Пракуратура Менску не адказвае сваякам Зьмітра Завадзкага

2005 2005-07-01T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па звестках Радыё Свабоды, явядомы адвакат і праваабаронца Гары Паганяйла накіраваў у гарадзкую пракуратуру Менску запыт пра дзеяньні сьледчых у справе пра зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Паводле апошніх зьвестак з пракуратуры, справа гэтая адноўленая, аднак адвакат сумняваецца ў сапраўднасьці сьледзтва, якое цягнецца амаль пяць гадоў.

Ад імя сваякоў зьніклага журналіста Гары Паганяйла хадайнічаў наконт праверкі вэрсіі, паводле якой цела Зьмітра Завадзкага маглі знайсьці пад райцэнтрам Крупкі і ў ліку іншых нераспазнаных целаў пахаваць на мясцовых могілках. Гісторыя з гэтымі целамі, знойдзенымі ў Крупках, якая ўсплыла летась, падалася адвакату вартай увагі, паколькі з гэтага райцэнтру паходзіў былы спэцназавец Валер Ігнатовіч — галоўны асуджаны ў справе Завадзкага. Сьведкі бачылі Ігнатовіча ў Крупках прыблізна ў той час, да якога адносяць сьмерці нераспазнаных людзей. Сваё хадайніцтва ў пракуратуру адвакат накіраваў яшчэ ў сакавіку, але дагэтуль не атрымаў на яго адказу. Тое, што тры месяцы сьледзтва маўчыць адносна крупскай вэрсіі, Гары Паганяйла называе відавочным парушэньнем закону. Адвакат згадвае, што гэтак сама сьледчыя дзейнічалі і цягам амаль пяці гадоў папярэдняга сьледзтва ў справе Завадзкага.

Паводле ранейшых зьвестак з Пракуратуры рэспублікі, сьледчыя ў справе Завадзкага нядаўна праводзілі сьледчыя дзеяньні за мяжой. У якой краіне яны пабывалі, у пракуратуры ня кажуць. Між тым, сваякі Завадзкага і іх прадстаўнік Гары Паганяйла мяркуюць, што гаворка ішла пра Ізраіль, дзе знайшлі золата, нарабаванае групоўкай Валера Ігнатовіча. Але Гары Паганяйла ня бачыць дакладнай сувязі гэтых дзеяньняў з пошукамі Зьмітра Завадзкага.

Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік пры нявысьветленых абставінах у ліпені 2000 году. За ягонае выкраданьне былі асуджаныя былыя міліцыянты Валер Ігнатовіч з суўдзельнікамі, але суд гэтак і ня высьветліў далейшага лёсу журналіста і тое, хто замовіў ягонае выкраданьне. Сваякі Завадзкага і апазыцыя ў Беларусі лічаць, што да гэтай справы мае дачыненьне вышэйшае кіраўніцтва краіны, і таму расьсьледаваньне штучна замаруджваюць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international