Будынак прададзены з жыхарамі

2008 2008-10-14T17:14:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Яшчэ вясной гарадзенскія ўлады прадалі з аўкцыёну будынак па вул. Калючынская 23. Будынак павінен быць у хуткім часе зруйнаваны, аднак яго жыхары не маюць нават самай прыблізнай інфармацыі аб тым, куды і калі іх павінны перасяліць.

Гарадзенскія ўлады спрабавалі «сплавіць» будынак па Калючынскай 23 ужо шмат гадоў. Пісаліся артыкулы аб тым, што будынак знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане і што ён не гарманіруе з агульным выглядам прыгожай «абноўленай» Савецкай плошчы. Ішоў час, жыць у будынку станавілася ўсё горш, а ўлады, замест таго, каб рамантаваць будынак, вялі інфармацыйную вайну супраць яго, натуральна, з мэтай падрыхтаваць глебу для чарговага руйнавання.

Адзінай канторай, якая тэарэтычна магла будынак выкупіць – з’яўляецца Беларускі «народны» пенсійны фонд, які вось ужо два з паловай гады беспаспяхова змагаецца з т.зв. Домам Мураўёва на Савецкай плошчы. Час ідзе, ніякіх зменаў у стане гэтага будучага шматзоркавага гатэля не відно, толькі пару разоў ужо мянялі занавеску з выявай быццам адрэстаўраванага Дома Мураўёва.

Дык вось, пенсійнаму фонду дом па Калючынскай 23 не патрэбен. Яму патрэбна пляцоўка для транспарту будучага гатэля. Пару разоў гарвыканкам арганізаваў спецыяльна пад Пенсійны фонд аўкцыёны, але апошні дом купляць адмаўляўся з увагі на высокі яго кошт (каля 2 млрд. рублёў будзе каштаваць перасяленне з дома людзей).

Ну але як трэба, то трэба. Пенсійны фонд, у рэшце рэшт, - толькі фармальна акцыянернае таварыства, а насамрэч самая што ні ёсць сапраўдная дзяржаўная ўстанова. Таму дзе трэба - прыціснулі гарадскія ўлады па сваіх каналах у Менску і, адным словам, дамовіліся. Вясной дом такі прадалі пенсійнаму фонду разам з жыхарамі.

Час ідзе, жыхарам паабяцалі перасяліць іх у новы дом, які быццам будуе менская фірма «Спецпрадмаш». Аднак у якой стадыі будаўніцтва дома і нават у якім раёне горада знаходзіцца іх будучае жытло, жыхары шматпакутнай Калючынскай 23 нават не ведаюць. Ды і пытанне, ці ёсць гэты дом? Але нават калі і ёсць, то кіраўніцтва пенсійнага фонду ў любым выпадку нічога не згубіла ад такой нявыгаднай пакупкі.

Справа ў тым, што старшыня назіральнага савета пенсійнага фонду Ігар Анатольевіч Кавалёў адначасова з’яўляецца… правільна – дырэктарам фірмы «Спецпрадмаш». Такім чынам грошыкі перакачваюцца з кішэні ў кішэню тых самых людзей. За нашы пенсійныя ўзносы купілі дом, яго зруйнавалі, пасля пабудавалі новы дом (таксама за нашы ўзносы) і пасялілі туды жыхароў дома па Калючынскай 23. Усе ў канчатковым выпадку будуць задаволеныя. Новы гатэль атрымае паркінг, жыхары новыя кватэры. А тое, што пара-тройка дзяржаўных мільярдаў, пакруціўшыся ў паветры, знікне ў чыіхсці кішэнях, мала каго турбуе. Грошы не свае. А так бог з імі, з гэтымі 50-тысячамі пенсійных узносаў, хай бяруць.

Асобна стаіць пытанне аб тым, што ў выпадку зносу гэтага дома Горадня страціць яшчэ адзін цікавы помнік архітэктуры. Пабудаваны пасля пажару 1885 г. дом па Калючынскай 23 быў адным з найбольшых будынкаў нашага горада. У ім размяшчаліся розныя навучальныя ўстановы. Галоўнае – гэты дом быў адным з галоўных будынкаў, што ўтваралі пачатак вуліцы Калючынскай, што цягнулася ад Савецкай плошчы. Цэнтральная частка вуліцы яшчэ ў 1960-я гг. была перакрыта кінатэатрам «Гродна», а прылягаючая да Савецкай плошчы частка руйнавалася цягам 1960-80-х. Рэшткі аднаго з дамоў былі доўга бачныя на павароце ад вул. Кірава каля турмы. Аднак нядаўна і іх знеслі. Зараз, замест таго, каб аднаўляць страчаны кавалак вуліцы Калючынскай, улады плануюць зруйнаваць апошні дом на гэтым адрэзку і стварыць чарговае пустое месца – стаянку для машын.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international