Тэма свабоды СМІ ў Беларусі зноў гучала ў Варшаве

2008 2008-10-03T10:19:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bastunec.jpg
Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

Абарона правоў журналістаў стала адной з тэмаў нарады АБСЕ па чалавечым вымярэнні, што адкрылася ў Варшаве 29 верасня. Удзел у канферэнцыі бярэ прадстаўнік гэтай арганізацыі па свабодзе СМІ Міклаш Харашці. Ад ГА «БАЖ» на на­раду быў запрошаны намеснік старшыні арганізацыі Андрэй Бастунец. Гвалт над журналістамі, неабароненасць журналісцкіх расследаванняў і, у прыватнасці, пр­ава журналіста не раскрываць сваіх крыніц, а таксама іншыя аспекты журналісцкай бяспекі сталі тэмамі секцыі «Свабода выказвання меркаванняў, свабодныя СМІ і свабода інфармацыі».

Адкрываючы пасяджэнне, Міклаш Харашці канстатаваў дэградацыю адказнасці сябраў АБСЕ ў сферы чалавечага вымярэння. У якасці прыкладу ён найперш згадаў канфлікт паміж двума сябрамі АБСЕ – Расіяй і Грузіяй, які прывёў да гібелі соцень і выгнання тысяч людзей. Ён нагадаў, што ў часе канфлікту загінулі і былі параненыя і некалькі журналістаў.

Выступаючы на нарадзе, Андрэй Бастунец засяродзіўся найперш на заканадаўчых «пастках» для беларускага журналіста. У прыватнасці, ён распавёў пра новыя выпадкі прымянення закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», які ўступіў у сілу з 2007 года. Маюцца на ўвазе некалькі спраў, заведзеных напярэдадні выбараў Гродзенскім упраўленнем КДБ аб прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі. А. Бастунец звярнуў увагу на тое, што ў лік такіх матэрыялаў трапіла нават справаздача аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што пакуль гаворка вядзецца толькі пра прызнанне матэрыяла­ў экстрэмісцкімі, юрыст выказаў перасцярогу, што ў далейшым справа можа дайсці і да пераследу іх аўтараў і выдаўцоў.

 

Па словах А. Бастунца, беларускае заканадаўства ў сферы свабоды выказвання, і без таго неапраўдана жорсткае, з цягам часу робіцца ўсё больш рэпрэсіўным. Ён пералічыў 6 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць крымінальнае пакаранне за паклёп і знявагу, а таксама згадаў дададзены ў 2006 годзе артыкул «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». Да шэрагу патэнцыйна небяспечных юрыст далучыў таксама новы закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які пасля ўступлення яго ў сілу ў 2009 годзе можа яшчэ больш абмежаваць свабоду СМІ ў Беларусі.

Пры канцы выступлення А.Бастунец нагадаў удзельнікам нарады пра ініцыятыву, якая нарадзілася ў Варшаве з чэрвені г.г. на канферэнцыі «Дэмакратызацыя СМІ ў Беларусі» – стварыць Еўрапейскую Раду па маніторынгу сітуацыі са СМІ ў Беларусі, якая мае спрыяць выкананню права на свабоду выказвання і развіццю свабодных медыяў у Беларусі.

Канферэнцыя будзе доўжыцца да 10 кастрычніка. Нарады АБСЕ па чалавечым вымярэнні праводзяцца штогод пачынаючы з 1998 г. з удзелам прадстаўнікоў урадаў дзяржаў-удзельніц АБСЕ, грамадзянскай супольнасці, інстытутаў і місій АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international