Улады Віцебску не жадаюць нагадаць гараджанам пра правы чалавека

2008 2008-12-09T12:04:11+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскі праваабаронца, сябра БХК Павел Левінаў звярнуўся ў мясцовы гарвыканкам з прапановай падчас юбілейнай дэкады Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека зрабіць усё магчымае для распаўсюджвання, абвяшчэння і растлумачэння гэтага дакумента. Гарадскія ўлады фактычна праігнаравалі прапанову праваабаронцы, спаслаўшыся на планавае мерапрыемства.    

 
Намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама П.Лосіч праінфармаваў П.Левінава аб тым, што ў адпаведнасці з зацверджаным ім планам мерапрыемстваў з нагоды 60-годдзя прыняцця Дэкларацыі ў горадзе на 5 снежня запланаванае правядзенне круглага стала па гэтай тэме.

 
Як распавёў Павел Левінаў, якога запрасілі на гэтае планавае мерапрыемства, стол сапраўды быў “круг”. Акрамя яго, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік начальніка аддзела абласной пракуратуры, начальнікі аддзелаў ідэалагінай працы двух раённых адміністрацыяў гораду, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы гарвыканкама, галоўны прававы інспектар аблсавпрофа і дацэнт Віцебскага дзяржуніверсітэту імя П.Машэрава.

 
Па словах праваабаронцы, удзельнікі мерапрыемства ўсё ніяк не маглі прыйсці да абмеркавання істотных праблемаў з правамі чалавека ў рэгіёне. Гарадскі ідэолаг Ірына Пучкова парыравала: “Распаўсюджванне ведаў пра правы чалавека не прыводзіць да зніжэння злачыннасці!”. А прафсаюзны дзеяч Святлана Супрун казала пра эканамічныя, сацыяльныя і культурныя правы.

 
Адкрыццём для прысутных стала паведамленне Паўла Левінава пра тое, што толькі ў гэтым годзе грамадзяне Віцебшчыны накіравалі больш за дзесятак скаргаў у Камітэт ААН па правах чалавека ў сувязі з парушэннямі мясцовымі чыноўнікамі іх правоў, гарантаваных у тым ліку і Усеагульнай дэкларацыяй. Напрыканцы дыскусіі праваабаронца падараваў кожнаму з удзельнікаў мерапрыемства брашуру з тэкстам гэтага дакумента на дзвюх дзяржаўных мовах.

 
Павел Левінаў таксама паведаміў, што 10 снежня ён збіраўся правесці пікет з мэтай прапаганды дакументаў у падтрымку правоў чалавека і  публічнага выказвання зацікаўленасці да праблемы іх парушэння. Нягледзячы на тое, што пікет планаваўся ў месцы, вызначаным рашэннем Віцебскага гарвыканкаму “Аб парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску”, П.Лосіч забараніў яго. Чыноўнік патлумачыў сваю забарону тым, што менавіта ў Міжнародны дзень правоў чалавека ва ўказаны ў заяве праваабаронцы час на гэтым месцы “в рамках фестиваля “Молодзежь за здоровый образ жизни-2008” запланирована молодежная акция “Быстрота Реакции, Сила Мысли”.    

 
Нагадаем, што за некалькі дзён да гэтага намеснік старшыні гарвыканкаму забараніў Паўлу Левінаву шэраг аналагічных пікетаў з тае прычыны, што іх правядзенне планавалася ў жылых мікрараёнах, а не ў спецыяльна прызначаных гарвыканкамам месцах.

 
Неправамоцныя дзеянні чыноўніка, што парушаюць правы грамадзянаў, абвешчаныя ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Павел Левінаў абскардзіў у судзе.  

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international