viasna on patreon

Супраць актывіста пачалі крымінальную справу

2008 2008-11-28T17:00:36+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывіста Аляксандра Жыдкевіча з Бычыхі Гарадоцкага раёну падазраюць у парушэнні арт. 433 Крымінальнага кодэксу “Атрыманне незаконнага ўзнагароджання”.

 
Падставай для завядзення крымінальнай справы супраць маладога стаматолага стаў запіс у “Кнізе заўваг і прапаноў” аб тым, што ён нібыта атрымаў грошы ў мясцовага маладзёна за лячэнне зуба. Напярэдадні з’яўлення запісу Аляксандр Жыдкевіч звярнуўся да кіраўніцтва Бычыхінскага ФАПа са скаргай на тое, што санітарка, якая павінна яму дапамагаць, адмаўляецца сумленна выконваць свае абавязкі. Актывіст мяркуе, што гэтыя выпадкі звязаныя паміж сабой.

 
Мясцовыя міліцыянты з энтузіязмам узяліся раскручваць справу супраць сябра Руху “За свабоду”, які  ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі ў якасці назіральніка і раней актыўна дзяліўся інфармацыяй з журналістамі пра дрэнныя умовы пражывання маладых спецыялістаў.

 
Запісам у “Кнізе заўваг і прапаноў” зацікавіліся супрацоўнікі АБЭЗ Гарадоцкага РАУС, якія забралі дакументы маладога спецыяліста, апыталі шэраг вяскоўцаў і перадалі справу ў Гарадоцкую пракуратуру.

 
Следчы Гарадоцкай пракуратуры Сяргей Касіч распачаў следства па высвятленні ўсіх абставін гэтага запісу ў кнізе “Заўваг і прапаноў” і правёў першы допыт Аляксандра. Аляксандр Жыдкевіч стаў падазраваным па арт. 433 Крымінальнага кодэксу “Атрыманне незаконнага ўзнагароджання”.

 
Маладому чалавеку даводзіцца трымаць чарговае жыццёвае выпрабаванне, якое звязана з яго грамадзянскай і працоўнай пазіцыяй.

 
− Мы заклікаем беларускую грамадскасць падтрымаць актывіста, які заявіў пра сваю грамадзянскую пазіцыю і трапіў пад пераслед уладаў. У Аляксандра няма блізкіх сваякоў. Ён страціў маці і не мае бацькі, якія маглі бы яго падтрымаць у цяжкую гадзіну, − кажа актывіст Руху з Гарадку Леанід Гаравы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства