Прадпрымальнікі будуць бараніць сябе

2008 2008-10-02T17:59:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У Беларусі страйкам паспрабавалі адзначыць малыя бізнесоўцы "Дзень прадпрымальніка" 2 кастрычніка. Акцыя прадпрымальнікаў асаблівага попеху не мела.

 

Акцыя прадпрымальнікаў 2 кастрычніка не мела асаблівага попеху, але стала пунктам адліку ў падрыхтоўцы да снежаньскіх акцый пратэсту прадпрымальнікаў, якія з 2009 году могуць знікнуць як клас.

 

Яшчэ год таму, падчас першых акцый пратэсту супраць указа прэзідэнта номер 760, які забараніў індывідуальным прадпрымальнікам выкарыстоўваць працу наймітаў, дробныя бізнэсоўцы вырашылі штогод 2 кастрычніка адзначаць сваё прафесійнае свята.

 

Страйк быў нядоўгім

 

Роўна год таму на знак пратэсту страйкавалі буйныя рынкі ў Мінску ды іншых гарадах Беларусі, аналагічная спроба была здзейснена і гэтым разам. Зранку ў чацвер не працавала пэўная колькасць іпэшнікаў на найбуйнейшым сталічным рынку "Ждановічы", але страйк доўжыўся нядоўга.

 

Як паведаміў лідэр мінскіх прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, адміністрацыя рынку запалохала, што будуць адымацца ліцэнзіі. "Мы ж казалі, што ў нас сёння прафесійнае свята, мы вырашаем свае праблемы, бо пасля новага году нас можа тут і не быць".

 

Па словах Алеся Макаева, пасля таго, як да прадпрымальнікаў пачалі падыходзіць невядомыя ў цывільным, бізнэсоўцы пакуль вырашылі аднавіць працу і вярнуліся на свае гандлёвыя месцы.

 

А гэтым часам адбылося паседжанне кіраўніцтва руху "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва", якое вырашыла правесці 10 снежня ў цэнтры Мінску акцыю пратэсту.

 

Як адзначыў лідэр руху Віктар Гарбачоў, у краіне дагэтуль адсутнічае закон аб малым і сярэднім прадпрымальніцтве. "Мы па-ранейшаму жывем на дэкрэтах, пастановах і указах. Мы не просім, а патрабуем жыць па законе ў гэтай краіне. І патрабуем, каб гэты закон быў прыняты да 10 снежня. Мы 10 снежня, у Дзень абароны правоў чалавека, на Плошчы Каліноўскага адзначым і гадавіну прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і гадавіну нашага паходу на парламент у 2007 годзе".

 

Па словах Віктара Габрачова, з 2009 году 120 тысяч прадпрымальнікаў, згодна 760-га ўказа, спыняюць аплату адзінага падатку. "То бок, з 1 студзеня яны застаюцца беспрацоўнымі, і, адпаведна, мы заяўляем, што мы не пакінем гэтае пытанне проста так і праз акцыі ажно да выхаду на плошчу будзем рабіць усё, каб прадпрымальнікі і надалей працягвалі працаваць".

 

Клас, асуджаны на выміранне

 

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, заганнай ёсць сітуацыя, калі ў парламенце няма дэпутатаў, якія б маглі артыкуляваць праблемы прадпрымальнікаў.

 

"Зараз ёсць ужо вялікае эканамічнае лобі, і гэтыя дробныя прадпрымальнікі проста блытаюцца пад нагамі, перашкаджаюць больш буйному капіталу ў гандлёвай сферы. Зараз ідуць сеткавы гандаль, гіпермаркеты, і гэтая зачыстка эканамічнага абсягу ад слою дробных прадпрымальнікаў будзе працягвацца. І як гэта не сумна, але як клас, яны, магчыма, ужо асуджаны на выміранне".

 

На пачатку гэтага году выступленні прадпрымальнікаў скончыліся для многіх з іх і для тых людзей, што на вуліцах падтрымалі малых бізнесоўцаў, даволі плачэўна – дастаткова згадаць "Працэс чатырнаццаці", фігуранты якога панеслі пакаранне ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам.

 

На думку Аляксандра Класкоўскага, "магчыма, улады зараз не будуць брутальна разганяць гэтыя мітынгі, а паспрабуюць знайсці нейкі кампраміс, таму што дыялог з Еўропай нават пасля такіх выбараў не згарнуўся, Еўропа ўжо дала сігнал, што хоча працягваць пошук шляхоў да нармалізацыі стасункаў, і я думаю, што ўлады таксама не зацікаўлены надта брутальна душыць гэтыя выступы прадпрымальнікаў".

 

Нагадаю, што на снежань таксама запланаваны і "Марш прадпрымальнікаў", падрыхтоўку да якога пачало Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне "Перспектыва".

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international