Новая тактыка пераследаў і забаронаў

2008 2008-12-04T14:51:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі не адбываецца масавых вулічных акцыяў ці палітычных кампаніяў, у краіне працягваюцца "кропкавыя" пераследы актывістаў дэмакратычных сілаў і забараняюцца грамадскія мерапрыемствы.

 

3-га снежня ўвечары ў Наваполацку быў затрыманы старшыня мясцовай суполкі "Моладзі БНФ" Міхась Новікаў разам з актывістам арганізацыі Андрусём Галавырыным. Маладзёны выйшлі з клубу пасля рок-канцэрту і былі раптоўна схопленыя міліцыянтамі. У актывістаў знайшлі некалькі налепак, што само па сабе не з’яўляецца падставай для адміністратыўнага пераследу. Як паведамляюць мясцовыя праваабаронцы, нягледзячы на тое, што хлопцы былі абсалютна цвярозыя, іх адвезлі з пачатку ў пастарунак, пасля ў выцвярэзнік, дзе пратрымалі ўсю ноч.

 

Мінгарвыканкам не дазволіў актывістам "Маладога фронту" правесці 8 снежня, на гадавіну распаду СССР, пікет на плошчы Незалежнасці каля помніка Леніну. Заяўку на пікет падавалі Наста Палажанка, Аляксей Янушэўскі і Наста Лойка. У той жа час у Мазыры каардынатар "Маладога фронту" па Гомельскай вобласці Павел Наздра атрымаў адмоўны адказ на заяву аб арганізацыі аналагічнага пікета ля помніка Леніну, які таксама планаваўся на 8 снежня. Стала вядома, што мясцовыя ўлады забаранілі праводзіць пікеты ў гэты дзень таксама ў Пінску, Кобрыне і іншых гарадах.

 

Штрафы за пікет

 

У Брэсце 3 снежня прайшлі судовыя працэсы над актывістамі мясцовай арганізацыі "Маладога фронту". Суддзя Міранюк прысудзіў Жанну Абрамаву, Юрыя Бакура і Івана Стасюка да штрафу ў 2 базавыя велічыні - каля 25 еўра за несанкцыянаваны пікет. У мінулы аўторак маладафронтаўцы былі затрыманыя падчас правядзення акцыі ў абарону моладзевай актывісткі Жанны Абрамавай, якую ў лістападзе разам з сям’ёю, на думку актывістаў, незаконна высялілі з кватэры. Юнакі расклалі на плошчы Леніна раскладушку, абгарнуліся ў бел-чырвона-белыя сцягі і трымалі ў руках плакаты "Мяне высялілі. Я жыву тут". Нягледзячы на адміністрацыйныя пакаранні, моладзевыя актывісты абяцаюць надалей праводзіць акцыі падтрымкі Жанны Абрамавай.

 

Салігорскія выканаўчыя ўлады ў апошні момант забаранілі канцэрт беларускіх музыкаў, прысвечаны дню барацьбы са СНІДам. Першапачаткова кіраўніцтва Дому культуры і аддзела культуры райвыканкама добра ўспрыняла прапанову моладзі, але ж, даведаўшыся, што сярод арганізатараў ёсць мясцовыя маладафронтаўцы, улады вырашылі не даваць дазволу на музычную імпрэзу.

 

У Мінску ля следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага на гэтым тыдні штовечар працягваліся акцыі салідарнасці з апошнім фігурантам "Справы чатырнаццаці" Аляксандрам Баразенкам, які знаходзіцца ў СІЗА ў чаканні суда. Разгляд справы моладзевага актывіста прызначаны на 8 снежня. Адзначу, што гэтымі днямі, параўнальна з мінулым тыднем, затрыманняў актывістаў моладзевых рухаў ля сцен ізалятара не было.

 

Прыклад пазітыву

 

У якасці пазітыўнай з’явы можна адзначыць і тое, што нарэшце спынены крымінальныя справы ў дачыненні да некаторых дэмакратычных актывістаў, падазраваных у спрычыненні да выбуху ў Мінску ў ноч на 4 ліпеня. Пра гэта стала вядома аднаму з іх Міхаілу Шарамету, які атрымаў афіцыйны ліст са следчага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама. Вядома таксама і прозвішча яшчэ аднаго з цяпер ужо былых падазраваных - гэта лідэр незарэгістраванай арганізацыі "Правы альянс" Юрась Карэтнікаў.

 

Ацэньваючы стан з выкананнем правоў чалавека ў Беларусі, юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ўлады апошнім часам ухіляюцца ад прамога пераследу грамадзян па палітычных матывах, што ёсць станоўчым момантам. Сёння толькі згаданы вышэй Аляксандр Баразенка знаходзіцца ў СІЗА, хаця ў мінулыя гады адначасова ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся да дзесяці чалавек.

 

Але праваабаронца адзначыў, што аб кардынальнай змене сітуацыі ў лепшы бок казаць нельга. "Кантроль над грамадствам застаецца нязменным, даволі моцным і шчыльным, грамадзянскія правы абмежаваныя да максімальнага ўзроўню, і пакуль не бачна, каб улады рабілі нейкія сістэмныя крокі да дэмакратызацыі і лібералізацыі сітуацыі, - мяркуе Валянцін Стэфановіч. – Хутчэй, гэта сітуатыўная рэакцыя ўладаў на перамоўныя працэсы з Еўразвязам, і да чаго гэта прывядзе ў будучым, цяжка сказаць, магчымыя самыя розныя варыянты".

 


Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international