Назіральнікі ў Светлагорску: выбары нельга лічыць дэмакратычнымі

2008 2008-10-01T10:28:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мясцовыя незалежныя назіральнікі зрабілі выснову, што ў Светлагорскай выбарчай акрузе выбары ў Палату прадстаўнікоў не былі свабоднымі і дэмакратычнымі. Ва ўчастковых выбарчых камісіях не было прадстаўнікоў розных палітычных сіл, а назіральнікі не мелі магчымасці сачыць за падлікам галасоў. Выяўлены таксама істотныя парушэнні выбарчага заканадаўства. Усё гэта, на меркаванне назіральнікаў, не дае падставу давяраць абвешчаным вынікам галасавання.

У Светлагорскай выбарчай акрузе з 28 вылучаных прадстаўнікоў дэмакратычных сіл улады не ўключылі ва ўчастковыя камісіі ніводнага чалавека. Назіральнікі гавораць таксама аб няроўных умовах для кандыдатаў.

“Напрыклад, падчас агітацыі плакаты дэмакратычнага кандыдата Сяргея Дайнекі увесь час знішчаліся там, дзе яны былі размешчаны – у прыватнасці, на стэндах каля завадскіх прахадных. І, наадварот, плакаты кандыдата ад улады Валянціны Кавалёвай былі размешчаны ва ўсіх зручных месцах” – адзначае Вадзім Болбас, назіральнік ад групы грамадзян у Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі.

Назіральнікі прыводзяць факты характэрных парушэнняў Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На Скарынаўскім выбарчым участку скрыня для датэрміновага галасавання захоўвалася не ў апячатаным памяшканні. На Мядкоўскім участку выбарчая камісія вазіла па вёсках бюлетэні і скрыні для галасавання, хоць гэта можна рабіць толькі для выбаршчыкаў, якія падалі заявы з просьбай аб галасаванні на даму.

“Пры падліку бюлетэняў на выбарчым участку, дзе старшынём камісіі з’яўляецца дырэктар гімназіі Пётр Кулакоўскі, бюлетэні з асноўных скрыняў для галасавання былі змешаны з бюлетэнямі датэрміновага галасавання, – гаворыць В. Болбас. – Аднак Выбарчы кодэкс прадугледжвае, што падлік павінен праводзіцца асобна, каб не было фальсіфікацыі падчас датэрміновага галасавання. Пры змешаным падліку бюлетэняў нельга давяраць вынікам.”

Для таго, каб выбары праходзілі справядліва, неабходна ўнесці змяненні ў Выбарчы кодэкс, лічыць В. Болбас. На меркаванне назіральніка, важна, каб у Кодэксу было указана: выбарчыя камісіі павінны стварацца на парытэтнай аснове з прадстаўнікоў розных палітычных сіл, а назіральнікі павінны мець магчымасць сачыць за падлікам галасоў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international