З «Борисовских новостей» патрабуюць 15 тысяч долараў за маральную шкоду

2008 2008-10-23T12:42:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рэдакцыя газеты «Борисовские новости» атрымала зыск у суд ад рэдактаркі мясцовай газет­ы «Адзінства», заснавальнікам якой з’яўляецца Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт. Рэдактарка «Адзінства» Вера Пратасевіч палічыла, што ў артыкуле «Предвыборная стряпня или очередная ложь», надрукаваным у «Борисовских новостях», былі закранутыя яе гонар і годнасць.

У сваім зыску Вера Пратасевіч патрабуе спагнаць з аўтара артыкула Ігара Ледніка 10 мільёнаў рублёў, а з унітарнага прадпрыемства «Букас-медиа» – 20 мільёнаў рублёў.

Першая сустрэча ў судзе павінна адбыцца 3 лістапада ў 11 гадзін раніцы.

 

Як патлумачыў БАЖ заснавальнік­ і рэдактар газеты «Борисовские новости» Анатоль Букас, артыкул «Предвыборная стряпня или очередная ложь» з’явіўся ў адказ на публікацыю ў «Адзінстве» матэрыяла «Сценарий с денежными инъекциями, или на что расходуются гранты».

Артыкул з такой маляўнічай назвай быў падпісаны самой Верай Пратасевіч. У ім, у прыватнасці, гаварылася: «За какие заслуги и какие услуги эти средства (гранты – заўв.прэс-службы БАЖ) представляются “свободным” СМИ, думаю, понятно каждому, но задаю себе вопрос, насколько морально этим СМИ говорить о собственной “независимости” и полной самоокупаемости?»

У артыкуле імя Анатоля Букаса не згадваецца, але зразумела, што маецца на ўвазе менавіта ён – «рэдактар адной мясцовай незалежнай газеты».

«У 2004 годзе напярэдадні выбараў “Адзінства” на адным развароце надрукавала праграму кандыдата ў дэпутаты Анатоля Букаса і артыкул “Облико морале”, у якім распавядаецца пра рэдактара Анатоля Букаса, які нібыта набівае грашыма кішэні. Тады ў суд я не падаваў», — патлумачыў Анатоль Букас прэс-службе БАЖ.

Дарэчы, асоба Анатоля Букаса і выданне «Борисовские новости» выклікае павышаную цікавасць з боку журналістаў мясцовай раёнкі. Толькі ў бягучым годзе «Адзінства» надрукавала артыкулы пад назвамі «От чего независит независимая пресса», «Письмо-обращение к руководству газеты», «Где на самом деле коренится дьявол, или Опять двойка». Усе яны тычыліся незалежнага выдання, якое існуе на мясцовым медыярынку ўжо 16 год.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства