Заява Грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя журналістаў» аб становішчы са СМІ і свабодай выказвання ў Беларусі

2008 2008-10-22T12:07:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прынята праўленнем ГА «БАЖ» 21.10.2008

 

Сітуацыя ў сферы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі пагаршаецца, нягледзячы на дэкларацыі аб пачатку дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Захадам.

Улады працягваюць палітыку кантролю за інфармацыйнай прасторай і па-ранейшаму трымаюць манаполію на большасць грамадска-палітычных друкаваных і электронных СМІ, а таксама на сістэмы друку і распаўсюду. Дзяржаўныя СМІ страцілі свой грамадскі характар і ператварыліся ў інструмент прапаганды адной палітычнай групоўкі, пры тым атрымліваюць фінансаванне з боку дзяржаўнага і мясцовых бюджэтаў, памеры якога штогод узрастаюць.

Палітыка ў дачыненні да непадкантрольных СМІ застаецца жорсткай, нягледзячы на пэўныя зрухі. Яна абапіраецца, перадусім, на выключэнне незалежных СМІ з легальнай інфармацыйнай прасторы, у асноўным шляхам эканамічнай дыскрымінацыі і абмежавання доступу журналістаў да крыніц інфармацыі.

Вялікую заклапочанасць выклікае практыка прымянення заканадаўства, датычнага свабоды выказвання, - у прыватнасці, Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

ГА «БАЖ» заяўляе: ніякі сапраўдны дыялог ні ўнутры Беларусі, ні на міжнародным узроўні немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання ў краіне і рэальнага паляпшэння сітуацыі з беларускімі сродкамі масавай інфармацыі.

Крытэрыямі паляпшэння сітуацыі ў галіне свабоды выказвання з’яўляюцца:

1. Забеспячэнне роўных эканамічных умоваў для СМІ розных форм уласнасці, у першую чаргу:

• скасаванне забароны на распаўсюд недзяржаўнай грамадска-палітычнай прэсы праз сістэму прадпрыемстваў «Саюздруку» і вяртанне недзяржаўных газет у падпісныя каталогі «Белпошты»;

• вяртанне газет «Народная воля», «Товарищ» і «Витебский курьер-М» у беларускія друкарні.

2. Забеспячэнне рэальнага доступу да інфармацыі, а менавіта:

• адмена артыкулаў Закона «Аб дзяржаўнай службе», а таксама палажэнняў ведамасных падзаконных актаў, якія абмяжоўваюць журналістаў у праве на доступ да інфармацыі пра дзейнасць органаў улады;

• гарантаванне свабоды акрэдытацыі карэспандэнтаў і адкрыцця афіцыйных прадстаўніцтваў замежных СМІ ў Беларусі, а таксама ўвядзенне заявачнага прынцыпу акрэдытацыі;

• недапушчэнне выпадкаў адмовы дзяржаўных службоўцаў прадастаўляць інфармацыю журналістам.

3. Прывядзенне беларускага заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі прававымі нормамі, а менавіта:

• прывядзенне ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» і практыкі прымянення Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»;

• адмена альбо мараторый на прымяненне пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу, а менавіта артыкула 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублік­і Беларусь», артыкула 368 «Знявага ў дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», артыкула 369 «Знявага прадстаўніка ўлады», артыкула 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і артыкула 193–1, які тычыцца дзейнасці ад імя незарэгістраваных арганізацый, а ў далейшым — поўная дэкрыміналізацыя дыфамацыі.

На думку ГА «БАЖ», гэтыя крокі паспрыяюць паляпшэнню сітуацыі са свабодай выказвання і развіццю незалежных медыя ў Беларусі як неабходных умоваў развіцця дэмакратычнай краіны і забеспячэння паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international