і Нямеччына”, з удзелам нямецкіх ды беларускіх літаратараў, тэатральная пастаноўка нямецкага рэжысэра ў тэатры кінаактора, шэраг фота– і мастацкіх выставаў. Для большасьці ж беларусаў, гэтая нямецкая ўстанова, якая існуе ў Менску ад 1993 году, магчымасьць танна і грунтоўна авалодаць нямецкай мовай. Тыя беларусы, якія атрымалі адпаведныя дыплёмы інстытута Гётэ, змаглі бяз усялякіх моўных іспытаў пачаць навучаньне ў нямецкіх унівэрсытэтах, атрымалі шанец стажыравацца ў розных нямецкіх фірмах і ўстановах.

Тым часам нягледзячы на ўсю даступнасьць і адкрытасьць нямецкага цэнтру ў Беларусі, ягоныя імпрэзы тут зьбіраюць значна меншую аўдыторыю, чым у Кіеве, Варшаве, Пецярбургу ці Сафіі. На сьвяткаваньне дзясятых угодкаў нямецкага цэнтру ў Менску на запрашэньне кіраўніцтва інстытута не зьявіўся ніводзін з адказных кіраўнікоў ад беларускай адукацыі і культуры. Спадарыня Юта Лімбах зазначыла, што публічнай працы нямецкага цэнтру ў Беларусі ствараецца нямала перашкодаў. “Мы ня ведаем, ці кантралююцца тыя, хто нас наведвае, альбо людзі проста баяцца і ня ідуць да нас”,– гаворыць яна.

Тым часам інстытут Гётэ працягвае сваю культурніцкую місію ў Беларусі. Сумесна з францускай амбасадай інстытут мае намер адкрыць у Менску нямецка-францускі цэнтар. Як паведаміла напярэдадні свайго ад’езду зь Беларусі кіраўніца менскага інстытута імя Гётэ Барбара Фрэнкель-Тонэт, шэраг цікавых культурніцкіх праектаў ўсё ж рэалізаваць удалося. Цяпер у інстытуце Гётэ ў Менску вакацыі. Цэнтар адновіць сваю працу ў жніўні на чале з новай кіраўніцай Катрын Освальд-Рыхтэр.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international