Міліцыя затрымала актывіста "Вясны" з кампутарам
30.06.2005.
Па звестках Радыё Свабоды, 29 чэрвеня каля 20-й гадзіны вечара ў Калінкавічах міліцыя затрымала актывіста праваабарончага цэнтру “Вясна” з Мазыра Уладзімера Целепуна.Актывіст быў затрыманы ў хуткім часе пасьля таго, як намесьнік старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімер Кацора перадаў яму адрамантаваны прыватны кампутар.
Міліцыянты патлумачылі затрыманьне тым, што нібыта недзе ў нейкай невядомай арганізацыі быў скрадзены гэты кампутар. Сьледчы міліцыі Сурма і міліцэйскі экспэрт Валяк аднак, затрымаўшы праваабаронца, ня столькі спрабавалі ідэнтыфікаваць кампутар Уладзімера Целепуна, а колькі правяралі зьмест яго прыватных файлаў.
У гэты ж вечар у Калінкавічах пяцёра афіцэраў міліцыі, якіх узначальваў маёр Таран, уварваліся ў прыватную кватэру на вуліцы Князева, 9. Тут ладзіўся сход па абраньні дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў. Міліцыянты спрабавалі сарваць выбарчы сход.
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











