Апазыцыянэру не даюць давучыцца

2008 2008-11-06T14:43:56+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Васемнаццацігадовага актывіста Станіслава Сенакосава адлічылі з Магілёўскага прафэсійнага ліцэю № 2.

Актывіст цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася яго грамадзкая дзейнасьць. У адміністрацыі ліцэю сьцьвярджаюць, што хлопец груба парушыў дысцыпліну.

Станіслава Сенакосава неаднойчы затрымлівала магілёўская міліцыя падчас моладзевых акцыяў у горадзе. Ён зазначае, што пра яго грамадзкую дзейнасьць і затрыманьні адміністрацыя ліцэю ведала.

“Я зьвязваю сваё адлічэньне з тым, што займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Са мной размаўляла кіраўніцтва. Казалі, калі я не спыню гэтага, у мяне будуць праблемы з навучаньнем. Калі мне споўніцца васямнаццаць год, мяне адлічаць папросту. Тады я не надаў гэтаму вялікага значэньня. Вось мне нядаўна споўнілася васямнаццаць год, я прапусьціў адзін занятак, і ў сувязі з гэтым мне падпісалі загад аб адлічэньні. Там напісалі, што я парушыў унутраны расклад”.

Пасьля адлічэньня хлопец пайшоў вучыцца ў вячэрнюю школу, а потым мяркуе працаваць на заводзе. Грамадзкай дзейнасьці ён не зьбіраецца кідаць. Сам ён ацэньвае свае посьпехі ў навучаньні як сярэднія. У ліцэі яму заставалася вучыцца крыху болей за паўгода.

Кіраўніцтва ліцэю адмаўляе, што Сенакосава адлічылі за грамадзкую дзейнасьць. Яно цьвердзіць, што нагодай для адлічэньня сталася грубае парушэньне дысцыпліны: ён нібыта абразіў гардэробшчыцу.

“Мы яго ня выкінулі на вуліцу. Калі ласка, ёсьць цэнтар занятасьці, там вячэрняя школа. Затое ў нас цяпер ёсьць нейкі мэтад, рычаг, з дапамогай якога мы зможам іншым на гэтым прыкладзе паказаць: глядзіце, хлопцы, так рабіць нельга”, — паведамілі ў адміністрацыі ліцэю.

Выпадак са Станіславам Сенакосавым - трэці ў Магілёве. У верасьні зь дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова адлічылі рэгіянальную каардынатарку арганізацыйнага камітэту дзеля стварэньня аб’яднаньня “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацяну Шамбалаву ды маладафронтаўца Расьціслава Панкратава. Прычынай стала нібыта дрэнная вучоба. Самі ж яны цьвердзяць, што адлічылі іх за грамадзкую дзейнасьць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international