Два менскія студэнты стварылі электронную энцыкляпэдыю Беларусі

2008 2008-10-11T16:39:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Студэнт БДУ Аляксей Кульбіцкі ды студэнт Радыётэхнічнага ўнівэрсытэту Мікалай Дзятлаў сканчаюць працу над унікальнай электроннай энцыкляпэдыяй па гісторыі ды культуры Беларусі. Праграма, якая называецца “Спадчына”, ня мае на сёньняшні дзень аналягаў у Беларусі. Ды й, бадай, далёка ня кожная краіна сьвету можа пахваліцца такім электронным даведнікам. А пачалі працу над праграмай Аляксей ды Мікалай яшчэ два гады таму, калі сканчалі школу. Пра ўнікальную праграму “Спадчына” сёньня распавядаюць самі аўтары – Аляксей Кульбіцкі ды Мікалай Дзятлаў.

Аляксей, распавядзіце, калі ласка, у чым сэнс створанай вамі праграмы “Спадчына”, што яна зьмяшчае?

А. Кульбіцкі: “Спадчына” – гэта электронны даведнік па гісторыі ды культуры Беларусі. Праграма складаецца з разьдзелаў “Інфармацыя”, “Экскурсыі”, “Выявы”, “Вайсковая справа”, “Літаратура” ды іншых. Тут можна знайсьці сьціслы курс па гісторыі Беларусі, мапы нашай краіны ад часоў Полацкага Княства да сучаснасьці, шмат экскурсій, якія распрацаваныя намі, каб заахвоціць беларусаў і замежнікаў вандраваць па нашай краіне, аглядаць нашыя помнікі архітэктуры. Апроч таго, тут ёсьць аб’ёмныя 3D-мадэлі помнікаў архітэктуры. Гэта зроблена для таго, каб чалавек, які не бываў, скажам, у Мірскім замку, змог, седзячы за кампутарам, паглядзець яго з усіх бакоў на сваім маніторы. Спадзяюся, гэта натхніць многіх на вандроўкі!

Мікалай, наколькі тэхнічна складана было стварыць такую цікавую праграму?

М. Дзятлаў: Ведаеце, даволі складана, бо тут ужытыя ўсе сучасныя кампутарныя тэхналёгіі. Па сканчэньні працы мы плянуем выдаць праграму на дысках. Чаму на дысках? Бо гэта зручней за сайт. На сайце будуць паменшаныя здымкі, туды ня выкладзеш вялікае відэа, гукавыя файлы. Ня ўсе маюць хуткасны інтэрнэт, таму гэта проста бессэнсоўна. А праграма займае каля 700 мэгабайтаў, таму дыск – самы зручны варыянт.

Адкуль у вашым юным веку такія тэхнічныя веды?

М. Дзятлаў: Мы, як падказвае Аляксей, разьвіваліся разам з праграмай. Напачатку, як я зараз магу сказаць, зусім нічога ня ведалі. Але калі ўзьнікалі нейкія цяжкасьці, мы спрабавалі іх вырашыць, вучыліся, дасканаліліся, каб зрабіць гэтую праграму больш прыладнай для працы. І магу сказаць, што ў нас атрымалася зрабіць добры інтэрфэйс, які будзе зразумелы нават нявопытнаму карыстальніку. У часе працы нам давялося засвоіць шмат новага: праграмы Flash, 3d-max, мовы праграмаваньня…

Але як так атрымалася, што вы, Мікалай – чалавек тэхнічнага складу – зацікавіліся працай над праграмай гістарычнага й культурнага пляну?

М. Дзятлаў: Насамрэч, я больш гуманітарны, чым тэхнічны чалавек. Проста, калі я рабіў гэтую праграму, дык усе навокал сталі думаць, што я такі сабе тэхнічны майстар. Не! Я пішу артыкулы, вершы й гэтак далей. Проста ў часе стварэньня праграмы давялося стаць тэхнічна граматным чалавекам.

Аляксей, ствараць гэтую праграму вы пачалі яшчэ ў школе. Што сталася штуршком?

А. Кульбіцкі: Усё пачалося з таго, што недзе клясе ў 10-й мы зь Мікалаем пачалі цікавіцца гісторыяй. Гэтаму спрыялі цікавыя школьныя ўрокі, а таксама нашыя супольныя вандроўкі па гістарычных мясьцінах Беларусі. Вандруючы, мы зразумелі, што такога вось электроннага даведніка папросту няма. А здорава было б яго мець! Вось мы нясьціпла й вырашылі запоўніць гэты прагал.

Аляксей, наколькі я разумею, ствараючы гэтую праграму ў школе, вы перасьледавалі яшчэ й мэту безь іспытаў паступіць ва ўнівэрсытэт. І гэта ў вас тады не атрымалася?..

А. Кульбіцкі: Напраўду, узьніклі пэўныя перашкоды. Мы хацелі падаць праграму на ўсебеларускія алімпіяды па гісторыі ды праграмаваньні. І калі б мы здабылі якое прызавое месца, дык безь іспытаў паступілі б ва ўнівэрсытэты. Але нашае месца было толькі трэцім, першую прэмію здабыла нейкая дзяўчына зь «ідэалягічна правільным» праектам пра «Лінію Сталіна»… А мы зь Мікалаем усё адно самастойна паступілі ў ВНУ.

Мікалай, у часе стварэньня праграмы ці быў у вас нейкі ўзор? Ці маюць нашыя суседзі падобныя электронныя даведнікі?

М. Дзятлаў: Шчыра скажу – ня чуў, каб нашыя суседзі мелі такія праграмы. Ведаю дакладна, што ў Беларусі мы першыя стварылі такую электронную энцыкляпэдыю. І, што прыемна, за намі пацягнуліся іншыя – сталі зьяўляцца іншыя праграмы, якія разьвіваюць розныя часткі нашай. Мы ж пастараліся ахапіць усё – і зразумела, што немагчыма ахапіць усё дасканала й глыбінна. Скажам, мы стварылі некалькі аб'ёмных макетаў помнікаў архітэктуры. А вось нядаўна прайшоў конкурс, дзе перамог макет Мірскага замку. Прыемна, што людзі зацікавіліся гэтай справай!..

А вы, Аляксей, што новага адкрылі й здабылі ў часе стварэньня праграмы?

А. Кульбіцкі: У часе працы я, можна сказаць, абраў сваю будучую прафэсію. Бо калі раней я вагаўся між некалькімі варыянтамі, дык тут пэўна вызначыўся, што хачу займацца кампутарным дызайнам ды графікай.

Аляксей, ці быў у вас нейкі дарадца ў часе стварэньня «Спадчыны»?

А. Кульбіцкі: У тэхнічным пляне нашымі рэцэнзэнтамі й дарадцамі былі нашыя школьныя настаўнікі, а таксама кнігі, якія можна набыць у любой кнігарні. У гістарычным пляне зноў жа дапамагалі настаўнікі, а таксама наш знаны пісьменьнік-гісторык Уладзімер Арлоў.

І як ацаніў спадар Арлоў вашую працу?

А. Кульбіцкі: Спадар Уладзімер ацаніў нашую працу вельмі высока! Ён напісаў вельмі пахвальную рэцэнзію…

Аляксей, калі чакаць выхаду праграмы ў тыраж?

А. Кульбіцкі: Думаю, што мы зробім такі падарунак беларусам да Новага году!

Нашымі гасьцямі сёньня былі менскія студэнты Аляксей Кульбіцкі ды Мікалай Дзятлаў, якія стварылі электронную энцыкляпэдыю па гісторыі Беларусі “Спадчына”, якая дагэтуль ня мела аналягаў у Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international