Афіцыйная прэса апублікавала сьпісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

2008 2008-10-03T18:49:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Тры дыскі з запісам варшаўскага канцэрта 2006 г. «Салідарныя з Беларуссю», 6 дыскаў з запісам польскага дакументальнага фільма «Lekcja Bialoruskiego» («Урок беларускай мовы») і 7 дыскаў з загадкавай назвай «MEGAUS MEG 16753» прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. Паведамленне пра гэта надрукавала 2 кастрычніка газета «¬Звязда». Паводле выдання, рашэнне аб прызнанні згаданых дыскаў экстрэмісцкімі прымаў суд Кастрычніцкага раёна Гродна, і яно ўжо ўступіла ў законную сілу з 16 верасня 2008 года.

Паведамленне апублікав­анае ў выглядзе табліцы з раздзеламі «Від інфармацыйнай прадукцыі», «Назва, аўтар, вытворца інфармацыйнай прадукцыі», а таксама «Назва суда, які вынес рашэнне, і дата ўступлення ў сілу рашэння суда».

крамя вышэйзгаданых дыскаў, у спісе пакуль нічога няма. Аднак выглядае на тое, што ён будзе дапаўняцца.

Нумар газеты «Свабода» за 14–27.08.2008 у спісе не фігуруе, таму што судовае рашэнне аб прызнанні яго экстрэмісцкім, па інфармацыі БАЖ, яшчэ абскарджваецца.

Паводле арт. 14 ­Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», копія судовага рашэння аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкай накіроўваецца ў Міністэрства інфармацыі для «ўключэння такой інфармацыйнай прадукцыі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які падлягае апублікаванню ў СМІ». Паводле гэтага ж артыкулу, змест інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у такі спіс, не разгалошваецца.

Затое імёны людзей, у якіх вымалі гэтую прадукцыю, трымаць у сакрэце законатворцы не лічаць патрэбным — іх адкрыта публікуюць у рэспубліканскіх газетах, нягледзячы на тое, што ніякіх абвінавачванняў на іх адрас не вылучалася. Напрыклад, у згаданай абвестцы ў «Звяздзе» фігуруе імя Аляксандра Буракова.

Як высветлілася, сп. Буракоў — незалежны журналіст з Магілёва, сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Ён распавёў прэс-службе БАЖ, што даведаўся пра суд і сваю спрычыненасць да «экстрэмісцкіх матэрыялаў» толькі сёння, калі яму патэлефанавалі калегі.

Паводле С. Буракова, у першай палове чэрвеня, калі ён вяртаўся з Варшавы ў Беларусь, польскія калегі папрасілі яго перадаць сябрам шэраг дыскаў — у тым ліку з дакументальным фільмам «Lekcja Bialoruskiego», запісам канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» і з фотаздымкамі з Кастрычніцкай плошчы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. (Відавочна, тымі самымі, што фігіруюць у спісе як «MEGAUS MEG 16753»).

Усе дыскі забралі «на экспертызу» беларускія мытнікі. Быў складзены пратакол вынятку. У жніўні з гродзенскай мытні Аляксандр Буракоў атрымаў паперу, што частку дыскаў можна забраць, аднак з Магілёва ў Гродна журналіст па іх не паехаў. Ніякай позвы ў суд ён не атрымліваў.

«Я думаў, што гэта «мыльная бурбалка». Цяпер не ведаю, што рабіць», — зазначыў у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ» Аляксандр Буракоў.

Юрысты БАЖ не выключаюць, што судовае рашэнне па гэтай справе яшчэ можна абскардзіць. Зараз гэтае пытанне вывучаецца.   

«З такой шырокай трактоўкай паняцця „экстрэмісцкія матэрыялы“, якую дэманструюць нашы сілавыя органы і суды, можна знішчаць большасць прыватных бібліятэк, фота- і відэатэк, бо экстрэмісцкая прадукцыя падлягае знішчэнню», — так каментуе апошнія падзеі намеснік старшыні ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец. Ён не выключае, што ў будучым такія судовыя рашэнні могуць скончыцца прыцягненнем людзей да адказнасці па артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Нагадаем: 9 верасня суд Іўеўскага раёна (Гродзенская вобласць) прызнаў жнівеньскі нумар незарэгістраванага выдання «Свабода» (№ 127 за 14–27.08.2008) экстрэміcцкім і пастанавіў знішчыць 5 тысяч асобнікаў гэтага выпуску. Грамадзянская справа была ўзбуджана на падставе заявы, якую падпісаў 4 верасня начальнік Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці Ігар Сяргеенка. УКДБ падалася падазронай публікацыя «Вайна ў Грузіі», змешчаная ў нумары выдання.

Той жа І. Сяргеенка ініцыяваў грамадзянскі працэс у г. Гродна  аб прызнанні экстрэмісцкімі шэрагу іншых матэрыялаў, якія беларускія мытнікі вымалі ў грамадзян на працягу апошніх трох гадоў: асобнік газеты беларускіх палякаў «Glos znad Niemna na uchodzstwie», выданне «Агляд-хроніка парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2004 годзе», аўдыёзапіс праграм польскага радыё, «Асновы стратэгіі АДС» і «Праект рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сіл», бюлетэнь «Свабодная думка», кнігі «Лісты з лесу» (аўтар — Павел Севярынец) і «Выпадковы прэзідэнт» (аўтары — журналісты Святлана Калінкіна і Павел Шарамет) і іншыя матэрыялы. Слуханні па справе пачнуцца ў Кастрычніцкім раённым судзе ў гэтым месяцы.

Нагадаем, што закон РБ «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» дзейнічае з пачатку 2007 года. Паводле арт. 1 закона, пад паняцце экстрэмізму падпадае не толькі дзейнасць, накіраваная на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу альбо захоп улады неканстытуцыйным шляхам, але і распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, сацыяльнай варожасці, прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, арганізацыя і ажыццяўленне масавых беспарадкаў і г.д. Экстрэмісцкія матэрыялы — гэта інфармацыйная прадукцыя, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе яе, прызначаная для распаўсюду і прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі па рашэнні суда.

 

Небяспечны прэцэдэнт створаны: суд прызнаў нумар газеты «Свабода» экстрэмісцкім матэрыялам і пастанавіў яго знішчыць

А. Бастунец: «З такімі падыходамі можна цягнуць у суд ледзь не палову краіны…»

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international