Алег Трусаў: ТБМ зрабіла амаль немагчымае

2008 2008-10-27T09:00:38+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

26 кастрычніка ў Мінску адбыўся Х з’езд Таварыства беларускай мовы. З вылучаных на яго 160 дэлегатаў было зарэгістравана 105. На з’ездзе былі падведзеныя вынікі працы за апошнія некалькі гадоў.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, выступаючы перад удзельнікамі і гасцямі з’езду, адзначыў плён працы Таварыства па адраджэнні нацыянальных здабыткаў беларусаў, дзе галоўным з’яўляецца захаванне, вывучэнне і папулярызацыя роднай мовы.

У прыватнасці, паводле слоў старшыні, “ТБМ зрабіла амаль немагчымае” – дабілася захавання абавязковага курса прафесійнай лексікі беларускай мовы ў ВНУ і выкладання гісторыі і геаграфіі ў рускамоўных школах, са згоды бацькоў, па-беларуску.

Алег Трусаў таксама акрэсліў ролю ТБМ ва ўдасканаленні некаторых палажэнняў нядаўна прынятага закона аб правапісе. Паводле старшыні Таварыства, папраўкі і прапановы да закона, унесеныя ў Палату прадстаўнікоў падчас падрыхтоўкі дакумента, былі ўлічаныя.

У ліку іншых дасягненняў ТБМ Алег Трусаў назваў падрыхтоўку і правядзенне Першай агульнанацыянальнай дыктоўкі, выпуск прылажэння “Літаратурная Беларусь” да газеты Мінскай абласной арганізацыі ТБМ “Новы час”, удзел у акцыі па захаванні бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Сярод першачарговых задач на бліжэйшы час старшыня ТБМ назваў працу, скіраваную на прыняцце парламентам такіх зменаў у закон аб мовах, “якія б стварылі ўмовы для рэальнага раўнапраўя беларускай мовы з рускай”.

Ганаровым госцем Х з’езду Таварыства беларускай мовы быў абраны былы кіраўнік Упраўлення аховы грамадскага парадку Мінстэрства ўнутраных спраў, былы старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пазней кіраўнік штаба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна  Мечыслаў Грыб,  як чалавек, які падчас свайго старшынства ў Вярхоўным савеце падпісаў у 1994 годзе новы варыянт Канстытуцыі, у якой сцвярджалася беларуская мова як адзіная дзяржаўная мова.

Вітаючы ўдзельнікаў з’езду, Мечыслаў Грыб у прыватнасці адзначыў складанасць умоў, у якіх даводзіцца дзейнічаць актывістам ТБМ, калі “дзяржава, мякка кажучы, не падтрымлівае распаўсюджанне беларускай мовы і культуры”. У гэтых умовах, адзначыў былы кіраўнік дзяржавы, праца сябраў і кіраўнікоў ТБМ, не проста высілкі, скіраваныя на адраджэнне мовы, а “штодзённая барацьба за незалежнасць краіны”.

У якасці гасцей з’езду сваё вітальнае слова і пэўную справаздачу па захаванні і папулярызацыі беларускай мовы мелі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, намесніца старшыні Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская, амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан. Удзельнікі з’езду таксама горача віталі заснавальніка ТБМ, яго першага старшыню, народнага паэта Ніла Гілевіча.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international