А.Мілінкевіч пойдзе ў Мінюст чацьвёрты раз

2008 2008-10-23T16:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Магілёве сёньня адбыўся чарговы ўстаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За свабоду”.

Яго прыхільнікі з усёй Беларусі зьбіраліся ўжо чацьвёрты раз, каб зацьвердзіць неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі дакумэнты. Тры папярэднія спробы зарэгістраваць рух у Міністэрстве юстыцыі былі няўдалымі.

Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што для руху важна быць зарэгістраваным і дзейнічаць легальна:

“Мы выбралі гэтую стратэгію й будзем рэгістравацца да таго моманту, пакуль яны ня зробяць усё паводле Канстытуцыі. Сытуацыя значна зьмянілася. Улада дэкляруе, што хоча супрацоўнічаць з Эўропай і дзейнічаць, таму я думаю, што такія рэгістрацыі, як нашага аб’яднаньня, гэта таксама выпрабавальны момант для іх. Ці сапраўды, ці толькі словы”.

На сходзе Аляксандар Мілінкевіч заклікаў эўрапеізаваць Беларусь. Паводле яго, альтэрнатывы дыялёгу з Эўропай у Беларусі няма. Калі ня будзе дыялёгу, то мы страцім краіну, зазначыў ён.

Закрануў Мілінкевіч і тэму крымінальнага перасьледу актывістаў апазыцыі:

“Тое, што ў краіне больш няма палітвязьняў, гэта мы вітаем. Гэты факт спрыяе зьмяншэньню страху ў грамадзтве. Аднак трэба не забывацца, што справа чатырнаццаці яшчэ не закрытая, а супраць васямнаццаці маладых актывістаў, якія цяпер за мяжой, распачатыя крымінальныя справы”, — зазначыў Аляксандар Мілінкевіч.

Рух “За свабоду” міністэрства юстыцыі не рэгістравала тройчы. Прычыны нерэгістрацыі ў ліпені ды кастрычніку 2007 году міністэрства заснавальнікам руху не патлумачыла. Сёлета ў красавіку прычыну назвалі. У міністэрства ўзьніклі прэтэнзіі да лягатыпу аб'яднаньня, а таксама да таго, што ў плятформе руху, апублікаванай на сайце Аляксандра Мілінкевіча, ёсьць пункты, якія не адпавядаюць статуту, пададзенаму для рэгістрацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international